viasna on patreon

"Мяне жорстка затрымалі, запалохвалі і пагражалі. Як зафіксаваць парушэнні правоў?"

2020 2020-12-11T14:19:42+0300 2024-02-07T16:44:28+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zatrymanyja_raus.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Затрыманыя ляжаць на падлозе спартзалы ў райаддзеле міліцыі

Затрыманыя ляжаць на падлозе спартзалы ў райаддзеле міліцыі

Вось ужо чатыры месяцы, як Беларусь акунулася ў мірныя пратэсты грамадзянаў супраць фальсіфікацыі выбараў, катаванняў і гвалту ў дачыненні да дэманстрантаў з боку сілавікоў і за права жыць у свабоднай краіне.

Нягледзячы на шматлікія заявы аб жорсткім, бесчалавечным абыходжанні з затрыманымі 9-13 жніўня і фіксацыю катаванняў у дачыненні да іх, Следчы камітэт дагэтуль не распачаў ніводнай крымінальнай справы за перавышэнне службовых паўнамоцтваў супрацоўнікамі міліцыі і іншых падраздзяленняў сілавых ведамстваў.

Разам з тым, пры затрыманні мірных пратэстоўцаў міліцыя і АМАП па-ранейшаму ўжываюць залішнюю фізічную сілу, спецсродкі і іншыя формы забароненага абыходжання, якія часам прыводзяць да трагічных наступстваў.

Праваабаронцы "Вясны" працягваюць дакументаваць выпадкі катаванняў і гвалту ў дачыненні да затрыманых.

Што такое "катаванне"?

Згодна з вызначэннем Канвенцыі супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання,

"катаванне" азначае любое дзеянне, якім нейкай асобе наўмысна наносіцца моцны боль альбо пакута, фізічная або маральная, каб атрымаць ад яе або ад трэцяй асобы звесткі ці прызнанні, пакараць яе за дзеянне, якое здзейсніла яна ці трэцяя асоба ці ва ўчыненні якога яна падазраецца, а таксама запалохаць ці прымусіць яе ці трэцюю асобу, або па любой прычыне, заснаванай на дыскрымінацыі любога характару, калі такі боль альбо пакута прычыняюцца дзяржаўнай службовай асобай ці іншай асобай, якая выступае ў афіцыйнай якасці, або па іх падбухторванні, ці з іх ведама або маўклівай згоды.

Варта адзначыць, што ў паняцце "катаванне" ўключаецца не толькі прымяненне фізічнай сілы, але і, напрыклад, адсутнасць доступу да вады і ежы, немагчымасць справіць фізічныя патрэбы (схадзіць у туалет), перанаселенасць ў месцы ўтрымання затрыманых, размяшчэнне на вуліцы ў неспрыяльных умовах надвор'я (холад ці спякота, дождж), утрыманне ў нязручных позах працяглы час (стоячы на каленях, у расцяжцы, са звязаным за спіной або з высока паднятымі рукамі), псіхалагічны ціск, шантаж, запалохванне і іншыя формы ўздзеяння.

Што такое дакументаванне жорсткага абыходжання?

Дакументаванне жорсткага абыходжання – гэта збор фактаў шляхам аўдыё- і відэазапісу апавяданняў людзей, якія падвергліся маральнаму ці фізічнаму ціску, збіццю, катаванням з боку праваахоўных органаў, а таксама пашкоджанню маёмасці або змяшчэнню ў дрэнных умовах у РУУС і/або месцах несвабоды.

Чаму дакументаванне так важна?

Дакументаванне важна, каб:

  • аказаць дапамогу пацярпелым ад дзеянняў сілавікоў і мінімізаваць атрыманую шкоду;
  • звяртацца ў міжнародныя органы: да спецдакладчыкаў ААН, Камітэт па правах чалавека, Камітэт па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын, Парламенцкую асамблею Савета Еўропы, структуры ЕС, дыпламатычныя прадстаўніцтвы і іншыя;
  • мець магчымасць процідзейнічаць паўтору падобных падзей;
  • у будучыні прыцягнуць да адказнасці злачынцаў.

Уся прадстаўленая інфармацыя можа быць ананімнай або публічнай.

Яшчэ трохі пра важнасць дакументавання

Для таго, каб лепш зразумець сутнасць і значэнне дакументавання, рэкамендуем паглядзець серыю відэа на YouTube ад асветніцкага праекта DOCUMENT.

Праект выпушчаны ў сувязі з актывізацыяй грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і наступнай неправамернай рэпрэсіўнай рэакцыяй на яе з боку ўладаў краіны.

Як можна зрабіць дакументаванне?

Ёсць некалькі спосабаў дакументавання катаванняў і жорсткага абыходжання.

1. Падаць заяву ў раённае ўпраўленне Следчага камітэта або Следчы камітэт вашага горада, прайсці апытанне ў следчага, які павінен выдаць накіраванне на праходжанне судова-медыцынскай экспертызы.

Пасля атрымання вынікаў абследавання можа быць пачаты працэс прыцягнення вінаватых да адказнасці за супрацьпраўныя дзеянні ў дачыненні да пацярпелага.

Калі пацярпелы знаходзіцца ў бальніцы - можна адправіць электронны зварот праз сайт Следчага камітэта, тады следчы павінен будзе прыйсці для апытання да ахвяры катаванняў і жорсткага абыходжання.

Юрысты ПЦ "Вясна" могуць дапамагчы ў складанні звароту ў СК.

FAQ ад праваабаронцаў: "Мяне збівалі сілавікі. Што цяпер рабіць?"

У Праваабарончы цэнтр "Вясна" паступае вялікая колькасць званкоў і лістоў з інфармацыяй аб тым, што людзей збівалі падчас затрыманняў, транспарціроўкі і непасрэдна ў ІЧУ.

2. Калі вы не гатовыя звяртацца ў Следчы камітэт, то можна самастойна прайсці медыцынскае абследаванне ў паліклініцы па месцы рэгістрацыі або ў прыватным медцэнтры. Такое абследаванне не з'яўляецца афіцыйным аглядам і не мае юрыдычнай сілы, аднак лекар зафіксуе атрыманыя траўмы і стан вашага здароўя.

Пасля гэтага вы можаце запісацца да праваабаронцаў "Вясны" на інтэрв'ю, дзе пад відэа- ці аўдыёзапіс зможаце распавесці сваю гісторыю. Пры дакументаванні з вамі будуць мець зносіны падрыхтаваныя спецыялісты і псіхолаг. Атрыманыя звесткі не будуць распаўсюдзяцца без вашага жадання на тэрыторыі Беларусі, а будуць архівавацца і падавацца толькі для запуску міжнародных праваабарончых працэсаў.

3. Самастойнае дакументаванне праводзіцца вамі пры першай магчымасці і заключаецца ў тым, каб:

  • сфатаграфаваць атрыманыя траўмы,
  • запісаць важную інфармацыю ў аўдыё- або відэафармаце: дата, час і месца здарэння, дадзеныя асобаў, якія маюць дачыненне да жорсткага абыходжання, дадзеныя аб сведках, ваш стан і самаадчуванне,
  • захаваць копію медыцынскіх дакументаў, калі праходзілі абследаванне,
  • захаваць тую вопратку, у якую вы былі апранутыя падчас здарэння.

Больш падрабязна пра тое, як правесці самастойнае дакументаванне, можна даведацца ў спецыяльнай брашуры "Дакументаванне фактаў жорсткага абыходжання з боку органаў дзяржаўнай улады", падрыхтаванай дацкім інстытутам супраць катаванняў "DIGNITY".

Чаму варта звярнуцца да праваабаронцаў "Вясны"?

  • Ваша бяспека і захаванасць вашай гісторыі - асноўная задача каманды па дакументаванні, ніякая інфармацыя не будзе надавацца агалосцы без вашай згоды.
  • На дадзены момант намі сабрана каля 1000 гісторый пацярпелых, а інфармацыя ў абагульненым выглядзе была перададзена ў міжнародныя праваабарончыя органы, якія запусцілі механізмы па незалежным расследаванні катаванняў у Беларусі.
  • Каля 50 чалавек з дапамогай праваабаронцаў звярнуліся ў Камітэт супраць катаванняў ААН.

Якую яшчэ дапамогу могуць аказаць у "Вясне"?

Вы можаце разлічваць на дапамогу нашых юрыстаў у складанні скаргаў на незаконнае затрыманне, забароненае абыходжанне з боку супрацоўнікаў міліцыі, умовы ўтрымання ў месцах зняволення, іншыя парушэнні з боку прадстаўнікоў улады.

Як запісацца на дакументаванне?

Звязацца з праваабаронцамі "Вясны", каб запісацца на дакументаванне катаванняў, жорсткага і бесчалавечнага абыходжання ў Мінску можна праз тэлеграм @viasnadoc ці пошту viasnadoc@spring96.org.

Калі вы не маеце магчымасці да нас прыйсці ці прыехаць, вы можаце:

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства