viasna on patreon

Хроніка пераследу і судовыя рашэнні за 18 снежня Дапоўнена

2020 2020-12-18T14:50:59+0300 2020-12-18T20:09:17+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/praverka_hrodna.life.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

18 снежня ў Беларусі працягваюцца затрыманні, выклікі ў міліцыю, суды і іншыя формы ціску на грамадзянаў за іх актыўную пазіцыю і незадаволеннасць дзеяннямі ўладаў. ПЦ "Вясна" фіксуе факты палітычнага пераследу.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • +375 17 377 55 40.
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Суддзя суда Ленінскага раёна г. Мінска Юлія Інчына вынесла рашэнне па адміністрацыйнай справе ў дачыненні да Ірыны Мышкавец. Жанчыну вінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 18 кастрычніка, здзейсненным паўторна на працягу года (ч. 3 арт. 23.34 КаАП). Да гэтага справу неаднаразова адпраўлялі на дапрацоўку, аднак сёння Юлія Інчына палічыла віну Ірыны Мышкавец даказанай і пакарала яе 15 суткамі арышту. Заўвагу адваката, што скончыўся тэрмін прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці і справа павінна быць спыненая, бо з моманту правапарушэння мінула два месяцы, суддзя праігнаравала. 


Жыхару Глыбокага Аляксандру Шарабайку за сцяг над домам прысудзілі штраф у памеры 40 базавых велічыняў. Па словах Аляксандра, суддзя спытаў у яго, колькі часу ў яго вісеў сцяг. Ён адказаў, што ў сакавіку было б пяць гадоў. 


Сёння з працы забралі і адвезлі ў Першамайскае РУУС 68-гадовую Святлану Старадубец. У пастарунку на жанчыну склалі пратакол па арт. 23.34 КаАП за вывешаны герб "Пагоня" памерам фармату А4 ў вакне яе кватэры на чацвёртым паверсе. Сёння ж адбыўся і суд. Суддзя Таццяна Ліннік прызнала Святлану Старадубец вінаватай і пакарала штрафам у 10 базавых велічынь (270 рублёў). 


Суддзя Наталля Мінчанка пакарала Сяргея Калінкевіча з Белаазёрска штрафам у 25 базавых велічынь за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 25 лістапада і непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі.

Таксама судовы працэс адбыўся ў дачыненні да Ларысы Несцяровіч з Бярозы. Жанчыну вінавацілі па арт. 23.34 КаАП за ўдзел у акцыі пратэсту 26 лістапада. Справу разглядала старшыня суду Наталля Вакульчык. Яна абвясціла перапынак да 22 снежня.

Суддзя суда Бярозаўскага раёну Зміцер Кавалевіч 18 снежня адмовіў у задавальненні скаргі на незаконнае затрыманне Ірыны Грышчук і змешчэнне яе ў ІЧУ Бярозы на 72 гадзіны. Жанчына была затрыманая 13 снежня.


Глыбоцкага журналіста-фрылансера Змітра Лупача выклікаюць у РАУС Пастаўскага раёна, паведамляе БАЖ.

Зміцер Лупач у судзе. Фота БАЖ
Зміцер Лупач у судзе. Фота БАЖ

Участковы міліцыянт В.Е. Гарбуль, які даслаў позву, сказаў журналісту, што адразу пасля складання пратакола па арт. 22.9 КаАП справу Змітра Лупача разгледзіць Пастаўскі раённы суд. Журналіста вінавацяць у супрацы з тэлеканалам “Белсат”, а падставай для адміністрацыйнага пераследу стаў відэасюжэт пра вёску Дразды ў Пастаўскім раёне.

Нагадаем, сёлета гэта пятая адміністрацыйная справа, заведзеная на журналіста паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП (“Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”). Раней па  гэтым артыкуле  яго судзілі ў Шаркаўшчыне, Паставах і Глыбокім.


Як паведамляе Белсат са спасылкай на УУС Мінаблвыканкаму, сем жыхароў Мінскай вобласці падазраюцца ў абразе прадстаўніка ўлады, крымінальная справа распачатая паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу (максімальнае пакаранне – тры гады абмежавання волі).

Адзін з фігурантаў знаходзіцца ў Нямеччыне. Астатнія пражываюць на тэрыторыі Мінскай вобласці, іх дапыталі і яны даюць прызнальныя паказанні, кажуць у міліцыі.

«У верасні, пад выдуманымі нікнэймамі фігуранты размяшчалі абразлівыя каментары ў адрас супрацоўніка Жодзінскага ГАУС. У якасці пляцоўкі для выказвання сваіх думак выбралі сацыяльную сетку «Аднакласнікі» і тэлеграм-канал «Жодзіна для жыцця», - адзначаецца ў прэс-рэлізе УУС.

