Дэмакратычнай апазіцыі Беларусі ўручылі прэмію імя Сахарава Відэа
16 снежня ў Брусэлі адбылося ўрачыстае ўручэнне прэміі імя Андрэя Сахарава “За свабоду думкі”, якая была прысуджаная дэмакратычнай апазіцыі Беларусі 22 кастрычніка. Прэмію ўручаў спікер Еўрапарламента Давід Сасолі.
Дэмакратычная апазіцыя Беларусі прадстаўленая Каардынацыйным Саветам, у склад якога ўваходзіць і старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі.
З нагоды ўручэння прэміі праваабаронца сказаў:
“Барацьба працягваецца за правы чалавека і дэмакратыю ў Беларусі. Тысячы людзей знаходзяцца ў турмах, а гвалт у дачыненні да мірных дэманстрантаў застаецца беспакараным. І гэта не дапушчальна ў Беларусі, якая з’яўляецца еўрапейскай краінай.
Сёння дзень Беларусі ў Еўрапейскім парламенце, у сэрцы Еўропы. Мы спадзяемся і заклікаем Еўрапейскі саюз, каб і наступны - 2021 год - быў для ЕС годам Беларусі”.
Атрымоўвалі прэмію сябры Прэзідыўма Кардынацыйнага Савету: Святлана Ціханоўская, Алесь Бяляцкі, Сяргей Дылеўскі, Вераніка Цапкала, Сцяпан Пуціла, родныя палітзняволеных, сярод якіх жонка палітвязня Міколы Статкевіча Марына Адамовіч, сястра Марыі Калеснікавай ды іншыя.
Святлана Ціханоўская падчас свайго выступу перад еўрапарламентарыямі адзначыла:
"Я хачу толькі аднаго ў гэтым годзе: каб кожны беларус, які зараз знаходзіцца ў турме ці які вымушаны быў жыць у ссылцы, мог вярнуцца дадому".
Нагадаем, прэмія імя Сахарава заснаваная ў 1988 годзе Еўрапейскім парламентам у гонар савецкага фізіка і праваабаронцы Андрэя Сахарава. Прэмія ўручаецца асобам, якія ўнеслі "выключны ўклад у барацьбу за свабоду думкі, правы чалавека па ўсім зямным шары".
У 2004 годзе прэмію імя Сахарава атрымала Беларуская асацыяцыя журналістаў, а ў 2006 годзе - апазіцыйны палітык, кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч.
У 2020 годзе ў канчатковы спіс намінантаў акрамя дэмакратычнай апазіцыі Беларусі, увайшлі арцыбіскуп іракскага горада Масул Наджыб Міхаэль Муса, а таксама група экалагічных актывістаў з Гандураса.