"Гэта не памылка следчага, а працэс стварэння практыкі, якая пакрывае злачынствы ў дачыненні да грамадзянаў Беларусі"
Жыхар г. Ліды Мікалай Мякшыла ўвечары 10 жніўня быў беспадстаўна затрыманы і збіты супрацоўнікамі міліцыі, калі вяртаўся дадому.
Знаходзячыся недалёка ад свайго дома, ён вырашыў зафіксаваць на фота тое, што адбывалася на скрыжаванні вул. Ленінскай і пр. Перамогі, але не паспеў нічога зрабіць, бо да яго набліжаліся супрацоўнікі міліцыі ў чорнай экіпіроўцы і шлемах. Мікалай стаў ісці ў бок дома, аднак праз некалькі крокаў атрымаў удар ад кагосьці з міліцыянтаў у вобласць галавы, іншы супрацоўнік схапіў яго за руку і падняў яе рэзка ўверх, а астатнія – сталі біць па розных частках цела, але большасць удараў прыйшлося ў вобласць галавы і тулава. Мужчыну было нанесена не менш за 15 удараў, пасля чаго яго закінулі на падлогу ў службовую ГАЗель, рукі сцягнулі за спіной пластыкавым хамутом і адвезлі ў ЦІП г. Ліда. Там на Мікалая Мякшылу быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу.
Заяву аб збіцці мужчыны і перавышэнні службовых паўнамоцтваў супрацоўнікамі міліцыі ў Следчы камітэт падала сям'я яго суседзяў, якія назіралі за тым, што адбываецца.
2 верасня Мікалай Мякшыла прайшоў судова-медыцынскую экспертызу, згодна з якой у яго была дыягнаставана закрытая чэрапна-мазгавая траўма (страсенне галаўнога мозгу), сінякі, "падскурныя гематомы" твару (надброўных дугаў скулавых абласцей, у акружнасці абодвух вачэй), кровападцёк з ударам мяккіх тканін грудной клеткі злева. Пры правядзенні праверкі Следчым камітэтам нанесеныя цялесныя пашкоджанні былі вызначаныя як лёгкія па прыкмеце кароткачасовага расстройства здароўя.
Пры гэтым, апытаць "супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія ўдзельнічалі ў спыненні супрацьпраўных дзеянняў на тэрыторыі г. Ліда не прадставілася магчымым з прычыны таго, што ў межах рэалізацыі мерапрыемстваў па абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі, забеспячэння бяспекі супрацоўнікаў АУС недапушчальна прадастаўленне іх асабістых дадзеных".
У выніку праверкі старшы следчы УСК Гарадзенскай вобласці С. Амельчанка прыйшоў да высновы, што супрацоўнікі міліцыі 11 жніўня спынялі супрацьпраўныя дзеянні Мікалая Мякшылы, які ўдзельнічаў у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, а аб'ём і спосаб ужывання ў дачыненні да затрыманага фізічнай сілы і спецсродкаў, на думку следчага, абумоўлены характарам і ступенню грамадскай небяспекі масавых мерапрыемстваў, якія праходзілі ў перыяд з 9 па 12 жніўня, адпавядаюць задачам і абставінам спынення правапарушэння.
"Дзеянні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў не выходзілі за межы прадастаўленых паўнамоцтваў, г.зн. у дадзеных дзеяннях адсутнічае склад злачынства, прадугледжаны арт. 426 КК", - указаў на заканчэнні С. Амельчанка і адмовіў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы.
Мікалай Мякшыла з дапамогу юрыстаў ПЦ "Вясна" падрыхтаваў і накіраваў скаргу на адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў пракуратуру Гродзенскай вобласці.
У ёй пацярпелы указвае, што ў момант затрымання не аказваў супраціву альбо непадпарадкавання супрацоўнікам міліцыі, быў адзін, не здзяйсняў непасрэдна перад затрыманнем правапарушэнняў, таму ў міліцыянтаў адсутнічалі падставы прымянення да яго фізічнай сілы і спецсродкаў. У адпаведнасці з Законам "Аб органах унутраных спраў", супрацоўнік органаў унутраных спраў прымяняе фізічную сілу, у тым ліку баявыя прыёмы барацьбы, падручныя сродкі для спынення злачынстваў і адміністрацыйных правапарушэнняў, затрымання асобаў, якія іх здзейснілі, самаабароны, пераадолення процідзеяння яго законным патрабаванням, калі негвалтоўнымі спосабамі гэта зрабіць немагчыма.
"Ужыванне пластыкавага хамута ў адносінах да мяне было наогул супрацьпраўна, бо ён не прызначаны для прымянення ў дачыненні да затрыманых, а мае тэхнічнае прызначэнне. Таксама аб кожным выпадку прымянення фізічнай сілы, спецыяльных сродкаў, зброі, баявой і спецыяльнай тэхнікі супрацоўнік органаў унутраных спраў абавязаны паведаміць свайму непасрэднаму начальніку", - падкрэслівае Мікалай Мякшыла.
Ён указвае, што следчы ў пастанове павярхоўна пералічыў прычыненыя яму цялесныя пашкоджанні, не ўказаў зместу тлумачэнняў заяўнікаў - сям'і Мірановічаў.
"Без устанаўлення і апытання асобаў, якія здзейснілі ў дачыненні да мяне цяжкае злачынства, без выпатрабавання звестак, якія маглі б спрыяць іх устанаўленню, без вывучэння журнала рэгістрацыі прымянення фізічнай сілы, спецсродкаў і зброі, выпатрабавання відэазапісаў з відэарэгістратараў, камераў назірання на прылеглай тэрыторыі, без правядзення агляду месца злачынства следчы вынес пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы.
Гэта - не працэсуальная памылка следчага. Гэта - працэс стварэння заганнай, злачыннай практыкі, якая спараджае беспакаранасць, пакрывае злачынствы, здзейсненныя ў дачыненні да грамадзянаў Беларусі, разбурэння асноўных інстытутаў дзяржавы", - перакананы Мікалай Мякшыла.
Мужчына падкрэслівае, што не патрабаваў правядзенне апытання абстрактных супрацоўнікаў АУС, якія забяспечвалі правапарадак у Лідзе, а прасіў устанавіць і прыцягнуць да адказнасці канкрэтных людзей, якія здзейснілі ў дачыненні да яго службовае злачынства. Аднак следчым С. Амельчанка гэтага зроблена не было, а расследаванне праведзена няпоўна і аднабакова.
"Адпаведна, выснова аб адсутнасці падстаў для ўзбуджэння крымінальнай справы зроблены, з аднаго боку – заўчасна, без ўстанаўлення шэрагу абставінаў, з другога боку – незаконна, паколькі ў аснову вываду аб правамерным характары дзеянняў супрацоўнікаў АУС не прыведзена ніякіх аб'ектыўных довадаў", - адзначае у свой скарзе мужчына і просіць пракурора Гродзенскай вобласці ўсё ж распачаць крымінальную справу ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, якія яго збілі.