viasna on patreon

Amnesty International запусціла акцыю тэрміновай дапамогі палітвязню Вячаславу Рагашчуку

2020 2020-12-17T18:35:19+0300 2020-12-17T18:37:15+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vyacheslav_99.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International запусціла акцыю тэрміновай дапамогі пацярпеламу ад катаванняў палітычнаму зняволенаму Вячелаву Рагашчука, які ўтрымліваецца ў СІЗА-6 У Баранавічах у рамках крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Пінску ўжо больш за чатыры месяцы. Пасля затрымання ён падвергся жорсткаму збіццю на працягу трох дзён. Да гэтага часу ён знаходзіцца ў цяжкім стане ў выніку катаванняў і жорсткага абыходжання, яму патрабуецца тэрміновая шпіталізацыя. Amnesty International заклікае напісаць зварот начальніку следчага ізалятара № 6 у Баранавічах Яўгену Хітрыку з просьбай распарадзіцца аб шпіталізацыі Вячаслава Рагашчука ў профільную лячэбную ўстанову, дзе яму могуць аказаць дапамогу ў сувязі з пагаршэннем стану здароўя. 

Палітвязень Вячаслаў Рагашчук
Палітвязень Вячаслаў Рагашчук

Міжнародная праваабарончая арганізацыя заклікае ўсіх адправіць зварот з патрабаваннямі праваабаронцаў па звычайнай або па электроннай пошце.

Тэкст звароту:

Паважаны спадар Хітрык!

Звяртаюся да Вас, каб выказаць глыбокую занепакоенасць у сувязі са станам здароўя таксіста Вячаслава Рагашчука, які ў цяперашні момант знаходзіцца пад вартай у следчым ізалятары № 6 у цяжкім стане ў выніку катаванняў і жорсткага абыходжання.

Яму патрабуецца тэрміновая шпіталізацыя.

Увечары 10 жніўня пяцёра супрацоўнікаў міліцыі затрымалі Вячаслава Рагашчука ў адвольным парадку, пры гэтым яго жорстка збілі. У той момант Вячаслаў Рагашчук гуляў з сястрой і яе 12-гадовым сынам. Акцыі пратэсту ў горадзе пачаліся пасля масавых заяваў аб фальсіфікацыі вынікаў галасавання, афіцыйныя вынікі выбараў абвясцілі напярэдадні. Вячаслаў Рагашчук не датычны да здзяйснення крымінальна каральных дзеянняў, яго арыштавалі і трымаюць пад вартай адвольна. Яму прад'явілі абвінавачванне па арт. 293 КК Рэспублікі Беларусь (масавыя беспарадкі).

11 жніўня адзін з былых сукамернікаў Вячаслава Рагашчука звязаўся з яго маці і расказаў ёй аб жорсткім збіцці Вячаслава Рогащука пад вартай. Паводле яго словаў, у Вячаслава Рагашчука была гематома за вухам, тры рассечаны на галаве і сінякі ўздоўж усяго хрыбетніка. Акрамя таго, ён распавёў аб лужынах крыві ў калідоры, дзе збівалі затрыманых. З таго моманту Вячаслаў Рагашчук скардзіцца на пастаянны звон у галаве. Калі сваякі звярнуліся з просьбай накіраваць Вячаслава Рагашчука на абследаванне галаўнога мозгу, лекар
следчага ізалятара паведаміла ім, што затрыманы ў парадку і папрасіла іх дасылаць таблеткі для палягчэння сімптомаў. Па апошніх дакладных паведамленнях, Вячаслаў Рагашчук пастаянна губляе прытомнасць і не прыходзіць у сябе па дваццаць хвілін, злева на грудзях у яго ўтварылася пухліна. Пастаянныя просьбы родных аб незалежным абследаванні Вячаслава Рагашчука ігнаруюцца, яму адмаўляюць у экстранна неабходнай медыцынскай дапамогі.

Адрас:

Яўгену Сяргеевічу Хітрыку
Начальніку Следчага ізалятара № 6
вул. Брэсцкая 258B,
г. Баранавічы 225413, Беларусь
Факс: +375 163 65 02 01
e-mail: sizo6_brest@mia.by

Нагадаем, пінчука Вячаслава Рагашчука затрымалі 10 жніўня. Цяпер ён абвінавачваецца ва ўдзеле ў масавых беспарадках у Пінску па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу. Пасля затрымання ён падвергся жорсткаму збіццю на працягу трох дзён. Са словаў яго сукамернікаў, у камеры ў Пінскім ІЧУ ў Вячаслава была вісячая гематома за вухам, тры рассечаныя на галаве, па ўсіх пазванках былі чорныя круглыя сінякі. Вячаслаў Рагашчук утрымліваецца ў баранавіцкім СІЗА ўжо больш за тры месяцы. З першага дня пасля збіцця і да гэтага часу ён скардзіцца на шум і звон у галаве, у СІЗА яму не аказваецца належная медыцынская дапамога, сваякі і ён сам настойваюць на поўным яго абследаванні.

Праваабаронцы «Вясны» звярнуліся да Спецыяльных дакладчыкаў ААН па нагоды пагаршэння стану здароўя палітвязня Вячаслава Рагашчука, які ўтрымліваецца ў СІЗА-6 у Баранавічах у рамках крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Пінску. Праваабаронцы заклікалі да ўмяшальніцтва Спецдакладчыцы па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марын і Спецдакладчыка па пытанні аб катаваннях і іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжаючых годнасць відах абыходжання і пакарання Нільса Мельцэра ў сітуацыю з нагоды неаказання палітвязню медыцынскай дапамогі ў ізалятары.

«Гэта было ўжо не збіццё, гэта былі катаванні». Пяць гісторый палітвязняў «Пінскай справы»

"Вясна" сустрэлася са сваякамі пінскіх палітвязняў у Баранавічах каля СІЗА, куды яны прыехалі ўсе разам, каб перадаць сваім блізкім перадачы. Мы пагутарылі з імі і нам удалося даведацца гісторыі пяці палітычных зняволеных пінчукоў. З чаго пачалася "Пінская справа", як яе фігурантамі сталі Вячаслаў Рагашчук, Алена Маўшук, Станіслаў Міхайлаў, Алег Рубец і Данііл Богнат, што яны пішуць у сваіх лістах — чытайце ў нашым матэрыяле.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства