Пасля адбыцця арышту не выйшлі на волю праваабаронца «Вясны» Марына Кастылянчанка і яе знаёмыя
Сёння вечарам мелася выйсці на волю пасля адбыцця адміністрацыйнага арышту незалежная журналістка і праваабаронца «Вясны» Марына Кастылянчанка, які яна адбывала ў ІЧУ горада Баранавічы.
Чакалася, што яна вызваліцца ў 18-30. Аднак да сваякоў ужо пасля 1,5 гадзіны пазначанага часу выйшаў супрацоўнік міліцыі і паведаміў, што нібыта пару гадзін таму былі дасланыя рапарты, што Марына і яшчэ некалькі чалавек, якія тут адбывалі арышт, 25 кастрычніка ўдзельнічалі ў шэсці ў Мінску. Маўляў, будуць складаць новыя пратаколы па артыкуле 23.34 КаАП і да суда іх пакідаюць на 72 гадзіны ў ізалятары.
Такім чынам пасля адбыцця 15-ці суткавага арышту будуць чакаць новага суду Марына Кастылянчанка, Марыя Шаблінская, Аляксандр і Наталля Сінкавец, Уладзіслаў Машчук і Уладзімір Ларыёнаў.
Затрыманыя з імі ў кафэ Döner Kebab увечары 30 кастрычніка Аляксандр Бялоў і Карына Гараўская выйшлі сёння на волю з ЦІП на Акрэсціна і Жодзінскага ізалятара адпаведна.
Нагадаем, праваабаронцу «Вясны» Марыну Кастылянчанка 2 лістапада суд Заводскага раёна Мінска асудзіў па двух артыкулах КаАП: 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў). Яе абвінавацілі ў тым, што 30 кастрычніка яна «ўдзельнічала ў несанкцыянаваным пікетаванні за змену ўлады, выкрыквала лозунгі «Трыбунал», «Жыве Беларусь», «Сыходзь», а пры затрыманні аказала супраціў супрацоўнікам міліцыі, адмаўляючыся прайсці ў службовы транспарт». Суддзя Жанна Хвайніцкая прызнала яе вінаватай і прыняла рашэнне арыштаваць Марыну на 15 сутак.
Групу актывістаў анархісцкага руху з васьмі чалавек затрымалі ўвечары 30 кастрычніка пасля сустрэчы з Акрэсціна свайго сябра Аляксандра Бялова. Аднак толькі на судзе высветлілася, што яны былі затрыманыя ў кафэ Döner Kebab па вуліцы Сурганава, 61. Усіх абвінавачвалі ў «несанкцыянаваным пікетаванні за змену ўлады» 30 кастрычніка на вуліцы Багдановіча, 102. Таксама ўсіх, акрамя Аляксандра Бялова, абвінавачвалі ў супраціве супрацоўнікам міліцыі пры затрыманні.