Тым часам у Мінску 21-гадовая дзяўчына размясціла абразлівы каментар у тэлеграм-канале «Карнікі Беларусі» пад апублікаванай там фатаграфіяй з асабістымі дадзенымі працаўніка аднаго са сталічных РУУС.

Па гэтым факце была распачатая крымінальная справа паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу (максімальнае пакаранне – тры гады абмежавання волі). Дзяўчына затрыманая і змешчаная ў ІЧУ.


Таксама паведамляецца, што комплексная праверка прыйшла ў краму «Адметнасць» у Горадні, дзе гандлююць нацыянальнай сімволікай: аддзел гандлю гарвыканкаму, супрацоўнікі міліцыі і МНС. 

admetnast_praverka_kramy.jpg
Праверка ў краме "Адметнасць". Фота Белсат

Таксама супрацоўнікі МНС і УУС завіталі ў рэдакцыю Hrodna.life з праверкай. Адзін чалавек быў у цывільным, не прадставіўся і сышоў.

Супрацоўнікі УУС і МНС у рэдакцыі Hrodna.life. Фота з тэлеграм-каналу рэдакцыі
Супрацоўнікі УУС і МНС у рэдакцыі Hrodna.life. Фота з тэлеграм-каналу рэдакцыі

Hrodna.life асвятляюць праўдзівыя падзеі ў Беларусі і рэгіёне, з чым, верагодна, і быў звязаны ператрус. Адна з апошніх навін, якая выйшла перад захопам рэдакцыі была прысвечана пенсіянерцы, якую КДБ затрымаў па падазрэнні ў тэрарызме.

Як паведамляе "Гарадзенская Вясна", грамадскую актывістку і незалежную назіральніцу за выбарамі з аграгарадку Абухава Галіну Дзербыш падазраюць па арт. 289 Крымінальнага кодэкса ("Акт тэрарызму").

Жанчына была затрыманая яшчэ 10 снежня, у яе доме прайшоў вобшук. Па версіі спецслужбаў Галіна Дзербыш нібыта мае дачыненне да "групы Мікалая Аўтуховіча". 

Афіцыйную паперу пра тое, што жанчына затрыманая, яе старэйшая дачка атрымала толькі праз тыдзень - 17 снежня. Фармальнай падставай для затрымання стала тое, што па словах дачкі Дзербыш, у іх доме быў знойдзены чэк з Ваўкавыскай запраўкі. Насамрэч сям'я ездзіла па сабаку ў Камянецкі раён Берасцейскай вобласці. Па дарозе назад на аб'езнай дарозе каля Ваўкавыску яны запраўляліся на запраўцы №69.

У Галіны Дзербыш другая група інваліднасці.


Учора і сёння да рабочых - удзельнікаў стачкі і іх родных, а таксама мірных жыхароў гораду Салігорску прыходзілі з вобшукамі супрацоўнікі ГУБАЗіК. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал Стачком ААТ "Беларуськалій". 

stachkom_obysk.jpg
Фота з тэлеграм-каналу Стачком ААТ "Беларуськалій"

Пад выглядам барацьбы з "экстрэмісцкімі заклікамі" ў рабочых канфіскуюць кампьютары і ноўтбукі, тэлефоны, планшэты і іншую электронную тэхніку, аглядаюць абстаноўку ў кватэрах і праводзяць аператыўныя відэаздымкі.

"У аднаго з гаражан так стукнулі нагой кошку, што зламалі ёй сківіцу, і кошка памерла", - адзначаецца ў паведамленні. 


На 9.30 гадзін раніцы сёння выклікалі ў следчы камітэт на допыт сябра Каарадынацыйная Рады Паўла Белавуса. Допыт цягнуўся чатыры гадзіны, піша Белсат.

«Выйшаў! Па падпісцы аб неразгалошванні не маю права нават артыкул назваць і справу, па якіх праходжу ў якасці сведкі», - паведаміў Павел у сваім Facebook.


17 снежня ў Мінску супрацоўнікі САХР затрымалі Дзяніса Насовіча. Спачатку яго даставілі ў Следчы камітэт Савецкага раёна сталіцы ў якасці падазраванага па крымінальнай справе паводле арт. 346 Крымінальнага кодэкса ("Здзек над гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі"), а пасля адвезлі ў ІЧУ на Акрэсціна. 


Інфармацыя будзе дапаўняцца

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства