viasna on patreon

У Мазыры адбываюцца затрыманні работнікаў НПЗ і ўдзельнікаў акцыі памяці Рамана Бандарэнкі

2020 2020-11-21T20:50:15+0300 2020-11-21T21:00:16+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/mnpz_akcia.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

20 і 21 лістапада ў Мазырскі РАУС выклікалі і потым адтуль не выпусцілі самае малае 8  чалавек, паведамляе праваабарончы сайт palesse.press.

Паводле звестак, атрыманых "Палескай Вясной" ад супрацоўнікаў Мазырскана нафтаперапрацоўчага заводу, на 20 лістапада ў Мазырскі РАУС з інтэрвалам 10 хвілін выклікалі шэсць работнікаў завода, якія былі на фотаздымку за 27 кастрычніка, знойдзеным міліцыянтамі ў інтэрнэце. На гэтым кадры некалькі чалавек сфатаграфаваныя недалёка ад будынку завода з плакатамі.

На некаторых плакатах згаданыя прафесіі людзей, на адным быў надпіс «Мы - флагман», яшчэ на трох надпісы «Жыве Беларусь!», «Мы народ супраць гвалту» і «Мы адзіныя». Усяго на здымку прысутнічаюць 9 чалавек. Высветліць асобы тых, каго паклікалі ў міліцыю, паводле крыніцы на МНПЗ, дапамагло кіраўніцтва заводу.

20 лістапада на позвы ў РАУС прыйшлі інжынер-тэхнолаг Віталь Старушэнка, тэхнік уліку Таццяна Казловіч, вядучыя інжынеры-тэхнолагі Аляксандр Ганчар, Міхаіл Калодзенец і Уладзімір Чурыла, а таксама інжынер-праграміст Аляксандр Жыгадла. Ніхто з іх так да вечара з РАУС не вызваліўся. Відавочна, людзей вырашылі пратрымаць у зняволенні да суда, які можа адбыцца не раней за панядзелак.

Таксама 20 лістапада ў РАУС выклікалі жыхарку Мазыра Аліну Яраховіч, якая прысутнічала побач з местам, дзе 15 лістапада адбыліся затрыманні ўдзельнікаў акцыі памяці Рамана Бандарэнкі. Яе таксама з міліцыі не выпусцілі. Праваабаронцам вядома пра яшчэ аднаго маладога хлопца, які быў у РАУС 20 лістапада і пакінуты там на выходныя, але ягонае імя і прозвішча пакуль высветліць не атрымалася.

21 лістапада стала вядома, што затрымалі яшчэ аднаго работніка нафтаперапрацоўчага завода – эканаміста Мікалая Жлобу.

Варта адзначыць, што Мікалая Жлобу і Таццяну Казловіч ужо затрымлівалі  30 кастрычніка. Тады яны раніцай перад пачаткам працоўнага часу некалькі хвілін прастаялі з плакатамі каля прахадной МНПЗ. 2 лістапада намесніца старшыні суда Мазырскага раёна Элеанора Ярмоленка пастанавіла арыштаваць Жлобу на 10 сутак, а Казловіч аштрафаваць на максімальна магчымыя 30 базавых велічыняў. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства