viasna on patreon

Алесь Бяляцкі і «Вясна» атрымалі прэстыжную міжнародную прэмію «За годны лад жыцця – 2020» Відэа

2020 2020-12-04T11:10:00+0300 2020-12-04T13:24:36+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/premiya_bialyacki.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Старшыня праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі і арганізацыя сталі першымі беларускімі лаўрэатамі прэстыжнай міжнароднай узнагароды «Right Livelihood Award», вядомай як «Альтэрнатыўная Нобэлеўская прэмія». Беларускія праваабаронцы атрымалі ўзнагароду за ролю ў барацьбе за дэмакратыю і правы чалавека ў Беларусі. Урачыстае ўзнагароджанне адбылося 3 снежня ў Стакгольме.

Алесь Бяляцкі атрымаў узнагароду «Right Livelihood Award»
Алесь Бяляцкі на ўрачыстым узнагароджанні «Right Livelihood Award»

Алесь Бяляцкі: Свет ніколі не будзе мірыцца з масавымі парушэннямі правоў чалавека

Падчас урачыстага ўзнагароджання праваабаронца Алесь Бяляцкі заўважыў, што ўручэнне гэтай узнагароды адбываецца ў той час, калі ў Беларусі ідзе мірная рэвалюцыя:

"Вось ужо паўгода беларускае грамадства вядзе захапляльную барацьбу за правы чалавека, за дэмакратыю і справядлівасць, барацьбу за права "звацца народам", як казаў наш класік Янка Купала, барацьбу з апошнім дыктарам Еўропы і яго рэжымам, які ён будаваў больш 26 гадоў. І гэтая барацьба не праходзіць без ахвяр".

Лаўрэаты “альтэрнатыўнага Нобеля” і еўрапейскія палітыкі заклікаюць спыніць пераслед праваабаронцаў у Беларусі

29 парламентарыяў з Германіі і Швецыі, а таксама міністр замежных справаў Германіі Хайка Маас патрабуюць спыніць пераслед мірных дэманстрантаў і праваабаронцаў у Беларусі, гаворыцца ў тэрміновым звароце, апублікаваным на сайце прэміі “За годны лад жыцця”.

"У гэты няпросты для нас час прэстыжная прэмія "За годны лад жыцця" з’яўляецца для нас, праваабаронцаў "Вясны", моцнай маральнай падтрымкай. Узнагарода сведчыць, што тое, што мы робім 24 гады дзеля ўстанаўлення справядлівасці ў нашай краіне – гэта правільна і неабходна. Мы расцэньваем уручэнне гэтай прэміі не толькі як прызнанне якасці працы, мы ўспрымаем яе як знак салідарнасці ўсяго дэмакратычнага свету з беларускім народам. І гэта ясны сігнал беларускім уладам пра тое, што свет ніколі не будзе мірыцца з масавымі парушэннямі правоў чалавека і не прыме таго, што цяпер адбываецца ў Беларусі. Калі мы не хочам, каб Беларусь ператварылася ў ГУЛАГ, трэба падтрымліваць беларускі народ сёння і цяпер", – прамовіў падчас урачыстага ўзнагароджання Алесь Бяляцкі. 

"Мае калегі з "Вясны" таксама падвяргаюцца пераследу за праваабарончую дзейнасць", – адзначыў са сцэны Алесь Бяляцкі.

Старшыня Праваабарончага цэнтра "Вясна" сказаў, што ў адрас цэнтру пастаянна паступаюць пагрозы з боку спецыяльнага падраздзялення міліцыі. Нягледзячы на гэтыя пагрозы, праваабаронцы працягваюць займацца дапамогай рэпрэсаваным.

У 2020 годзе 18 сябраў і валанцёраў «Вясны» траплялі пад арышты і затрымліваліся. У кастрычніку Марына Кастылянчанка правяла ў турме месяц. Трэці месяц сядзіць каардынатарка Валанцёрскай Службы «Вясны» Марфа Рабкова і валанцёр Андрэй Чапюк. Іх затрымалі за тое, што яны арганізоўвалі прадуктовыя перадачы для палітычных зняволеных у Мінску. Гэту дабрачынную дапамогу ўлады расцанілі як злачынства. Ім пагражае турэмнае зняволенне да некалькі гадоў. 

Алесь Бяляцкі атрымаў узнагароду «Right Livelihood Award»
Алесь Бяляцкі на ўрачыстым узнагароджанні «Right Livelihood Award»

Лаўрэатка прэміі Насрын Сатудэх: Я цаню глыбіню вашай адданасці прадухіленню парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі

Абвяшчэнне пераможцаў прэміі, якую часта называюць “альтэрнатыўным Нобелем”, адбылося 1 кастрычніка. Акрамя “Вясны” сёлета ўзнагароду атрымалі іранская адвакатка Насрын Сатудэх, амерыканскі актывіст руху за грамадзянскія правы Браян Стывенсан і экаактывістка Лоці Канінгем Рэн з Нікарагуа.

Алесь Бяляцкі ў сваёй прамове, узгадаўшы ўсіх лаўрэатаў прэміі, сказаў, што "усе разам яны зробяць усё, каб зрабіць гэты свет стаў хоць крыху лепш".

Іранскую адвакатку Насрын Сатудэх у 2019 годзе асудзілі да 38 гадоў зняволення і 148 удараў бізуном. Менш за месяц таму яе часова выпусцілі з турмы праз праблемы са здароўем, але пазаўчора было прынята рашэнне вярнуць Насрын назад у турму.

"Прывітанне з Ірана. Карыстаючыся выпадкам, я хачу павіншаваць вас з атрыманнем прэміі "За правільны лад жыцця". Для мяне гонар і радасць атрымаць гэтую ўзнагароду разам з вамі.

Я цаню глыбіню вашай адданасці развіццю грамадзянскай супольнасці і прадухіленню парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі", – напісала адвакатка Насрын Сатудэх з Ірану Алесю Бяляцкаму з нагоды атрымання прэміі.

Глядзець ўрачыстае ўзнагароджанне Алеся Бяляцкага і "Вясны":

Алесь Бяляцкі і «Вясна» атрымалі прэстыжную міжнародную прэмію «За годны лад жыцця – 2020»

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства