Актывісту Аляксандру Хамратаву пагражае яшчэ адна крыміналка за абразу прадстаўніка ўлады
Магілёўскі актывіст і праваабаронца Аляксандр Хамратаў, які трое сутак знаходзіўся ў ІЧУ да прад'яўлення яму абвінавачвання, не выйшаў на волю 19 лістапада.
Хамратаў быў затрыманы 16 лістапада супрацоўнікамі ГУБАЗіК. Ён з’яўляўся адміністратарам пабліка ў Вконтакте, дзе хтосці размясціў абразлівы каментар на адрас міліцыі. За гэта на актывіста завялі крымінальную справу па артыкуле 369 КК РБ (Публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў).
Аднак, як паведамляе сайт 6tv.by са спасылкай на адваката Аляксандра Хамратава, у дачыненні да актывіста заведзеная яшчэ адна крымінальная справа - паводле дакладна такога ж артыкула. Ён будзе знаходзіцца ў ІЧУ да прад’яўлення яшчэ аднаго абвінавачвання.
Ягонай маці атрымалася з дапамогай валанцёраў і неабыякавых людзей зрабіць яму перадачу.
Тэарэтычна, Хамратаву пагражаюць грамадскія працы, або штраф, або папраўчыя работы на тэрмін да двух гадоў, а таксама арышт або абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, паведамляюць у тэлеграм-чаце t.me/MAYDAYhr праваабаронцы.
Жлобін: за знявагу супрацоўніка міліцыі ў чаце - два гады "хіміі"