viasna on patreon

100 “хросных” для палітвязняў Беларусі

2020 2020-12-17T13:50:53+0300 2020-12-17T15:02:31+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/cem_ozdemir.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Дэпутат Бундэстагу і былы шматгадовы лідар “Альянсу 90/Зялёныя” Джэм Эздэмір стаў 100-ым дэпутатам, які ўзяў на сябе абавязкі “хроснага” для палітвязняў у Беларусі. Эздэмір сімвалічна падтрымаў журналістку Кацярыну Барысевіч ў межах кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou, арганізаванай швейцарска-германскай праваабарончай арганізацыяй “Libereco - Партнёрства за правы чалавека”.

Кампанія #WeStandBYyou была распачатая ў ліпені ў сувязі з масавай хваляй рэпрэсій. Мэта Libereco — салідарнасць з грамадзянамі Беларусі, якія дамагаюцца свабодных і сумленных выбараў, дэмакратызацыі краіны, вяршэнства закона, а таксама павагі да правоў чалавека.

Сярод удзельнікаў кампаніі, якія сталі “хроснымі” беларускіх палітвязняў, — віцэ-прэзідэнты Еўрапейскага парламента Катарына Барлі і Нікола Бэер, былы міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі, віцэ-прэзідэнтка Бундэстага Клаўдыя Рот і былы прэзідэнт Еўрапарламента Марцін Шульц. Акрамя 63 дэпутатаў Бундэстага і 21 дэпутата Еўрапейскага парламента з Польшчы, Літвы, Чэхіі, Нідэрландаў, Аўстрыі і Германіі, у кампаніі таксама бяруць удзел 16 дэпутатаў нацыянальных парламентаў Бельгіі, Нідэрландаў, Аўстрыі і Швейцарыі.

cem_ozdemir.jpg
Дэпутат Бундэстагу Джэм Эздэмір

Джэм Эздэмір заявіў з нагоды свайго рашэння падтрымаць Кацярыну Барысевіч:

“На працягу некалькіх месяцаў рэжым Лукашэнкі ажыццяўляе дзяржаўны тэрор. Дзясяткі тысяч людзей несправядліва затрыманыя і атрымалі траўматычны досвед, які будзе пераследваць іх на працягу ўсяго жыцця. Таму маё рашэнне стаць “хросным” Кацярыны Барысевіч — гэта ўсё што заўгодна, акрамя нагоды для радасці. Але я спадзяюся, што гэтым крокам я змагу яшчэ раз звярнуць больш увагі на крытычную сітуацыю ў Беларусі. І я спадзяюся, што змагу паказаць Кацярыне Барысевіч, што мы ў Германіі працягваем уважліва сачыць за гэтай сітуацыяй і праяўляць салідарнасць.

Смерць Рамана Бандарэнкі ад рук дзяржавы з'яўляецца асабліва жудасным прыкладам жорсткасці і пагарды да чалавечнасці з боку рэжыму Лукашэнкі. Праца такія смелых журналістаў, як Кацярына Барысевіч, па выкрыванні праўды з’яўляецца неацэннай. Тое, што яны павінны плаціць за гэта сваёй свабодай, недапушчальна — ні ў такой еўрапейскай краіне, як Беларусь, ні ў любой іншай краіне свету. Жорсткія абмежаванні свабоды прэсы ў апошнія месяцы паказваюць, наколькі Лукашэнка баіцца незалежнай журналістыкі. Дыктатары не толькі жорсткія і небяспечныя, яны яшчэ і вартыя жалю. І развіццё падзей у Беларусі паказвае, што ніводзін дыктатар у гэтым свеце не можа быць ўпэўненым у трываласці сваёй улады. Гэта толькі пытанне часу, калі дэмакратычныя рухі выганяць іх са сваіх вартых жалю тронаў.

Мяне асабліва шакуе беспакаранасць за злачынствы рэжыму. Хаця нядзіўна, што Лукашэнка трымае ў руках тых, хто падтрымлівае рэжым. Напрацягу цяперашняга крызісу беларуская грамадзянская супольнасць глыбока ўражвае мяне сваімі мірнымі, творчымі і магутнымі метадамі. Актывісты сістэматычна збіраюць доказы катаванняў і іншых злачынстваў, на падставе якіх прыхільнікі Лукашэнкі могуць быць прыцягнуты да адказнасці ў новай Беларусі і за яе межамі. Літва ўжо вядзе расследаванне супраць катаў паводле прынцыпу ўсеагульнай юрысдыкцыі. Германія таксама павінна ўзяць на сябе вядучую ролю ў гэтым і больш актыўна ўдзельнічаць у забеспячэнні адказнасці рэжыму.

Кацярына Барысевіч — адна з многіх неверагодных жанчын, якія з’яўляюцца рухавіком пераменаў у Беларусі. У часы гвалту і дзяржаўнага тэрору трыа Калеснікавай, Ціханоўскай і Цапкала зрабіла сястрынства і суперажыванне сваім палітычным крэда. Патрыярхальная слепата Лукашэнкі прывяла яго да таго, што ён значна недаацэньвае жанчын у Беларусі. Нават калі тыран яшчэ не вызваліў свой трон, відавочна, што эпоха Лукашэнкі рана ці позна стане гісторыяй. Беларускія жанчыны ўнеслі значны ўклад у мірны і творчы характар пратэсту. Я ўдзячны ім і ўсяму дэмакратычнаму руху. Беларуская дэмакратычная апазіцыя больш чым заслугоўвае прэміі Еўрапейскага парламента імя Сахарава.

Толькі вызваленне ўсіх палітвязняў і новыя выбары пад назіраннем АБСЕ могуць забяспечыць мір і бяспеку ў Беларусі. Толькі тады жыхары Беларусі нарэшце адчуюць дэмакратычныя правы, за якія яны так рашуча змагаюцца. Яны выклікаюць маё захапленне і салідарнасць. Таму я патрабую: Свабоду Кацярыне Барысевіч і ўсім астатнім палітвязням у Беларусі!”

Журналістка TUT.BY Кацярына Барысевіч была затрыманая 19 лістапада паводле артыкула 178 Крымінальнага кодэкса Беларусі нібыта за парушэнне медычнай таямніцы.

Беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі рашуча асуджаюць затрыманне Кацярыны Барысевіч, а таксама іншых журналістаў, блогераў і адміністратараў незалежных інфармацыйных каналаў у сацыяльных сетках. Пасля выбараў прэзідэнта зафіксавана больш за 450 выпадкаў парушэння свабоды прэсы. Затрымана больш за 370 прадстаўнікоў СМІ, зафіксавана больш за 60 выпадкаў гвалту, парушэнняў правоў альбо катаванняў у дачыненні да прадстаўнікоў СМІ.

У межах ініцыятывы #WeStandBYyou беларускімі вязнямі будуць апекавацца “хросныя” з Бундэстага

Да кампаніі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі #WeStandBYyou, арганізаванай праваабарончай арганізацыяй Libereco, далучыліся новыя дэпутаты нямецкага парламента.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства