viasna on patreon

Палітзняволенная Вольга Класкоўская: “Воля нараджаецца ў пакутах”

2020 2020-11-24T12:34:00+0300 2020-11-25T17:21:31+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/klascouskaya_2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Вольга Класкоўская. Фота: "Наша ніва"

Вольга Класкоўская. Фота: "Наша ніва"

Следчы камітэт Ленінскага раёна Мінска завяршыў раследаванне крымінальнай справы ў адносінах да Вольгі Класкоўскай і перадаў справу ў пракуратуру. Яе абвінавачваюць па арт. 342 ч. 1 Крымінальнага кодэксу. Праваабарончы цэнтр “Вясна” паразмаўляў з яе маці, Людмілай Класкоўскай, якая распавяла пра стан дачкі і яе лісты.

Па словах адваката Вольгі, яе віна не даказаная: згодна з абвінавачаннем, жанчына не толькі ўдзельнічала ў акцыі, якая адбылася ў Серабранцы ў кастрычніку гэтага года, але і была яе арганізітарам – у прыватнасці, арганізавала блакіроўку дарогі на перасячэнні праспекта Ракасоўскага і Пляханава. Але, напрыклад, у той дзень яна стэлефаноўвалася выключна з маці і дачкой. Сама Вольга ад паказанняў адмовілася, зараз ўтрымліваецца ў турме №8 горада Жодзіна і чакае вырашэння свайго далейшага лёсу.

“Яна трымаецца даволі годна, — распавяла маці Вольгі Людміла Класкоўская. — Пра гэта кажа адвакат, гэта ж я бачу па яе лістах: яны дастаткова аптымістычныя. Толькі пачаліся праблемы са здароўем: пасля затрымання з Ленінскага РУУС яе накіравалі ў шпіталь, дзе лекары дыягнаставалі струс мазгоў. Але нягледзячы на просьбы дактароў, яе не абследавалі і пратрымалі там нядоўга: зараз, вядома, лячэннем наступстваў траўмы ніхто не займаецца. Да таго ж, на гэтай глебе ў яе пачаў вельмі скакаць ціск, абвастрылася жалудачна-каменная хвароба, моцна ацяклі ногі. Мне ўдалося перадаць ёй таблеткі – абязбольваючыя і ад ціску, яны хаця б троху яе падьтрымліваюць. Але разам з тым яна трымаецца і піша, што ўсё будзе добра”.

Нягледзячы на пэўную інфармацыйную блакаду, Вольга адчувае падтрымку. Раз на тыдзень ёй даюць пачытаць толькі “Советскую Белоруссию”, але да яе даходзяць чуткі з волі, яна ведае, што людзі не здаюцца, выходзяць і вельмі радая гэтаму. Таксама вельмі удзячная лідарам – Святлане Ціханоўскай, Паўлу Латушку і іншым, якія вельмі шмат робяць для змены сітуацыі ў Беларусі і вызвалення палітвязняў.

“Гэта дае нам сілы, маці, і веру ў тое, што трэба ісці толькі наперад, — піша Вольга ў адным з лістоў. — Вельмі радая, што Беларусь абудзілася. Яна моцная і аб’яднаная, як ніколі. Ведаю, што пратэсты не згасаюць, нацыя змагаецца, людзі нічога не баяцца. Зразумела, што воля нараджаецца у пакутах. Наш шлях няпросты, цярністы, але мы верым тут, што ўсе высілкі не марныя, што сапраўды Беларусь хутка стане сапраўднай краінай для жыцця. Я гэта ведаю дакладна”.

Зараз Вольга бавіць час чытаннем і навучаннем: чытае класікаў, якія знайшліся ў турэмнай бібліятэцы (Янку Купалу, Уладзіміра Караткевіча), а таксама дае ўрокі па польскай, шведскай і ангельскай мовах сваім сяброўкам па няшчасці. Таксама Вольга піша, што прачытала вельмі шмат пра сталінскія рэпрэсіі 1937-1939 гадоў.

Вольга Класкоўская ў 2011 годзе. Фота: асабістая старонка на Facebook
Вольга Класкоўская ў 2011 годзе. Фота: асабістая старонка на Facebook

“Апошнім часам Вольга вельмі цікавілася сваёй радаслоўнай, – кажа маці. – Яна адкрыла для сябе, што па двух лініях у яе сям’і былі рэпрэсаваныя. Напрыклад, яе прапрадзед па бацькоўскай лініі дваццаць гадоў адбываў пакаранне ў Сібіры, а продкі па маёй лініі ваявалі супраць фашыстаў. Хіба я думала, што іх спадкаемца таксама акажацца ў падобнай сітуацыі? Яны змагаліся і аддалі сваё жыццё менавіта за лепшую долю і волю сваіх унукаў і праўнукаў!”

“Маці, ізноў гісторыя паўтараецца, – піша Вольга ў адным з лістоў. – Ізноў гэтыя рэпрэсіі, ізноў гэта ўсё, так страшна. Улады нічому не навучыліся ў гісторыі. І нічога, на вялікі жаль, не змянілася з таго часу… Беларускія партызаны не здаюцца і не становяцца на калені. Я прапраўнучка Вацлава Францавіча Класкоўскага, а ён на каленях ніколі не стаяў. Дваццаць гадоў лагероў, іншыя здзекі з боку таталітарная сістэмы яго не зламалі. Мамачка, у маіх жылах цячэ яго кроў. Яны не перамогуць”.

Вольга непакоіцца за дачку і маці, але адчувае іх падтрымку.

“Свет не без добрых людезй, і дабра ў ім больш, чым зла, – упэўненая Людміла Класкоўская. – Усе родныя і блізкія хвалююцца за Вольгу, перадаюць ёй вітанні і падтрымліваюць, дзякуй ім. Што тычыцца маіх адносін да гэтай сітуацыі, я лічу, што яна дарослы чалавек, і я паважаю выбар, які яна зрабіла. Незалежна ні ад чаго, яна заўсёды была, будзе і застаецца для мяне вельмі добрым, адукаваным і сумленным чалавекам, маёй любай дачушкай. І ніякія абвінавачванні не зменяць майго стаўлення да свайго дзіяцяці. Тым больш, зараз дастаткова быць разумным і адукаваным чалавекам, каб бачыць, што зараз адбываецца вакол. Баліць сэрца за кожнага беларуса, хто сёння ахвяруе сваім здароўем, воляй і нават жыццём, як Раман Бандарэнка”.

Вольга Класкоўская прызнаная палітычнай зняволеннай.

Адрас для лістоў Вользе: СІЗА, вул. Савецкая, 22А, г. Жодзіна, 222163

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства