viasna on patreon

Адвакатка пра стан Дзядка: «Траўмы ад кайданкоў на руках, вялізарныя сінякі на сцёгнах і спіне»

2020 2020-11-19T09:56:23+0300 2020-11-19T09:56:39+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/mikola_dziadok.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Блогер і журналіст «Новага Часу» Мікалай Дзядок быў затрыманы 12 лістапада ў пасёлку Сасновы Асіповіцкага раёна. На відэа, якое было распаўсюджана МУС, уяўна бачна, што Дзядок збіты. Яго адвакатка Наталля Мацкевіч паведаміла, што заявіла хадайніцтва аб прызначэнні судова-медыцынскай экспертызы ў дачыненні да Дзядка. "Новы Час" звязаўся з Наталляй, каб больш даведацца, што зараз адбываецца з Мікалаем Дзядком.

— Дзе цяпер знаходзіцца Мікалай і ў якім стане?

— Мікалая 17 лістапада перавялі з ІЧУ на Акрэсціна ў СІЗА-1 Мінска на вуліцы Валадарскага. Пакуль ён знаходзіцца на каранціне. Фізічны стан ужо можна назваць нармальным, маральна трымаецца добра, бадзёры. Кажа, што застаецца пры сваіх перакананнях і прынцыпах.

— Ён распавёў, як яго затрымлівалі?

— Да затрымання Мікалай некалькі месяцаў здымаў кватэру ў пасёлку Сасновы. Ён ні ад каго не хаваўся, але разумеў, што ў цяперашняй сітуацыі яму лепш не знаходзіцца ў Мінску, бо некалькі папярэдніх гадоў ён быў пад асаблівай увагай ГУБАЗіК — выключна ў сувязі са сваімі поглядамі і пазіцыяй, якую выказваў публічна. Са слоў Мікалая, 11 лістапада каля 23 гадзін да яго ў кватэру на другім паверсе, разбіўшы акно, уварваліся сем супрацоўнікаў сілавых структур у масках, захапілі яго, і ўжывалі фізічны гвалт і спецсродкі, пакуль не дамагліся «прызнанняў» на камеру. Затым яго адвезлі ў Мінск, дзе з ім «працавалі» некалькі гадзін, патрабуючы доступу да дыску кампутара і тэлеграм-каналаў, і толькі пасля 5 гадзін раніцы яго адвезлі ў ІЧУ.

— Наколькі моцна і якімі метадамі на яго «ўздзейнічалі»?

— Падрабязнасці распісваць не буду, наконт гэтага будзе зроблена адпаведная працэсуальная заява. Магу сказаць, што ў мяне было некалькі кліентаў, якія беглі з Чачні пасля прымянення да іх катаванняў, і былі затрыманыя ў Беларусі для высылкі. Але я ніколі не думала, што пачую, як падобныя гісторыі будуць адбывацца ў нашай краіне.

Як сказаў мне Мікалай, праз некалькі гадзін пасля затрымання, калі ён ляжаў на падлозе ў памяшканні аднаго з ведамстваў, з яго «ўзялі» (калі можна так выказацца) «слова гонару», што ён больш нічога не будзе казаць пра ГУБАЗіК. Дапусцім. Тым больш, нам пакуль не вядомыя імёны тых, хто здзяйсняў затрыманне. Але само гэта ўпраўленне 12 лістапада адрапартавала аб сваіх дзеяннях па затрыманні Дзядка і паказала відэа, у якім бачны стан Мікалая пасля гэтага затрымання. Нават крыху дасведчаны чалавек адразу заўважыць на першым відэа сляды прымянення газу з блізкай адлегласці, а на другім відэа выразна бачная гематома на левым воку. Што яшчэ я ўбачыла ўжо ў ІЧУ: траўмы ад кайданкоў на руках, вялізарныя сінякі на сцёгнах і на спіне.

Я думаю, з улікам таго, што некалькі супрацоўнікаў сілавых структур праводзілі затрыманне бяззбройнага Дзядка нечакана для яго, пытанне прапарцыйнасці прымянення сілы ў мэтах затрымання тут не павінна разглядацца наогул, а павінна вырашацца пытанне аб прававой ацэнцы з пункту гледжання перавышэння ўлады і службовых паўнамоцтваў.

Усе бачныя пашкоджанні зафіксаваныя, як мінімум, пры паступленні ў СІЗА. У органа расследавання ёсць дастатковыя падставы для правядзення праверкі і вырашэння пытання аб узбуджэнні крымінальнай справы.

— Ці разлічваеце вы на такое расследаванне, улічваючы, што па тысячах заяваў аб прымяненні да людзей гвалту з боку супрацоўнікаў органаў у жніўні гэтага года не была ўзбуджана ніводная крымінальная справа?

— Складана быць упэўненым у выніках. Нават у 2017 годзе, калі пасля затрымання па шляху на мітынг да Дня Волі Мікалай трапіў у бальніцу хуткай дапамогі са страсеннем мозгу, што было безумоўным доказам прымянення гвалту, крымінальная справа не была ўзбуджаная. Тады ў выніку праверкі была выдадзена версія, што ён на момант затрымання ўжо меў гэтыя пашкоджанні. Мы абскардзілі гэтае рашэнне і па лініі пракуратуры, і ў судовых інстанцыях, але безвынікова. Цяпер гэтая справа знаходзіцца на разглядзе Камітэта па правах чалавека ААН.

Што тычыцца цяперашняй сітуацыі, то, нягледзячы ні на што, орган расследавання абавязаны адпаведным працэсуальным чынам рэагаваць. Міжнародным стандартам расследавання катаванняў з’яўляецца аператыўнае, незалежнае, аб’ектыўнае і эфектыўнае расследаванне пры ўмове, што ахвяра абаронена ад магчымых пагроз у сувязі з гэтым расследаваннем. У Крымінальна-працэсуальным кодэксе Рэспублікі Беларусь таксама закладзеныя гэтыя прынцыпы. Так што паглядзім, наколькі прынцыпова паступіць Следчы камітэт.

— Што можна сказаць наконт «кактэйляў Молатава» і «халоднай зброі», якія, па паведамленні ГУБАЗіК нібыта былі выяўлены ў кватэры Мікалая?

— Вы маеце на ўвазе нейкія бутэлькі, паказаныя ў сюжэце МУС? А адкуль ім вядомае іх змесціва? Хто вынес экспертнае заключэнне адносна «халоднай зброі»? Калі ўзгадаць даволі вядомую справу «Белага легіёну», па дзяржаўных тэлеканалах тады паказвалі цэлы багажнік бутэлек з нейкімі вадкасцямі, нейкія нажы таксама... І дзе яны цяпер? Мікалай жа сказаў мне, што ў яго гэтых бутэлек не было. Па простай логіцы: навошта яму «кактэйлі Молатава» ў пасёлку Сасновы? Ён бы іх на аўтобусе ў Мінск павёз? Улічваючы пры гэтым, што ні ў адным маршы, мітынгу ці сходзе Дзядок апошнім часам не ўдзельнічаў і да гвалтоўных дзеянняў не заклікаў.

— Можаце сказаць, у чым сутнасць прад’яўленых Мікалаю Дзядку абвінавачванняў?

— На сёння нам вядома толькі тое, што было ў паведамленні МУС. Пакуль няма канкрэтнага апісання інкрымінаванай Дзядку дзеі, таму няма магчымасці нешта каментаваць. З таго, што было сказана ў паведамленні МУС — «Актыўна адміністраваў радыкальны тэлеграм-канал, дзе публічна заклікаў да ўдзелу ў масавых беспарадках», — можна зрабіць выснову, што крымінальны пераслед ажыццяўляецца за нейкія выказванні, за выказванне пэўнага меркавання. Але не думаю, што якія-небудзь публікацыі Дзядка аб'ектыўна можна ацаніць гэта як заклікі да гвалтоўных дзеянняў.

Мікалаю Дзядку ўжо можна пісаць лісты. Адрас: СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства