Amnesty International абвясціла "Марафон лістоў" у падтрымку Марфы Рабковай
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International абвясціла акцыю "Марафон лістоў" у падтрымку праваабаронцы "Вясны", палітычнай зняволенай і вязніцы сумлення Марфы Рабковай.
Amnesty International прапануе размясціць на старонках у сацыяльных сетках паведамленне падтрымкі для беларускай праваабаронцы, выкарыстоўваючы хэштэг #МарафонПисем. Усе гэтыя паведамленні будуць затым перададзеныя Марфе Рабковай.
Марфу Рабкову затрымалі 17 верасня, а 25 верасня прад'явілі абвінавачванні па артыкуле 293 Частка 3 КК Рэспублікі Беларусь ("навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, а роўна фінансаванне ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці"). Цяпер праваабаронца застаецца пад вартай у СІЗА №1 Мінска.
Amnesty International нагадвае, што затрыманне праваабаронцы адбылося на фоне рэзкага пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў. Марфа Рабкова была прызнаная вязніцай сумлення, якую пераследуюць выключна за законную праваабарончую дзейнасць, напрыклад, за тое, што яна назірае за дэманстрацыямі і фіксуе доказы парушэнняў правоў чалавека, у тым ліку катаванні і жорсткае абыходжанне з мірнымі маніфестантамі супрацоўнікаў праваахоўных органаў.
"Марфа Рабкова не датычная да здзяйснення крымінальных злачынстваў. Крымінальны пераслед Марфы Рабковай за праваабарончую дзейнасць і абарону правоў іншых людзей – парушэнне абавязанняў Беларусі ў рамках міжнароднага права ў галіне правоў чалавека.
Уладам Беларусі варта неадкладна спыніць пераслед прадстаўнікоў Праваабарончага цэнтра «Вясна» і іншых актывістаў грамадзянскай супольнасці, а таксама гарантаваць захаванне правоў на свабоду аб'яднанняў і свабоду выказвання меркаванняў усім без выключэння асобам у Беларусі", - гаворыцца ў паведамленні Amnesty International.
Марфа Рабкова з СІЗА: "Справу збіраюцца перадаваць у суд да Новага года"