Суд даў 15 сутак хлопцу з інваліднасцю
17 лістапада суддзя Партызанскага раёна Кацярына Чайко прысудзіла 15 сутак Мікіце Лявіцкаму — хлопец мае інваліднасць другой групы.
Студэнта Мікіту Лявіцкага затрымалі 15 лістапада на вуліцы Чарвякова. 17 лістапада яго асудзілі па скайпе на 15 сутак адміністрацыйнага арышту, нагледзячы на тое, што ў вопісе справы пазначана, што пры сабе хлопец меў пасведчанне аб другой групе інваліднасці. Мікіта прызнаў віну, але адзначыў, што яму двойчы выклікалі хуткую дапамогу: акрамя прыроджанай траўмы, ён хварэе на астму. Ён прасіў суд даць яму штраф праз стан здароўя і неадкладныя справы ў інстытуце і адзначаў, што мае магчымасць яго выплаціць.
Згодна з часткай 2 арт. 6.7 КаАП, адміністрацыйны арышт не можа прымяняцца ў адносінах да людзей з інваліднасцю першай і другой групы.