viasna on patreon

У Марфы Рабковай і яшчэ васьмі палітвязняў з’явіліся еўрапейскія “хросныя”

2020 2020-11-24T09:40:00+0300 2022-01-05T13:43:11+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/agnieszka_brugger.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Яшчэ дзевяць дэпутатаў парламентаў еўрапейскіх краінаў далучыліся да кампаніі праваабарончай арганізацыі Libereco #WeStandBYyou. У межах ініцыятывы беларускімі вязнямі будуць апекавацца “хросныя” з Германіі, Аўстрыі і Нідэрландаў. Сярод новых імёнаў — праваабаронца “Вясны” Марфа Рабкова. Усяго на дадзены момант удзельнікамі кампаніі салідарнасці з'яўляюцца 65 дэпутатаў.

agnieszka_brugger.jpg
Намесніца кіраўніка парламенцкай групы “Альянс 90/Зялёныя” ў нямецкім Бундэстагу Агнешка Бругер

Намесніца кіраўніка парламенцкай групы “Альянс 90/Зялёныя” ў нямецкім Бундэстагу Агнешка Бругер стала “хроснай” каардынатаркі Валанцёрскай службы "Вясны" Марфы Рабковай.

“Я вельмі паважаю мужнасць і рашучасць сотняў тысяч людзей у Беларусі, якія выходзяць на вуліцы цягам некалькіх месяцаў, каб змагацца за сваю свабоду. Такія няўрадавыя арганізацыі, як “Вясна”, і такія жанчыны, як Марфа Рабкова, адыгрываюць вырашальную ролю ў арганізацыі мірнага супраціву Лукашэнку. Я заклікаю да іх неадкладнага вызвалення і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі”, — сказала яна.

klaus-dietergrohler.jpg
Дэпутат Бундэстага ад ХДС Клаус-Дытэр Гролер

Клаус-Дытэр Гролер, дэпутат Бундэстага ад ХДС, стаў “хросным” пінскага палітзняволенага Рамана Багнаўца. Ён заявіў:

“Я хачу, каб усе пратэстоўцы і зняволеныя ў Беларусі ведалі: Вы не адны! Вы маеце поўную падтрымку ў барацьбе з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Ужываць сілу супраць мірных дэманстрантаў і апазіцыі ў краіне і саджаць іх у турму незаконна. Разам з вамі мы выступаем супраць фальсіфікацый, ціску і гвалту на выбарах. За свабоду, дэмакратыю і вяршэнства закона! Правы чалавека таксама павінны паважацца і выконвацца ў гэтай еўрапейскай краіне. Я заклікаю ўлады Беларусі вызваліць Рамана Багнаўца і ўсіх палітвязняў і пакласці канец бесчалавечнай палітыцы”. 

alexander_muller.jpg
Дэпутат Бундэстага ад СвДП Аляксандр Мюлер

Аляксандр Мюлер, дэпутат Бундэстага ад СвДП, стаў “хросным” палітвязня з Пінска Станіслава Міхайлава. Ён заявіў:

“Заклік да свабоды ў Беларусі гучны і больш не можа падаўляцца. Я захапляюся ўсімі мужнымі людзьмі, якія, нягледзячы на вялікія асабістыя рызыкі, выступаюць за свабоду і правы чалавека. Рэжым павінен неадкладна вызваліць усіх несправядліва зняволеных дэманстрантаў і правесці сумленныя і свабодныя выбары”.

wieland-schinnenburg.jpg
Дэпутат Бундэстага ад СвДП Віланд Шыненбург

Віланд Шыненбург, яшчэ адзін дэпутат Бундэстага ад СвДП, заявіў з нагоды рашэння падтрымаць Юрыя Кузьміча з Брэста:

“Людзі, якія выходзяць на вуліцы ў Беларусі, з'яўляюцца героямі. Я заклікаю прэзідэнта Лукашэнку неадкладна вызваліць больш за сто палітвязняў. У знак сваёй салідарнасці і павагі да мужнасці змагароў за свабоду я рады быць “хросным” для такіх людзей, як Юрый Кузьміч”. 

lisa_badum.jpg
Дэпутатка Бундэстага ад групы “Альянс 90/Зялёныя” Ліза Бадум

Ліза Бадум, дэпутатка Бундэстага ад групы “Альянс 90/Зялёныя”, узяла шэфства над Лявонам Халатранам. Яна заявіла:

“Лявон Халатран з'яўляецца адным з многіх нявінных зняволеных рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі. Ён мірна абараняў свабоду слова і сходаў — дзеля дэмакратыі ў Беларусі — і я рашуча асуджаю яго палітычна матываваны арышт, а таксама даказаны гвалт і катаванні ў беларускіх турмах. Я з вялікай павагай стаўлюся да мужных людзей, якія супрацьстаяць небяспецы і самаўпраўству Лукашэнкі. Наша задача таксама паказаць Лукашэнку, што мы не патураем яго бесчалавечным і антыдэмакратычным дзеянням. Беларускія ўлады павінны неадкладна вызваліць Лявона Халатрана і ўсіх астатніх палітвязняў! Гэта мой заклік у знак салідарнасці з ім і беларускімі грамадзянамі”.

viola-von-cramon.jpg
Віёла фон Краман

Сяброўка камітэта па замежных справах Еўрапейскага парламента Віёла фон Краман стала “хроснай” Арцёма Касакоўскага. Яна заявіла:

“Паколькі жорсткасць Лукашэнкі працягваецца, колькасць палітвязняў ужо даўно стала трохзначнай. Сярод іх таксама 22-гадовы оптык Арцём Касакоўскі. Разам з народам Беларусі я буду змагацца за вызваленне Арцёма і спыненне жорсткага рэжыму”.

nicolabeer.jpg
Віцэ-прэзідэнтка Еўрапейскага парламента Нікола Бэер

Віцэ-прэзідэнтка Еўрапейскага парламента Нікола Бэер, якая стала “хроснай” Ганны Сунгуравай, сказала з гэтай нагоды:

“Я — “хросная маці” Ганны Сунхуравай. Яна была арыштавана 25 верасня. Зняволеная за працу за свабоду, дэмакратыю і правы чалавека ў Беларусі. У цэнтры Еўропы. Гэта недапушчальна! Таму я хацела б сказаць Ганне і ўсім вам: мы не пакінем вас адных, мы выступаем разам з вамі супраць рэпрэсіўнага рэжыму Лукашэнкі. Мы падтрымліваем вас, калі вы выходзіце на вуліцу за свае правы, калі вы супрацьстаяце фальсіфікацыям выбараў, прыгнёту і гвалту. Мы падтрымліваем вас, калі вас адвольна арыштоўваюць і робяць спробы здушыць ваш голас і запалохаць вас. Мы падтрымліваем вас і распавядаем пра ваш лёс, каб рэжым Лукашэнкі ведаў, што яго самаўпраўства не застанецца незаўважаным. У кожным асобным выпадку. Дзеля Ганны Сунгуравай і ўсіх грамадзян Беларусі я заклікаю рэжым неадкладна вызваліць палітвязняў і расчысціць шлях да новага дэмакратычнага пачатку ў Беларусі. Еўропа на тваім баку, Ганна”. 

bramvanojik.jpg
Віцэ-прэзідэнтка Еўрапейскага парламента Нікола Бэер

Дэпутат нідэрландскага парламента Брам ван Оік стаў “хросным” Данііла Богната і заявіў:

“Я заклікаю Лукашэнку вызваліць усіх беларускіх палітвязняў. Яны маюць поўнае права выступаць супраць аўтарытарызму. Данііл Богнат быў арыштаваны падчас дэманстрацый у Пінску — адзін з многіх тысяч затрыманых толькі за тое, што яны выйшлі на вуліцы. Яго дзеянні паказваюць, што незадаволенасць адчуваецца далёка па-за межамі буйных гарадоў Беларусі. Я заклікаю неадкладна вызваліць Данііла і ўсіх астатніх палітвязняў”.

helmut-brandstatter.jpg
Прадстаўнік фракцыі “Неос” у Аўстрыйскай Нацыянальнай радзе Хельмут Брандштэтэр

Хельмут Брандштэтэр, прадстаўнік фракцыі “Неос” у Аўстрыйскай Нацыянальнай радзе, стаў “хросным” Мікалая Сасева. Ён заявіў:

“Маё пасланне ўсім людзям у Беларусі: Вы не адны! Тое, што мы бачылі ў Беларусі за апошнія месяцы, мусіць быць рашуча асуджана. Мы выступаем за свабоду, дэмакратыю і вяршэнства закона. Нарэшце павінны быць пачуты галасы людзей! Недапушчальна, каб супраць мірных дэманстрантаў ужываўся гвалт, каб іх арыштоўвалі і саджалі ў турмы, каб прадстаўнікі апазіцыі мусілі бегчы са сваёй краіны. Таму я заклікаю вызваліць Мікалая Сасева, які быў затрыманы падчас дэманстрацыі ў Мінску 13 жніўня і абвінавачваецца ў “арганізацыі масавых беспарадкаў”. Прэзідэнт Лукашэнка павінен нарэшце перастаць прыгнятаць і пераследваць уласны народ! Мы павінны рашуча супрацьстаяць гэтаму — як Аўстрыя, так і ўся Еўропа. Але мы не хочам санкцый, якія закранаюць людзей, хутчэй, гэта павінны быць санкцыі, якія закранаюць дыктатара Лукашэнку і яго прыхільнікаў! У кожным разе, мы не спынім падтрымку дэмакратычнага руху ў Беларусі”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства