viasna on patreon

Патрабуем неадкладнага вызвалення палітвязняў Ціхана Клюкача і Сафіі Малашэвіч

2020 2020-12-17T16:46:07+0300 2020-12-18T12:54:28+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sonia-04.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Супольная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці

Мінск, 17 снежня 2020 г.

Як нам стала вядома, 18 лістапада 2020 года УСК па г. Мінску Ціхану Клюкачу і Сафіі Малашэвіч было прад’яўлена абвінавачванне па ч.1 арт. 342 (арганізацыя ці ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 2 арт. 339 КК (хуліганства, здзейсненае групай асобаў). Абвінавачаныя былі ўзятыя пад варту і на дадзены момант утрымліваюцца ў Следчай турме ў Жодзіна.

Як вынікае з прад’яўленага абвінавачвання, 6 верасня 2020 г.  яны рухалісь сумесна з іншымі неўстаноўленымі асобамі па пр. Пераможцаў  у г. Мінску (у тым ліку па праезнай часцы праспекта) і “наўмысна прынялі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, груба парушаючых грамадскі парадак, якія выражалісь сумесна з іншымі ў парушэнні ўстаноўленага арт. 10 Закона Рэспублікі Беларусь 114-3 ад 30.12.1997 № “Аб масавых мерапрыемствах” парадка правядзення масавых мерапрыемстваў, публічным выкрыкванні лозунгаў, учыненні гучных плясканняў у далоні, масавым, працяглым, упартым і няспынным парушэннем грамадскага спакою і знаходжанні ў першых шэрагах масавага мерапрыемства”.

Таксама Ціхан і Сафія абвінавачваюцца ў тым, што “маючы ўмысел на пашкоджанне маёмасці, груба парушаючы грамадскі парадак і выражаючы яўную непавагу да грамадства, грэбуючы правіламі паводзінаў у грамадскіх месцах, дэманструючы здольнасці да бясчынства, з хуліганскіх памкненняў, выкарыстоўваючы балончык з фарбай , шляхам учынення розных надпісаў і малюнкаў фарбамі на паверхні шчытоў спецыяльных сродкаў загароджы, якая належыць вайсковай часцы 3620 Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, што былі ўстаноўленыя на выведча-дазорных машынах (БРДМ-2), пашкодзілі ўказаныя шчыты, прычыніўшы маёмасную шкоду. Такім чынам Ціхан і Сафія здзейснілі злачынства, прадугледжанае ч.2 арт. 339 КК (хуліганства).”

У сувязі з прад’яўленым абвінавачваннем мы ў чарговы раз адзначаем, што:

Свабода мірных сходаў гарантаваная як Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, так і міжнароднымі нормамі права ў галіне правоў чалавека – арт. 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, у прыватнасці.

Згодна з арт. 21 МПГПП свабода мірных сходаў не можа падлягаць ніякім абмежаванням, акрамя тых, якія ўстаноўленыя законам і з’ўлюяцца неабходнымі ў дэмакратычным грамадстве ў інтарэсах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.

Як вынікае з прад’яўленага абвінавачвання адзінай віной Сафіі і Ціхана з’яўляецца тое, што яны прымалі ўдзел у несанкцыянаваным уладамі мірным сходзе, удзельнікі якога пратэставалі супраць вынікаў выбараў: выкрыквалі лозунгі, пляскалі ў далоні, рухаліся не толькі па ходніках, але і па праезнай частцы пр. Пераможцаў.

Такім чынам, яны не здзяйснялі ніякіх дзеянняў, якія б маглі быць расцэненыя ў кантэксце дапушчальных абмежаванняў свабоды мірных сходаў і выказвання меркавання.

Варта адзначыць, што правядзенне дэманстрацый можа быць спалучана з пэўнымі часовымі перашкодамі для іншых грамадзян, аўтамабільнага і грамадскага транспарту. Выхад пратэстоўцаў на праезную частку не можа ўтвараць складу крымінальнага злачынства, паколькі вялікая колькасць дэманстрантаў фізычна не магла змясціцца на пешаходных ходніках, а самі вуліцы, праспекты, плошчы і бульвары, з’яўляючыся грамадскімі месцамі агульнага карыстання, у роўнай ступені могуць скарыстоўвацца як у мэтах гандлю, перасоўвання грамадскага транспарта, так і для правядзення публічных мірных сходаў грамадзян па грамадска-важных пытаннях і праблемах, у тым ліку для пратэстаў супраць дзеянняў і палітыкі кіраўніцтва краіны.

Што датычыцца ўчынення надпісаў і малюнкаў фарбай на шчытах агароджы, якія былі ўстаноўленыя на вайсковай тэхніцы Мінабароны, якой быў перагароджаны праспект, то гэтыя дзеянні нельга разглядаць як хуліганства, паколькі дадзеныя надпісы былі ўчыненыя ў адрас прадстаўнікоў сілавых ведамстваў, утрымілівалі скрайне негатыўную ацэнку іх дзеянняў і з’яўляліся выказваннем меркавання.

Абмежаванне свабоды выказвання меркавання можа быць спалучана з пэўнымі абмежаваннямі, але яны сярод іншага павінны адпавядаць прынцыпам суразмернасці.

Акрамя таго, учыненне надпісаў фарбай на жалезых шчытах відавочна не магло прывесці да іх пашкоджанняў, а нанесеная шкода ад такіх дзеянняў насіла сімвалічны характар.

У сувязі з гэтым, мы лічым пераслед і пазбаўленне волі Ціхана Клюкача і Сафіі Малашэвіч палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання меркавання, а саміх Ціхана Клюкача і Сафію Малашэвіч палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”.

У сувязі з гэтым, мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі, патрабуем:

  1. Неадкладнага і безумоўнага вызвалення з-пад варты Ціхана Клюкача і Сафіі Малашэвіч, спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да іх.
  2. Неадкладнага вызваленн ўсіх палітвязняў і спынення палітычных рэпрэсій у краіне.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Беларускі Дакументацыйны цэнтр;

Простае таварыства "Ініцыятыва FORB";

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Беларускі ПЭН-цэнтр;

РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт";

РГА "Прававая ініцыятыва”;

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”;

ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў";

Ініцыятыўнай група "Ідэнтычнасць і права".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства