Барысаўскія прадпрымальнікі пратэстуюць супраць фінансавага ўціску.
Як паведаміла Радыё Свабда, 9 лютага ў Барысаве адбыўся мітынг індывідуальных прадпрымальнікаў, якія пратэставалі супраць фінансавага ўціску.
Каля трохсот удзельнікаў санкцыянаванага Барысаўскім гарвыканкамам мітынгу сабралася на гарадзкім стадыёне. Паводле арганізатараў акцыі, яе правядзеньне было выкліканае паглыбленьнем канфлікту паміж прадпрымальнікамі і ўладамі.
Лідэр барысаўскіх бізнэсоўцаў Віктар Гарбачоў абвесьціў удзельнікам, што ў краіне распачынаецца новая хваля эканамічнага ціску на дробны бізнэс, якую справакавалі прынятыя летась прэзыдэнцкі дэкрэт пра ліцэнзаваньне і пастанова ўраду пра новыя правілы гандлю на рынках. Прамоўца зазначыў, што ўвядзеньне згаданых актаў выкліча масавае банкруцтва дробных бізнэсоўцаў. Паводле ягоных словаў, першымі гэта зразумелі гандляры Віцебску, якія выказалі свой пратэст, абвесьціўшы галадоўку.
Лідэр грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка распавёў барысаўчанам пра сустрэчу з галадоўнікамі, якія, паводле ягоных словаў, маюць патрэбу ў падтрымцы сваіх дзеяньняў. Ён зьвярнуў увагу на тое, што без такой падтрымкі пагроза банкруцтва можа напаткаць бізнэсоўцаў любога іншага рэгіёну, у тым ліку Барысава. А таму, паводле спадара Шумчанкі, беларускія прадпрымальнікі мусяць аб’яднацца, каб разам супрацьдзейнічаць уладам. Лідэр “Пэрспэктывы” заклікаў барысаўскіх гандляроў узяць актыўны ўдзел у агульнанацыянальным аднадзённым страйку, заплянаваным на 12 лютага.
Удзельнікі барысаўскага мітынгу прынялі рэзалюцыю, у якой заклікалі ўлады скасаваць новаўвядзеньні, скіраваныя на зьнішчэньне ў Беларусі дробнага прадпрымальніцтва.