viasna on patreon

Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні 8 новых палітвязняў

2020 2020-11-24T16:10:26+0300 2020-11-24T22:17:24+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/autazaki_minsk_9.08.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Супольная заява праваабарончых арганізацый Беларусі

Мінск, 24.11.2020

У сувязі з інфармацыяй аб прад’яўленні абвінавачванняў па артыкулу 293 Крымінальнага кодэкса ("Масавыя беспарадкі") Сяргею Крыўчэню, Арцёму Мядзведскаму,  Яўгену Курганаву, Дзмітрыю Жэбуртовічу, а таксама па арт. 342 Крымінальнага кодэкса ("Групавыя дзеянні, груба парушаючыя грамадскі парадак") Мікалаю Дзядку, Аляксею Самусенку, Кіму Самусенку, Паўлу Дразду, яшчэ раз падцвярджаючы пазіцыю, выкладзеную ў супольнай заяве праваабарончай супольнасці ад 10 жніўня 2020 года, адзначаем наступнае:

Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.

Выступы грамадзян насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года, і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.

Сходы грамадзян насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізычнай сілы, спецсродкаў і зброі.

Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат.

У сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня, на ўлады Рэспублікі Беларусь.

Таксама лічым неабходным адзначыць, што дэманстрантамі не здзяйсняліся дзеянні, якія ахопліваюцца дыспазіцыяй артыкула 293 КК і адпаведна не могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам.

Асобныя выпадкі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі з боку дэманстрантаў патрабуюць асобнай прававой кваліфікацыі, з улікам кантэксту і абставінаў ужывання гвалту, у тым ліку ў кантэксце самаабароны ад заведама непрапарцыйных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі.

Таксама адзначаем, што кваліфікацыя дзеянняў Кіма Самусенкі і Паўла Дразда па арт. 349 КК (несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі), згодна з дзеючым заканадаўствам, не можа з'яўляцца падставай для абрання меры стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай, нават пры наяўнасці гэтага складу злачынства ў іх дзеяннях.

Мы ацэньваем пераслед Сяргея Крыўчэні,Арцёма Мядзведскага, Яўгена Курганава, Дзмітрыя Жэбуртовіча, Мікалая Дзядка, Аляксея Самусенкі, Кіма Самусенкі, Паўла Дразда, якія былі абвінавачаныя па арт. 293 КК ("Масавыя беспарадкі") і па арт. 342 КК ("Групавыя дзенянні, груба парушаючыя грамадскі парадак"), як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі.

У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  1. Неадкладна вызваліць з-пад варты палітвязняў Сяргея Крыўчэню, Арцёма Мядзведскага, Яўгена Курганава, Дзмітрыя Жэбуртовіча, Мікалая Дзядка, Аляксея Самусенку, Кіма Самусенку, Паўла Дразда і спыніць іх крымінальны пераслед.
  2. Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

РГА "Прававая ініцыятыва”;

Беларускі Дакументацыйны цэнтр;

Ініцыятыўная група «Ідэнтычнасць і права»;

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт";

Беларускі ПЭН-цэнтр;

Простае таварыства "Ініцыятыва FORB".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства