viasna on patreon

Палітычны пераслед у Беларусі 15 і 16 снежня Дапоўнена

2020 2020-12-16T21:19:00+0300 2020-12-17T12:45:44+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zatrymanne_brest_22.11.2020.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

15 і 16 снежня "Вясна" працягвае фіксаваць новыя факты палітычнага пераследу ў Беларусі: затрыманні, выклікі ў міліцыю, вобшукі і іншыя формы ціску на грамадзянаў.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • +375 17 377 55 40.
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Пераслед 16 снежня

У Цэнтральны апарат Следчага камітэта на 10:00 выклікалі старшыню БАЖ Андрэя Бастунца, паведамляе БАЖ. Яго выклікалі на допыт у якасці сведкі па крымінальнай справе аб закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (арт. 361 Крымінальнага кодэксу).

Андрэй Бастунец даў падпіску аб неразгалошваннні матэрыялаў справы, таму падрабязнасцяў паведаміць не можа. Але сказаў, што справа не тычыцца дзейнасці ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў".

Таксама ў Бабруйску ў міліцыю выклікалі журналістку і лідарку мясцовай суполкі Беларускай асацыяцыі журналістаў Марыну Маўчанаву, піша БАЖ. Раніцай журналістцы патэлефанаваў чалавек, якія назваўся супрацоўнікам Крымінальнага вышуку, і запрашаў Марыну прыйсці ў міліцыю без позвы для допыту па факце з’яўлення ў горадзе нейкіх “антыпрэзідэнцкіх графіці”. Маўляў, Марыну выклікаюць, бо раней яна “трапляла ў поле зроку міліцыі”. Марына адмовілася ісці на допыт без позвы.

Як паведаміла жонка музыкі гурта Rahis Дзяніса Філіпенку, яго затрымалі раніцай 14 снежня, верагодна, для адбыцця 13-сутачнага адміністрацыйнага арышту, прысуджанага яму раней. Яго выклікалі па арт. 23.34 КаАП у Цэнтральны РУУС, адкуль ён не выйшаў. Дзяніс паспеў паведаміць жонцы, што яго там пакідаюць. Участковы па фота ў сацсетках склаў яшчэ адзін пратакол за ўдзел у "несанкцыянаванай масавым мерапрыемстве". Да сённяшняй раніцы жонка музыкі не ведала, дзе знаходзіцца Дзяніс. У розных спісах арэстантаў і затрыманых у ізалятарах на Акрэсціна, Жодзіна, Баранавічах яго прозвішча адсутнічала. У ЦІП жонку Дзяніса запэўнівалі, што яго там няма. Але сёння ў 9:40 праз дамафон дзяжурны ўсё ж такі падцвердзіў, што Дзяніс знаходзіцца ў ЦІП.

Музыка Дзяніс Філіпенка
Музыка Дзяніс Філіпенка

Над Дзянісам Філіпенка 16 снежня адбыўся яшчэ адзін суд па арт. 23.34 КаАП за ўдзел у акцыі 25 кастрычніка, дзе яго асудзілі яшчэ на 13 сутак. Такое рашэнне вынес суддзя суда Цэнтральнага раёна Дзмітрый Карсюк. Такім чынам, музыка за кратамі правядзе 26 сутак. 

Раніцай 16 снежня ў Магілёве быў затрыманы мясцовы актывіст Андрэй Бодзілеў. Праваабаронцы "Магілёўскай вясны" паведамілі, што ім стала вядома пра затрыманне мясцовага актывіста Андрэя Бодзілева. Раніцай ён ехаў на таксі на працу. Нечакана аўтамабіль Андрэя падрэзаў чорны мікрааўтобус. Па словах Бодзілева, усё было хутка – з буса выскачылі некалькі чалавек у чорнай форме і ў балаклавах, пасля чаго яго літаральна вырвалі з салона.

У кватэры актывіста правялі ператрус-у першую чаргу, супрацоўнікаў цікавіла тэхніка. Таксама іх цікавіў Магілёўскі чат, у якім Бодзілеў з'яўляўся адмінам. Справай займаецца мясцовае кіраванне ГУБАЗіК МУС. Паводле яго слоў, падставай для затрымання стала крымінальная справа, узбуджаная па факце замацавання дроту на чыгуначных рэйках дзесьці ў Магілёве. А ён знаходзіцца ў статусе сведкі. На дадзены момант Андрэй Бодзілеў знаходзіцца на волі.

Як паведамляе "БАЖ", журналістку Жанну Новік выклікаюць у міліцыю за фота, зробленае ў жніўні падчас працы на акцыі каля дома ўраду.

Па інфармацыі "Белсата", у Паставах за БЧБ-сцяг на двары затрымалі фермера Паўла Марозава. Ягоная жонка Сняжана Марозава ў гэты час была ў Глыбокім. Удома заставаўся муж з дзецьмі 7 і 11 гадоў. Калі бацьку затрымлівалі і здымалі сцяг, адзінаццацігадовая дзяўчынка спрабавала зняць гэта на мабільны тэлефон. Але міліцыянты запужалі яе і не далі здымаць, хоць яна знаходзілася ў сваім двары. Паўла Марозава забралі ў пастарунак, пакінуўшы дзяцей, якія былі вельмі спужаныя, адных. Жонцы паведамілі, што да суда яго будуць утрымліваць пад арыштам з той прычыны, што ён ужо некалькі разоў прыцягваўся да адказнасці па артыкулу 23.34 КоАП.

Пераслед 15 снежня

У Бараўлянах быў затрыманы Аляксей Арцішэўскі. Да яго дамой прыехалі супрацоўнікі міліцыі і забралі. Раней Следчы камітэт забіраў у яго тэлефон.

У каледж да Андрэя Дзмітрыева прыходзілі супрацоўнікі міліцыі і паведамілі яму аб тым, што ў дачыненні да яго будзе распачата крымінальная справа, але па якім артыкуле — невядома.

Ноччу ў Мінску пасля ператрусу быў затрыманы ў межах крымінальнай справы Сяргей Зялінскі. Яго даставілі ў Заводскае РУУС.

Праваабаронцам паведамілі, што крымінальную справу ўзбудзілі супраць актывіста штаба Віктара Бабарыкі, валанцёра "Сумленных людзей" 38-гадовага Віктара Лосіка. Яго затрымалі на "Маршы волі" 6 снежня і асудзілі па арт. 23.34 КаАП на 8 сутак. Цяпер стала вядома, што на яго завялі дзве крымінальныя справы па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: 339 (хуліганства) і 341 (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці). Што менавіта яму ставяць у віну — пакуль невядома.

Таксама вядома, што супрацоўнікі Маскоўскага РУУС затрымлівалі жанчыну за бчб-сцяг на лоджыі. Негледзячы на тое, што ў жанчыны дома непаўнагадовае дзіця, яе адправілі да суда па арт. 23.34 КаАП на Акрэсціна.

У Скідзеле быў затрыманы індывідуальны прадпрымальнік за пагрозы міліцыянтам у тэлеграм-чаце, паведаміў телеграм-канал прэс-службы МУС. Як сцярджае прэс-служба, 38-гадовы скідзельчанін са жніўня да снежня размяшчаў у рэгіянальных тэлеграм-чатах заклікі да гвалту ў дачыненні да міліцыянтаў. Супраць яго распачалі крымінальную справу. Ведамства размясціла пакаяльнае відэа з жыхаром Скідзеля, які стаіць у памяшканні з дзяржаўным сцягам і плакатам ГУБАЗіКа і кажа, што затрыманы за ўдзел у тэлеграм-каналах.

У Мінску ў Фрунзенскім раёне за БЧБ-сцяг на вакне быў затрыманы Андрэй Рачалоўскі. Яго змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна да суда.

Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства