viasna on patreon

"Я не разумею, што адбываецца": гамяльчука пазбавілі волі за гвалт над міліцыянтам

2020 2020-11-26T12:46:22+0300 2020-11-26T13:07:37+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sud_matalok.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Гомелі за гвалт у адносінах да міліцыянта на пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму асудзілі 30-гадовага Сяргея Верашчагіна. Увечары 12 жніўня чацвёра міліцыянтаў затрымлівалі мужчыну ў яго ж доме, ён, па іх словах, ударыў аднаго з іх — і трапіў нагой у вока. Яго абвінавацілі па 364 артыкуле Крымінальнага кодэкса.

КАРТКА ПРАЦЭСА

Суд: Цэнтральнага раёну Гомеля

Артыкул: 364 КК

Абвінавачаны: Сяргей Верашчагін

Суддзя: Аляксандр Салоўскі

Пакаранне, запрошваемае дзяржабвінавачаннем: шэсць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму

Пакаранне, прызначанае судом: пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму

Пацярпелы: міліцыянт-кіроўца Цэнтральнага РАУС Гомеля Язэпенка 

TUT.BY паведамляў, што 14 жніўня, праз два дні пасля затрымання Верашчагіна, да яго трапіла адвакат — і стан падабароннага яе жахнуў. Абаронца настаяла на тым, што Сяргею патрэбная медыцынская дапамога. Сярод дыягназаў, якія паставілі тады лекары абласной бальніцы, былі закрытая чэрапна-мазгавая траўма, удар галаўнога мозгу, множныя гематомы і ўдары — у тым ліку, грудной клеткі, шыйнага, груднога і паяснічнага аддзелаў пазваночніка, скроневых абласцей. У выніках судовай экспертызы за 14 жніўня у Верашчагіна зафіксавана некалькі дзясяткаў цялесных пашкоджанняў ад шматлікіх гематом да ЧМТ, атрыманых у перыяд за адзін-тры дні да правядзення экспертызы. 

Сяргей распавёў, што пасля жорсткага затрымання яго працягвалі біць у Цэнтральным РАУС. «Білі, скакалі па галаве, абражалі і сьмяяліся, калі я плакаў», — сказаў Верашчагін. Адвакатка дадала, што ён атрымаў сама меней 100 удараў у розныя часткі цела. Сяргей напісаў заяву ў Следчы камітэт, а пакуль суд разгледзеў справу, дзе ён — абвінавачаны. Віну Сяргей не прызнае.

Што было на першым паседжанні?

TUT.BY таксама паведамляў, што на першым паседжанні былі заслуханыя пацярпелыя і сведкі з боку абвінавачвання, а таксама маці Сяргей Верашчагіна. 

Па словах пацярпелага і трох яго калег (участковага і двух супрацоўнікаў УБЭП), якія праходзяць па справе сведкамі, вечарам 12 жніўня Сяргей з акна сваёй кватэры крычаў на іх, у тым ліку і матам, і кідаўся бутэлькамі. Па словах сведак, у той вечар яны ўдваіх неслі службу па ахове грамадскага парадку на вуліцы Савецкай. Бліжэй да дзесяці вечара каля дома № 38 яны размаўлялі з мінакамі жанчынамі, а абвінавачаны стаў ім крычаць у фортку.

— Напэўна, падумаў, што мы затрымліваем жанчын. Калі перакладаць на рускую цэнзурны, абвінавачаны крычаў, каб мы сыходзілі ў далёкае падарожжа. Неаднаразова пагражаў прымяніць зброю. Крычаў: "Я вас расстраляю чаргой", кінуў бутэльку з-пад кока-колы і шкляную бутэльку ад гарэлкі, — распавядалі міліцыянты.

Супрацоўнікі выклікалі падмацаванне — і ўчатырох падняліся ў кватэру, з акна якой ім паступалі пагрозы. Пастукалі ў дзверы, адкрыла мама абвінавачанага. Па словах міліцыянтаў, яна прасіла іх аб дапамозе. Абвінавачаны, па словах міліцыянтаў, быў п'яны, а яго майка была ў крыві. Таксама, кажуць супрацоўнікі, мужчына паводзіў сябе агрэсіўна, хапаў іх за форму і спрабаваў ударыць — давялося надзяваць кайданкі і затрымліваць. Калі выносілі Верашчагіна з кватэры, ён, сцвярджаюць міліцыянты, брыкаўся, біўся аб сцяну і аб падлогу галавой.

На лесвічным пралёце паміж першым і другім паверхам супрацоўнікі, маўляў, вырашылі перадыхнуць, а калі зноў паспрабавалі падняць абвінавачанага, ён, па іх словах, нагой ударыў аднаго з іх, трапіў у вока. Міліцыянт, кажуць, на час перастаў бачыць. Усе яго калегі-сведкі сыходзяцца ў тым, што ўдар мужчына наносіў наўмысна.

У маці Сяргея Верашчагіна — Алены — іншая версія. Жанчына распавяла, што ўвечары прыйшла з працы дадому: там быў сын, ён разагрэў ёй вячэру, у гэты час у яго зазваніў тэлефон, і ён сышоў размаўляць у свой пакой. Прыкладна праз паўгадзіны Алена пачула, як сын нешта крычаў у акно, ёй удалося разабраць толькі "Адыдзіце ад дзяўчынак".

— Я спытала ў сына, што адбываецца. Ён адказаў: "Мама, невыносна больш глядзець на тое, што адбываецца". Я сказала яму быць разумным. Ён адказаў, што дзеля мяне больш не будзе, і сышоў у пакой. 

Калі прыйшлі міліцыянты, Алена адкрыла ім. Па словах Алены, Сяргею заламалі рукі, павалілі на падлогу і надзелі кайданкі. Сяргей стаў крычаць, прасіць аб дапамозе, крычаў ад болю. Жанчына ўпэўненая, што яе сын нічога супрацьпраўнага ў той вечар не здзяйсняў. Калі пацярпелы ўзгадаў пра тое, што Алена прасіла дапамогі, жанчына адказала, што гэта хлусня. Яна кажа, што ніякіх шнараў і ран, ніякай крыві ў той вечар на целе сына не было. А потым, ужо раніцай, яна ўбачыла ў пад'ездзе кроплі — Алена ўпэўненая, што гэта кроў менавіта Сяргея. 

Гомель 10 жніўня 2020 года.
Гомель 10 жніўня 2020 года. Ілюстрацыйнае фота

Міліцыянты ж запэўніваюць, што не білі абвінавачанага, а завезлі ў Цэнтральны РАУС — і больш у гэты вечар і далей яны яго не бачылі.

Адвакат Верашчагіна заявіла хадайніцтва запрасіць у суд у якасці спецыялістаў лекараў абласной бальніцы, якія аглядалі Сяргея і маглі б расказаць пра стан, у якім ён паступіў праз два дні пасля затрымання. А таксама эксперта, які даваў заключэнне па цялесных пашкоджанняў Верашчагіна. Суд хадайніцтва адхіліў, патлумачыўшы, што да гэтай крымінальнай справы, у якой разглядаецца гвалт у дачыненні да супрацоўніка ўнутраных спраў, а не гвалт у дачыненні да абвінавачанага, стан здароўя Верашчагіна пасля затрымання дачынення не мае.

"Адпусціце мяне дадому, я не разумею, што адбываецца"

На другім паседжанні працягнуўся допыт сведкі — маці абвінавачанага Алены Іванаўны. Яе апытвалі доўга, бо на папярэднім следстве, згодна з яе паказаннямі, візуальна сын быў п'яны, на судзе ж яна казала, што не можа гэтага сцвярджаць.

Таксама яна сфатаграфавала пляцоўку на ўваходзе ў пад'езд, дзе абвінавачаны нібыта нанёс удар нагой пацярпеламу ў вока. Зыходзячы з яе памераў (даўжыня — метр, шырыня — 80 см), абаронца мяркуе, што Верашчагін не мог на такой прасторы нанесці ўдар Язэпенку: рост абвінавачанага 195 см, і на пляцоўцы ён моз знаходзіцца толькі сагнуўшыся. Паводле хадайніцтва абароны, фатаграфія далучаная да матэрыялаў справы.

Праз тое, што маці абвінавачанага вельмі эмацыйна рэагавала на тое, што адбываецца, пасля апытання суддзя выдаліў яе з залы за непавагу да суда і пачаў агалошванне матэрыялаў.

Адвакат Тулько сцвярджае: аб тым, што матэрыял аб збіцці Верашчагіна ў Цэнтральным РАУС Гомеля вылучаны ў асобную вытворчасць, яна даведалася толькі 13 лістапада, калі азнаямлялася з матэрыяламі справы. Па вылучанаму матэрыялу праводзіцца праверка, крымінальная справа не ўзбуджаная. Адвакат зрабіла заяву, што справа, якая разглядаецца, узбуджана паводле надуманых падставаў, каб міліцыянты сыйшлі ад адказнасці за збіццё. Раней Верашчагін прыцягваўся да адказнасці паводле 23.4 КаАП і розных артыкулаў 18-й главы, а таксама быў судзімы паводле арт. 208 і ч.1 арт. 328 ч КК.

У спрэчках пракурор запрасіла ў якасці пакарання для яго шэсць гадоў зняволення.

"Адпусціце мяне дадому, я не разумею, што адбываецца", — ледзь чутна  сказаў абвінавачаны ў апошнім слове, перадае TUT.BY

Суд Цэнтральнага раёна Гомеля прысудзіў яго да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Таксама ў кошт кампенсацыі маральнай шкоды ён павінен выплаціць пацярпеламу міліцыянту кампенсацыю ў памеры тысячы рублёў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства