Паставы: пракурор просіць для юнака месяц арышту за надпіс на прыпынку
У Паставах 3 снежня пачаўся разгляд крымінальнай справы мясцовага жыхара Аляксея Казлоўскага.
Судзяць яго па артыкуле 341 Крымінальнага кодэкса РБ (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці) за надпіс “3%” і намаляваны бел-чырвона-белы сцяг на дарозе і грамадскім прыпынку.
Працэс вядзе суддзя Наталля Жукава, дзяржаўны абвінаваўца - пракурор Пастаўскага раёна Ігар Валынец.
Як піша Беларускае Радыё Рацыя, шкоду, якую нанёс Аляксей Казлоўскі дзяржаве, Пастаўская жыллёва-камунальная гаспадарка ацаніла ў 25 рублей 52 капейкі. Абвінавачаны яе ўжо пагасіў. Але супраць хлопца ўсё адно завялі крымінальную справу.
На судзе пракурор Валынец адзначыў, што дзеянні абвінавачанага прадыктаваныя выключна, як сведчыць з яго паказанняў, палітычнымі матывамі. Сваім учынкам ён прадэманстраваў непавагу да закону, дзяржаўных сімвалаў і, па сутнасці, грамадзянаў.
Падтрымаць Аляксея Казлоўскага ў суд прыйшло больш за 20 чалавек, але ў залу суда ўпусцілі не ўсіх, у сувязі з пандэміяй каранавірусу.
Па словах аднаго з прысутных Анатоля Лоўкіса, які прыехаў з Лынтупаў, яго здзівіла тое, што ўлады за такі ўчынак завялі крымінальную справу.
– Для такой, на мой погляд, нязначнай справы, як пару надпісаў, было задзейнічана столькі людзей і столькі пераведзена паперы, проста з-за таго, што гэты хлопец выказаў вельмі распаўсюджаную думку. Усё ж такі ўсе мы жывём у грамадстве. І міліцыянты таксама. І сілавыя структуры. Яны разумеюць, якія змены ў нас ідуць.
Суд над Аляксеем Казлоўскім 3 снежня доўжыўся каля трох гадзінаў з перапынкамі, але суддзя прысуд так і не агучыла. Пракурор прасіў пакараць падсуднага адным месяцам арышту і спыніць вытворчасць у сувязі з добраахвотным пакрыццём выдаткаў.
Прысуд па справе будзе абвешчаны ў 9-20 7 снежня.