viasna on patreon

Хто тыя 23 жанчыны, якіх праваабаронцы прызналі палітзняволенымі

2020 2020-12-15T19:00:00+0300 2020-12-15T21:05:09+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/palitviyazni_90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Па стане на 15 снежня ў Беларусі налічваецца 155 палітычных зняволеных, 23 з якіх — жанчыны. Сярод іх — праваабаронца, журналісткі, студэнткі, выкладчыцы, рэдактарка тэлеграм-канала, актывісткі, сябры ініцыятыўных груп альтэрнатыўных кандыдатаў і Каардынацыйнай Рады і іншыя. 21 жанчына сталі фігуранткамі крымінальных справаў па артыкулах 293 і 342 Крымінальнага кодэкса. Усе, акрамя адной, на дадзены момант утрымліваюцца пад вартай у розных следчых ізалятарах Беларусі. Некаторым пагражае да васьмі гадоў пазбаўлення волі. «Вясна» распавядае пра жанчын, якіх беларускія ўлады крымінальна пераследуюць па палітычных матывах.

Ілюстрацыя Аліны Шаховіч
Ілюстрацыя Аліны Шаховіч

За тры месяцы колькасць жанчын-палітзняволеных павялічылася ў 6 разоў

Апошні раз мы распавядалі пра жанчын, якія крымінальна пераследуюцца па палітычных матывах, тры месяцы таму. Тады па стане на раніцу 10 верасня ў Беларусі налічвалася 55 палітычных зняволеных, чатыры з якіх — жанчыны. Гэта былі каардынатарка ініцыятыўнай группы Віктара Бабарыкі па адным з раёнаў Мінска Святлана Купрэева, давераная асоба Святланы Ціханоўскай у Гомелі Таццяна Канеўская, сябра Прэзідыўму Каардынацыйнай Рады Лілія Уласава і супрацоўніца PandaDoc Юлія Шардыка. За тры месяцы нікога з іх яшчэ не судзілі, але Лілія Уласава і Юлія Шардыка былі вызваленыя пад падпіску аб нявыездзе, яны застаюцца ў статусах абвінавачаных па эканамічных злачынствах і чакаюць судоў. Святлана Купрэева і Таццяна Канеўская працягваюць утрымлівацца ў следчых ізалятарах.

У Беларусі чатыры жанчыны-палітзняволеныя. За што іх пераследуе дзяржава?

«Вясна» сабрала гісторыі палітычных зняволеных жанчын Беларусі. Чытаць гісторыі каардынатаркі ініцыятыўнай группы Віктара Бабарыкі па адным з раёнаў Мінска Святланы Купрэевай і даверанай асобы Святланы Ціханоўскай у Гомелі Таццяны Канеўскай.

Распавядаем, хто гэтыя 21 жанчына, якія апынуліся за кратамі цягам апошніх трох месяцаў па палітычных матыввах.

Праваабаронца «Вясны» Марфа Рабкова 

Каардынатарку Валанцёрскай Службы «Вясны» Марфу Рабкову ўтрымліваюць пад вартай ужо амаль тры месяцы. Марфа была затрыманая 17 верасня ў Мінску разам са сваім мужам, калі вярталася з урачыстага ўзнагароджання "Вясны" польскай прэміяй “Арол” імя Яна Карскага. У ГУБАЗіК яе даставілі ў той сукенцы, у яна якой вярталася з прэміі. 

Ёй прад'явілі абвінавачванне па ч.3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаванні такой дзейнасці. Санкцыя артыкула, які ёй інкрымінуецца, прадугледжвае арышт або пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў. У абарону Марфы і з заклікам да беларускіх уладаў аб неадкладным вызваленні праваабаронцы выступіла беларуская праваабарончая супольнасць, спецдакладчыкі ААН і шэраг міжнародных арганізацый. Amnesty International абвясціла тэрміновую акцыю, патрабуючы ад беларускіх уладаў неадкладнага вызвалення праваабаронцы “Вясны” Марфы Рабковай.

Першы ліст муж Вадзім ад Марфы атрымаў у сярэдзіне лістапада — да гэтага была "інфармацыйная блакада". Марфа напісала, што яе справу збіраюцца перадаць у суд у бліжэйшы час. Распавядала, што да яе ў камеру прыходзяць супрацоўнікі ГУБАЗіК:

"Кажуць аб змене меры стрымання, але сам ведаеш, на якіх умовах. Я прытрымліваюся ранейшай лініі паводзін. І ведаю, што яна правільная".

Каля 200 беларусаў падпісвалі паручальніцтва, каб Марфе змянілі меру стрымання і адпусцілі на волю. Але 20 лістапада суд Партызанскага раёна адхіліў хадайніцтва аб меры стрымання Марфы і не прыняў да ўвагі волю пару соцен беларусаў і беларусак. Марфа сустрэне Новы год за кратамі на «Валададарцы». 

Заклікаем падтрымаць нашу каляжанку Марфу лістамі салідарнасці і павіншаваць яе з навогоднімі святамі!

Адрас: СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030

Марыі Аляксандраўне Рабковай

Сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады Марыя Калеснікава

Марыя Калеснікава. Ілюстрацыя Ганны Радзько
Марыя Калеснікава. Ілюстрацыя Ганны Радзько

Марыя Калеснікава з'яўлялася кіраўніцай выбарчага штаба Віктара Бабарыкі, а потым і сябрай прэзідыума Каардынацыйнай рады.

Сілавікі выкралі яе 7 верасня ў Мінску разам з яшчэ дзвюма сябрамі Каардынацыйнай рады Антонам Радненковым і Іванам Краўцовым. Іх гвалтоўна прывезлі на беларуска-украінскую мяжу для выдварэння з краіны. Аднак парваўшы свой пашпарт на памежным пераходзе і выскачыўшы з аўтамабіля, Марыя Калеснікава перашкодзіла рэалізацыі спецаперацыі сілавікоў. Але некаторы час гэтая інфармацыя была невядомай — грамадскасць і родныя Марыі не ведалі нічога пра яе месцазнаходжанне. Беларускі Хельсінкскі Камітэт накіраваў у працоўную групу ААН па гвалтоўных або недобраахвотных знікненнях паведамленне па сітуацыі з выкраданнем Марыі Калеснікавай.

9 верасня стала вядома, што Марыя затрыманая і падазраецца ў крымінальным злачынстве па ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь).

Марыя Калеснікава перадала з турмы ліст, дзе распавяла, што  пасля 7 верасня пасля яе выкрадання яе завезлі і «сілай зацягнулі ў кабінет Карпянкова М. М. (начальніка ГУБАЗіК МУС), дзе ён крычаў, абражаў, запалохваў. У яго кабінеце «гутарка» адбывалася з двума іншымі спадарамі (Казакевічам Г. А., першым намеснікам міністра ўнутраных спраў і Паўлючэнкам А. Ю., начальнікам ААЦ). Яны паставілі ўльтыматум: я з'язджаю з краіны і з-за мяжы раблю, што хачу, альбо мяне вывезуць — жывую або па частках. Зломяць пальцы, закрыюць на 25 гадоў на зоне, дзе я буду шыць кашулі сілавікам. Гутарка доўжылася пару гадзін з перапынкам на «адпачынак» у камеры-адзіночцы».

У сувязі з гэтым намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч звярнуўся да Генеральнага пракурора Беларусі Андрэя Шведа з патрабаваннем узбудзіць крымінальную справу ў дачыненні да службовых асоб, якія датычныя да затрымання і ціску на сябра Каардынацыйнай рады Марыю Калеснікаву.       

З 12 верасня Марыю Калеснікаву ўтрымліваюць у жодзінскім СІЗА.

Ва ўдзеле ў масавых беспарадках абвінавачваюць 5 жанчын

44-гадовую Алену Маўшук затрымалі ноччу 10 жніўня ў Пінску. Яе абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса. Муж Алены не ведаў пра яе месцазнаходжанне і стан жонкі на працягу чатырох сутак з моманта затрымання. Пазней з ім звязалася сукамерніца жанчыны і распавяла, што Алена знаходзіцца ў камеры "голая, босая, збітая". Са словаў гэтай жанчыны Алена ў камеру патрапіла ўся ў сіняках. У Алены Маўшук трое дачок: адна — паўнагадовая, дзве — малалетнія. 10-гадовую Ангеліну 17 верасня са школы забралі ў сацыяльны прытулак, таму што муж Алены з'яўляецца яе айчымам. Як паведаміла Алена ў сваіх лістах, палітзняволеную ў СІЗА паставілі на ўлік як «схільную да захопу адміністрацыі з захопам закладнікаў і праявы агрэсіі».

Ужо пяты месяц Алена ўтрымліваецца ў СІЗА-6 г. Баранавічы.

«Гэта было ўжо не збіццё, гэта былі катаванні». Пяць гісторый палітвязняў «Пінскай справы»

"Вясна" сустрэлася са сваякамі пінскіх палітвязняў у Баранавічах каля СІЗА, куды яны прыехалі ўсе разам, каб перадаць сваім блізкім перадачы. Мы пагутарылі з імі і нам удалося даведацца гісторыі пяці палітычных зняволеных пінчукоў. З чаго пачалася "Пінская справа", як яе фігурантамі сталі Вячаслаў Рагашчук, Алена Маўшук, Станіслаў Міхайлаў, Алег Рубец і Данііл Богнат, што яны пішуць у сваіх лістах — чытайце ў нашым матэрыяле.

Ганна Сунгурава, мэнэджэрка ў мэблевай кампаніі, маці траіх дзяцей, утрымліваецца пад вартай з 25 верасня па абвінавачванню ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 КК). Як распавяла «Вясне» мама Ганны, з 9 жніўня Ганна ўдзельнічала ў акцыях пратэсту і па магчымасці дапамагала іншым людзям: дапамагала развозіць людзей па дамах пасля мітынгаў, а таксама забірала на машыне затрыманых, якіх выпускалі з ізалятара на Акрэсціна.

Затрымалі Ганну Сунгураву 25 верасня. Да яе прыехалі з ператрусам, канфіскавалі два кампутары і тэлефон, а затым павезлі ў Следчы камітэт. Больш Ганна на волю не выйшла. Ганна Сунгурава ўтрымліваецца ў СІЗА-1 на Валадарскага.

"Жыве для іншых і бачыць у гэтым шчасце". Мама аб палітычнай зняволенай Ганне Сунгуравой

Мама Ганны Анжэла распавяла «Вясне» аб захапленнях і жыццёвай пазіцыі сваёй дачкі.

Давераная асоба Святланы Ціханоўскай Антаніна Канавалава была затрыманая 6 верасня і асуджаная ў адміністрацыйным парадку на 40 базавых велічынь штрафа за ўдзел у несанкцыянавым мерапрыемстве. Аднак пасля суду жанчыну не адпусцілі, а перазатрымалі ў межах крымінальнай справы. Пазней ёй прад’явілі абвінавачванні па арт. 293 Крымінальнага кодэкса. Ужо больш за тры месяцы Антаніну ўтрымліваюць у СІЗА-1 г. Мінска.

Марыя Несцерава абвінавачваецца ва ўдзеле ў масавых беспарадках у Мінску па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса. У мінскім СІЗА-1 яна ўтрымліваецца ўжо другі месяц. 5 лістапада беларускія праваабаронцы прызналі яе палітычнай зняволенай.

Рэдактарка тэлеграм-канала "Мая краіна Беларусь” Ірына Шчасная была затрыманая 20 лістапада ў межах крымінальнай справы аб “масавых беспарадках" па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса.

Ірына Шчасная. Фота з сацыяльных сетак.
Ірына Шчасная. Фота з сацыяльных сетак

«Супрацоўнікі былі пераапранутыя ў работнікаў ЖЭСа. Калі мама Ірыны заходзіла ў пад'езд дома, дзе пражывае яе дачка „"жэсаўцы" пацікавіліся, ці ёсць у кватэры гарачая вада. Маці дзяўчыны адказала, што не пражывае тут і не можа адказаць на іх пытанне. Супрацоўнікі зайшлі разам з ёй у пад'езд, а калі яна адчыняла дзверы кватэры, жорстка адштурхнулі яе», — распавядаецца пра затрыманне Ірыны.

Прэс-служба МУС паведаміла, што супрацоўнікі ГУБАЗіКа затрымалі адміністратарку «дэструктыўных» тэлеграм-каналаў «Мая Краіна Беларусь», «Беларусь 24», «Баста», «Беларусь галаўнога мозгу» і «Элехтарат».

Ірына ўтрымліваецца ў СІЗА-1 г. Мінска ўжо амаль месяц. Дома ў яе 10-гадовы сын Герман.

Фігуранткамі крымінальнага артыкула 342 з'яўляюцца 15 жанчын

25-гадовую настаўніцу польскай і ангельскай моваў з Брэста Марыну Глазаву затрымалі раніцай 23 верасня дома. Падставай для затрымання стала падазрэнне ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Яе абвінавачваюць у тым, што яна 13 верасня арганізавала "масавыя беспарадкі ў выглядзе карагодаў". Марыну каля двух месяцаў утрымлівалі пад вартай у брэсцкім СІЗА як абвінавачаную па "справе карагодаў". Цяпер яна пераведзеная пад хатні арышт, але ёй забаронена карыстацца ўсімі відамі сувязі, у тым ліку адказваць на лісты. Мець зносіны яна можа толькі з блізкімі сваякамі, адвакатам і следчым. Справа Глазавай ужо перададзеная ў суд, але калі ён адбудзецца – невядома.

«Справа карагодаў» у Брэсце. Што вядома цяпер?

Пасля падзей 13 верасня ў Брэсце, калі супраць пратэстоўцаў, якія на Маршы герояў спявалі і танчылі ў карагодах, быў выкарыстаны вадамёт, была ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. У Брэсце гэтая справа называецца "справа карагодаў". Дзясяткі фігурантаў гэтай крымінальнай справы, вялікая следчая група, палізняволеная Марына Глазава — "Вясна" распавядае, што вядома пра "справу карагодаў" цяпер, праз 1,5 месяцы пасля яе ўзбуджэння.

Былую журналістку "Народнай волі" Вольгу Класкоўскую затрымалі 14 кастрычніка ў Мінску. Яе абвінавачваюць у перакрыцці руху транспарту на скрыжаванні праспекта Ракасоўскага і вуліцы Пляханава ўвечары 13 кастрычніка. Акцыю праводзілі каля 7 чалавек, сярод якіх нібыта была і Вольга Класкоўская. У іх узнікла сутычка з адным з кіроўцаў. Ёй ставяць у віну здзяйсненне злачынства, прадугледжанага арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і пацягнулі парушэнне працы транспарту). Вольгу на час следства змясцілі пад варту ў жодзінскую турму. 17 снежня ў судзе Ленінскага раёна Мінска ўжо прызначаны суд над Вольгай Класкоўскай. 

Палітзняволенная Вольга Класкоўская: “Воля нараджаецца ў пакутах”

Праваабарончы цэнтр “Вясна” паразмаўляў з яе маці, Людмілай Класкоўскай, якая распавяла пра стан дачкі і яе лісты.

Справа студэнтак — артыкул 342

Па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса праходзяць таксама студэнткі і актывісткі "Задзіночання беларускіх студэнтаў". Мы ўжо падрабязна распавядалі пра фігурантак гэтай справы. За кратамі на «Валадарцы» цяпер знаходзяцца сем дзяўчын. Так, пад крымінальны пераслед па арт. 342 Крымінальнага кодэкса патрапілі:

  • Алана Гебрэмарыям — сябра асноўнага складу Каардынацыйнага савета, "Задзіночання беларускіх студэнтаў", актывістка "Моладзевага блоку",
  • Ксенія Сырамалот — студэнтка чацвёртага курса факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ, прэс-сакратарка “Заадзіночання беларускіх студэнтаў”, валанцёрка “Вясны”,
  • Вікторыя Гранкоўская —былая студэнтка БНТУ і стараста групы, якую адлічылі пасля восеньскіх акцый пратэсту ў Беларусі,
  • Настасся Булыбенка — былая студэнтка БНТУ, якую адлічылі падчас восеньскіх акцый пратэсту ў Беларусі,
  • Марыя Каленік — студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў,
  • Кася Будзько — студэнтка факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ, прыхільніца “Заадзіночання беларускіх студэнтаў”,
  • Яна Арабейка — студэнтка факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ, актывістка, прыхільніца “Заадзіночання беларускіх студэнтаў”.

Усе былі затрыманыя 12 лістапада супрацоўнікамі КДБ. Адразу ўсіх змясцілі ў СІЗА КДБ, а пасля перавялі ў СІЗА-1 на Валадарскага, дзе яны ўтрымліваюцца ўжо больш за месяц. 

Справа студэнтаў — артыкул 342. Частка першая

12 лістапада стала чорным чацвяргом беларускага студэнцтва: у гэты дзень былі затрыманыя адразу дзесяць моладзевых актывістаў і актывістак, студэнтаў і студэнтак розных вузаў Беларусі (ці тыя, каго ўжо паспелі адлічыць пасля восеньскіх акцый пратэсту). Ім прад’яўлена абвінавачанне па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу, яны прызнаныя палітвязнямі. Пра ўсіх іх і кожнага з іх – гэты тэкст.

Справа студэнтаў — артыкул 342. Частка другая

Дзесяці моладзевым актывістам і актывісткам, студэнтам і студэнткам прад’яўлена абвінавачанне па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу, яны прызнаныя палітвязнямі.

Праз два тыдні, 26 лістапада, таксама па гэтай справе была затрыманая студэнтка механіка-матэматычнага факультэта БДУ Таццяна Якельчык. Перад затрыманнем у яе дома прайшоў ператрус, падчас якога былі канфіскаваны тэлефон, ноўтбук. З СІЗА КДБ, дзе Таццяна ўтрымлівалася першыя некалькі дзён пасля затрымання, яе перавялі ў СІЗА на вул. Валадарскага. Яна праходзіць па справе аб групавых дзеяннях, груба парушаючых грамадскі парадак (арт. 342 КК).

Як і студэнцкія актывісты, 12 лістапада была затрыманая выкладчыца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, асістэнтка кафедры ПЗІТ Вольга Філатчанкава. Яна ўдзельнічала ў відэазвароце выкладчыкаў БДУІР супраць гвалту, брала ўдзел у забастоўцы. Супрацоўнікі КДБ затрымалі Вольгу 12 лістапада пасля ператрусу ў яе дома. Вользе прад’яўлена абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя альбо ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Спачатку яе змясцілі пад варту ў СІЗА КДБ, затым перавялі ў СІЗА-1.

Знялася ў відэазвароце супраць гвалту і страйкавала. Што вядома пра палітзняволеную выкладчыцу БДУІР

"Вясна" паразмаўляла з сынам палітвязняволенай Іванам і распавядае гісторыю Вольгі.

Тры журналісткі за кратамі па крымінальных артыкулах

Беларускія журналісткі Кацярына Барысевіч з TUT.BY, Дар'я Чульцова і Кацярына Андрэева з "Белсату" ужо месяц знаходзяцца пад вартай па крымінальных справах. 

zhurnalistki_belsat.jpg
Журналісткі Дар'я Чульцова, Кацярына Андрэева і Кацярына Барысевіч. Ілюстрацыя "Белсата"

Кацярыну Андрэеву і Дар'ю Чульцову абвінавачаюць па ч. 1 арт. 342 КК за тое, што вялі стрым з "Плошчы пераменаў" 15 лістапада, дзе адбывалася акцыя пратэсту. На працягу некалькіх гадзін Кацярына разам з аператаркай Дар'яй у прамым эфіры з 14-га паверха паказвалі, як збіраюцца людзі, пад'язджаюць сілавікі і праводзяць затрыманні, а пасля ліквідуюць народны мемарыял. Пасля разгону ўдзельнікаў акцыі на «Плошчы Перамен» сілавікі ўзламалі дзверы кватэры і затрымалі ўсіх, хто ў ёй знаходзіўся.

17 лістапада Кацярыну Андрэеву асудзілі па двух адміністрацыйных артыкулах: за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, за што яна атрымала 7 сутак арышту. У пратаколе было пазначана, што яе затрымалі «на тратуары паблізу праезнай часткі», дзе яна «актыўна брала ўдзел у мітынгу». Але 20 лістапада высветлілася, што праз сем сутак на свабоду Кацярына не выйдзе: ёй прад'явілі абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Аналагічная сітуацыя адбылася і ў Дар'і Чульцовай.

Кацярыну Андрэеву і Дар'ю Чульцову змясцілі ў СІЗА ў Жодзіна, дзе яны ўтрымліваюцца і цяпер.

Кацярына Барысевіч абвінавачваецца па ч. 3 арт. 178 Крымінальнага кодэкса (разгалошванне медыцынскай таямніцы, «пацягнуўшае цяжкія наступствы») за тое, што напісала матэрыял на TUT.BY са спасылкай на лекара БХМД і дакументы, што на момант шпіталізацыі Раман Бандарэнка быў цвярозы. Кацярыну затрымалі супрацоўнікі ў цывільным і масках увечары 19 лістапада. Дома ў яе правялі ператрус у кватэры і павезлі ў СІЗА КДБ. Пасля гэтага журналістка на волю больш не выйшла.

Некалькі дзён Кацярына Барысевіч знаходзілася ў СІЗА КДБ, затым яе перавялі ў СІЗА № 1 на Валадарскага — там яна знаходзіцца цяпер.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала журналістку Кацярыну Барысевіч вязням сумлення.

Падтрымай жанчын-палітзняволеных паштоўкай і лістом салідарнасці!

Ілюстрацыя Ганны Радзько
Ілюстрацыя Ганны Радзько

На дадзены момант 23 палітзняволеныя знаходзяцца ў следчых ізалятарах Мінска, Жодзіна, Баранавіч. Заклікаем падтрымаць іх паштоўкамі і лістамі салідарнасці па наступных адрасах. 

СІЗА КДБ: Галоўпаштамт, абаненцкая скрыня 8, г. Мінск, 220050

  • Святлана Купрэева

СІЗА №1: вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030

  • Таццяна Канеўская, Марыя Рабкова, Ганна Сунгурава, Антаніна Канавалава, Марыя Несцерава, Вольга Класкоўская, Алана Гебрэмарыям, Яна Арабейка, Кася Будзько, Ксенія Сырамалот, Анастасія Булыбенка, Вікторыя Гранкоўская, Марыя Каленік, Вольга Філатчанкава, Кацярына Барысевіч, Ірына Шчасная, Таццяна Якельчык

СІЗА №6: вул. Брэсцкая, 258 В, г. Баранавічы, 225413

  •  Алена Маўшук

Жодзінскае СІЗА: вул. Савецкая, 22А, г. Жодзіна, 222163

  • Марыя Калеснікава, Кацярына Андрэева (Бахвалава), Дар'я Чульцова

Адрасы ўсіх палітвязняў можна знайсці ТУТ.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства