viasna on patreon

За абразу экс-кіраўніка МУС Караева ў каментары на YouTube супрацоўніка "МАЗа" асудзілі да трох гадоў "хіміі"

2020 2020-12-15T10:24:14+0300 2020-12-15T10:24:15+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/karaev.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Заводскага раёна Мінска 15 снежня асудзіў па арт. 369 Крымінальнага кодэкса 31-гадовага зваршчыка "МАЗа" Юрыя Карніловіча за абразу 2 ліпеня генерал-маёра міліцыі, на той момант — міністра ўнутраных справаў, Юрыя Караева ў каментары да відэароліка на YouTube-канале "АГП-ТВ". Мінчука прызналі вінаватым у публічнай абразе міністра і прысудзілі да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу ("хіміі"). У судовым працэсе сам каментар даслоўна агучаны не быў з-за таго, што ўтрымліваў ненарматыўную лексіку, але сэнс яго зводзіўся да наступнага: "Караеў спалохаецца хутчэй, чым скажа прэзідэнту, што будзе выконваць Канстытуцыю". Ні на судзе, ні падчас следства пацярпелы Караеў дапытаны не быў.

Юрый Караеў. Скрын з відэа
Юрый Караеў. Скрын з відэа

Крымінальную справу разглядала суддзя Анжэла Касцюкевіч. Пацярпелы Юры Караеў, чакана, на судовы разгляд не з'явіўся і прасіў суд разгледзіць крымінальную справу ў яго адсутнасць. Як паказвае практыка, у беларускіх судах гэта ўжо стала традыцыяй, калі высокапастаўленыя чыноўнікі не з'яўляюцца на разгляд крымінальных спраў за іх абразу. Так, нядаўна на суд не з'явіліся начальнік мінскага АМАПа Дзмітрый Балаба і экс-намеснік міністра ўнутраных спраў Аляксандр Барсукоў. Двух хлопцаў таксама асудзілі па артыкуле 369 Крымінальнага кодэкса да абмежавання волі. Аднак у адрозненне ад гэтых кейсаў, Юрыя Караева як пацярпелага не дапытвалі нават падчас следства.

Паводле абвінавачвання, Юрый Карніловіч сваім каментаром да роліка палітыка Анатоля Лябедзькі на YouTube-канале "АГП-ТБ" "ПРА НАС, а дакладней пра генерала Караева, які здрэйфіў сустрэцца з грамадзянамі" "прынізіў гонар і годнасць Караева, прычыніў яму маральныя пакуты, падарваў яго аўтарытэт, асабістыя і прафесійныя якасці, а таксама аўтарытэт органаў унутраных спраў у цэлым".

Юрый Карніловіч на судзе прызнаў віну часткова:

"Так, я пісаў, але я не лічу свой каментар абразлівым". 

Хлопец распавёў, што на канал "АГП-ТБ", які вядзе Анатоль Лябедзька, ён быў падпісаны і ведае, што там публікуюцца відэаролікі пра палітыку. Але на судзе ён не змог успомніць назву відэароліка, пад якім ён пакінуў каментар, дзе ён сам знаходзіўся, калі пакінуў каментар з тэлефона.

"Відэаролік паглядзеў не да канца. У ім ішла гаворка аб тым, што генерал Караеў спалохаўся сустрэцца з народам".

Хлопец распавёў на працэсе, што каментар вырашыў пакінуць праз неразуменне, што Караеў не можа сустрэцца з народам. Карніловіч сказаў, што не хацеў яго абражаць, а такія выказванні ў яго асяроддзі [на «МАЗе»] дапушчальныя. Юрый дадаў, што на "МАЗе" ён працуе больш за дзесяць гадоў, і падобныя выказванні ў яго працоўным калектыве – гэта нармальная з'ява, на такія словы не звяртаюць увагу.

"Я не думаў, што каментар будзе расцэнены як абразу. Тым больш, што я быў зарэгістраваны пад сваім імем – мне не было чаго хаваць".

Дзяржабвінаваўца зачытала паказанні Карніловіча, дадзеныя ім падчас следства ў верасні, паводле якіх ён сваім каментаром хацеў сказаць, што "міністр унутраных спраў Караеў пабаіцца сказаць прэзідэнту Лукашэнку, каб той выконваў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь". У пратаколе напісана, што ён ўсведамляў, што ўжытае ў каментары слова некарэктна і недазваляльна ў адносінах да міністра, але ён не хацеў яго абражаць, каментар быў напісаны "на эмоцыях", і не думаў, што за гэта ён можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці. У судзе ён пагадзіўся з гэтымі паказаннямі.

У матэрыялах крымінальнай справы былі далучаныя на 22 лістах скрыншоты 970 каментароў да гэтага відэа ў адрас Юрыя Караева. Сярод якіх быў каментар Юрыя Карніловіча. Мінчук распавёў на працэсе, што да яго прыходзіў супрацоўнік Службы бяспекі і параіў напісаць у каментары пад відэа, што ён просіць прабачэння перад міністрам. Акрамя таго, супрацоўнікі міліцыі запісалі з ім раскаяльнае відэа. Хлопец папрасіў аператыўніка перадаць Юрыю Караеву свае прабачэнні. Калі ім зацікавіліся органы, то Юрый выдаліў свой каментар. 

У матэрыялах справы было далучана заключэнне эксперта ад 30 ліпеня, паводле высноў якога ў пакінутым каментары Карніловічам утрымліваецца негатыўная ацэнка Караева. Аднак на судзе не былі агучаныя ні прозвішча, ні пасада і месца працы эксперта.

У хлопца нязнятая непагашаная судзімасць паводле ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса: у студзені 2019 года суд Мінскага раёна асудзіў яго да 2,3 гадоў "хіміі", якая праз некалькі месяцаў была замененая на "хатнюю хімію", а потым і зусім вызвалены паводле амністыі. Пракурорка запрасіла ў суда пакаранне для Юрыя Карніловіча тры гады абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Гэта самае строгае пакаранне па артыкуле 369 КК. Суддзя суда Заводскага раёна Анжэла Касцюкевіч прызначыла мінчуку менавіта такое пакаранне.

Іншыя суды па артыкуле 369 Крымінальнага кодэкса:

За абразу начальніка мінскага АМАПу Балабы студэнта асудзілі на паўтары гады "хіміі"

Суд Фрунзенскага раёна разглядзеў крымінальную справу па арт. 369 Крымінальнага кодэкса ў дачыненні да 19-гадовага студэнта МДЛУ Іллі Тананкі за абразу палкоўніка міліцыі, начальніка АМАПу Мінска Дзмітрыя Балабы.

Мінчука асудзілі на два гады "хатняй хіміі" за абразу экс-намесніка міністра ўнутраных справаў Барсукова

Суд Маскоўскага раёна Мінска асудзіў 7 снежня 25-гадовага прадаўца-кансультанта, мужа супрацоўніцы ГУУС Мінгарвыканкама Івана Артуса па арт. 369 Крымінальнага кодэкса Беларусі за абразу былога намесніка міністра ўнутраных спраў, а цяпер памочніка Аляксандра Лукашэнкі па Мінску Аляксандра Барсукова.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства