Заснавальніку "Дзеі" Кіму Самусенку і ягонаму брату прад'явілі абвінавачванні
Праваабаронцам "Вясны" стала вядома, што заснавальніку і сябру рады грамадскага руху “Дзея” Кіма Самусенку і ягонаму брату Аляксею Следчы камітэт прад'явіў абвінавачванні па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса – дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак, у Мінску з 9 жніўня. Акрамя гэтага, Кім з'яўляецца абвінавачаным па ч. 2 арт. 349 КК – доступ да кампутарнай інфармацыі, учынены групай асоб па папярэдняй змове, за нібыта ўзлом кампутарнай сістэмы Мінгарвыканкама. Абодва браты цяпер знаходзяцца пад вартай у СІЗА №1 у Мінску.
Нагадаем, сябру рады грамадскага руху “Дзея” Кіма Самусенку затрымалі 3 лістапада дома пасля вобшукаў у яго дома і доме ягонай маці. Пасля жорсткага вобшука, які суправаджаўся стрэламі ў доме і прымяненнем фізічнай сілы, сілавікі забралі ўсю тэхніку Кіма і ягонай жонкі, зарэгістраваную паляўнічую зброю, грошы, бчб-сцяг, сцяг Украіны, украінскі пашпарт жонкі і іншае.
Праз два дні пасля пасля затрымання Кіма Самусенкі Следчы камітэт Беларусі заявіў, што ён і яго знаёмы датычныя да ўзлома кампутарнай сістэмы Мінгарвыканкама 3 лістапада. Акрамя гэтага, Следчы камітэт заявіў, што Кім Самусенка«з'яўляліся актыўнымі ўдзельнікамі несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў на тэрыторыі сталіцы з 9 жніўня гэтага года». Да такіх высноваў следства прыйшло пасля вывучэння мабільнага тэлефона затрыманага 34-гадовага мужчыны — іншага затрыманага па арт. 349 КК. У паведамленні СК фігуруюць перапіскі ў тэлеграме.
5 лістапада таксама быў затрыманы ў межах крымінальнай справы па арт. 342 КК брат Кіма — Аляксей Самусенка. У яго дома быў праведзены вобшук.
На заснавальніка “Дзеі” ўзбудзілі дзве крымінальныя справы. Адна з іх — за ўзлом сістэмы Мінгарвыканкама