viasna on patreon

Жонка палітзняволенага барабаншчыка Аляксея Санчука: "Дачка лічыць яго Героем"

2020 2020-12-23T16:05:42+0300 2021-10-01T15:56:05+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/baraban_5_11.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Каля паўтары месяцы таму ў Мінску на рэпетыцыі была затрыманая група барабаншчыкаў "Патрабуем разысціся", якая восенню стала адным з сімвалаў пратэстаў. Музыкаў адміністрацыйна асудзілі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту 25 кастрычніка на 10-15 сутак. Але адзін з затрыманых тады — Аляксей Санчук — пасля 15-сутачнага арышту так і не выйшаў на волю. Супраць яго распачалі крымінальную справу па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса. На відэа АНТ Аляксей пасля затрымання толькі сказаў: "Я вучыў рытм". Цяпер у сеціве запушчаны флэшмоб #яучилритм, дзе людзі адбіваюць рытм на барабанах ці нават на рондалях за вызваленне Аляксея Санчука і іншых палітвязняў. Жонка Аляксея распавядае, што 8-гадовая дачка палітвязня, гледзячы гэтыя відэа, кажа, што ён Герой. "Вясна" паразмаўляла з жонкай Аляксея, сабрала храналогію яго пераследу і распавядае, як барабаншчык стаў фігурантам крымінальнай справы па "пратэсным" артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса.

Барабаншчыкі на адной з пратэстных акцый. Фота: TUT.BY
Барабаншчыкі на адной з пратэсных акцый. Фота: TUT.BY

На рэпетыцыі было затрымана 16 музыкаў, Аляксея збівалі і патрабавалі доступ да тэлефона

У Мінску 4 лістапада на рэпетыцыю музыкаў у гаражы наляцелі супрацоўнікі ГУБАЗіКа. Усяго было затрымана 16 чалавек: сем адразу адпусцілі, а тры дзяўчыны атрымалі штраф па 30 базавых. Астатніх шасцярых, у тым ліку і Аляксея Санчука, асудзілі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 25 кастрычніка паводле арт. 23.34 КаАП на 10-15 сутак. Адміністрацыйнае пакаранне Аляксей адбываў у Жодзіне. Па словах музыкаў, пры затрыманні Аляксея збівалі.

"Мы бачылі як яго выводзілі і як ён вярнуўся пабіты. Падчас этапавання ён распавёў, што яго прымусілі адкрыць тэлефон. А там былі пазначаны кропкі збору на марш. Адпаведна, была зроблена выснова, што Лёша — арганізатар. Ужо тады яму паведамілі, што ён будзе праходзіць па крымінальнай справе, — пра гэта Лёша распавёў нам у РУУСе, дзе мы ўсе ўтрымліваліся. Пазней да яго ў Жодзіна прыязджаў следчы з ГУБАЗіК, дапытваў яго", — распавялі музыкі-сябры TUT.BY.

АНТ: Барабаншчыкі задавалі тэмп на Маршах

На наступны дзень пасля затрымання, 5 лістапада, на АНТ выйшаў сюжэт "Закон "па барабану" [11:37 хвіліна], дзе распавядаецца, што "ў падвальным памяшканні, дзе праходзіла рэпетыцыя, затрымалі дзевяць барабаншчыкаў, якія рэгулярна ўдзельнічалі ў пратэстах". У сюжэце гаворыцца, што барабаншчыкі "задавалі тэмп на Маршах", а таксама ўдзельнічалі ў дваровых канцэртах. Там таксама паведамляецца, што барабаншчыкі нібыта збіраліся паліць пудзіла з выявай прадстаўнікоў улады. Асабліва акцэнтуецца ўвага, што сярод музыкаў былі і анархісты. На відэа дапытваецца і Аляксей Санчук. Невядомая асоба пытаецца ў яго, за што канкрэтна ён быў затрыманы. Аляксей адказвае: "Сёння? Ды без паняцця". На відэа Аляксей таксама распавядае, што ён вучыў рытм і хацеў навучыцца пэўнаму рытму. На пытанні невядомай асобы, ці мелася ў Аляксея пры сабе якая-небудзь атрыбутыка, сцягі, сімволіка, ён адказвае адмоўна.

Сябр Аляксея: Ён нават не быў адмінам

Паводле інфармацыі сябра Аляксея, яго абвінавачваюць у адміністраванні лакальнага чата, дзе нібыта абмяркоўвалі дзеянні, накіраваныя на грубае парушэнне грамадскага парадку.

"Сілавікі лічаць, што ён быў адмінам нейкага чата на некалькі чалавек і там "арганізоўваў дзеянні, накіраваныя на грубае парушэнне грамадскага парадку". Там яны разам абмяркоўвалі, дзе збірацца, як разам дабірацца на марш, — распавёў Еўрарадыё сябр Аляксея.— Але ён нават адміністратарам чата не быў! Адзіны доказ, які ў іх ёсць, мяркуючы па ўсім, — што ён разам з нейкімі людзьмі выходзіў на маршы. І ўсё".

Роўна тры месяцы таму Аляксея затрымлівалі за выбарчыя ўлёткі

Па словах сябра Аляксея Санчука, на яго ціснуць не ўпершыню. Яшчэ перад выбарамі, пасля мітынгу Святланы Ціханоўскай у яго машыне праводзілі ператрус.

"Знайшлі там яе легальную атрыбутыку — але ўсё роўна пагражалі, што завядуць крымінальную справу".

Так, Аляксея затрымалі з Сяргеем Шчыценкам 4 жніўня позна ўвечары ў Мінску. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, іх затрымлівалі тры машыны міліцыі. Спачатку адвезлі ў РУУС Савецкага раёна, а затым пакінулі на ноч у ізалятары да суда. Машыну Аляксея эвакуіравалі, бо ў ёй знайшлі ўлёткі на выбарчую тэматыку. 

Аляксей Санчук. Фота з сацсетак
Аляксей Санчук. Фота з сацсетак

Праз тры месяцы Аляксея зноў затрымалі. 5 лістапада суддзя суда Цэнтральнага раёна Мінска Вікторыя Шабуня асудзіла Аляксея па ч.1 арт. 23.34 КаАП за ўдзел у мітынгу 25 кастрычніка "Народны ультыматум".

19 лістапада Аляксей Санчук не выйшаў на волю пасля таго, як адбыў 15 сутак. 26 лістапада яму прад'явілі абвінавачванне — па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Санкцыя па гэтым артыкуле прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў. 3 снежня беларускія праваабаронцы прызналі яго палітычным зняволеным.

"Мы ацэньваем пераслед Аляксея Санчука паводле артыкула 342 КК, як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй ім свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь",заявілі праваабаронцы.

Жонка Аляксея: Ён вучыў рытм і гэта яму падабалася 

Па словах жонкі Аляксея, ён наведваў рэпетыцыі музыкаў, таму што хацеў навучыцца гуляць на барабанах:

"Ён вельмі любіў музыку. Для яго было галоўнае, каб гук быў добрым. Я не скажу, што ён барабаншчык, ён ім і не быў. Але ведаў гэтых хлопцаў, яму падабалася як гучыць барабан і ён паставіў сабе мэту навучыцца гуляць. Таму ён ездзіў да іх на рэпетыцыі. Ён вучыў рытм і гэта яму падабалася".

"Асабліва цяжка было адзначаць Дзень нараджэння дзіцяці без таты"

Жонка Аляксея распавяла, што на жыццё сям'і ён зарабляў зборкай мэблі, а дома яго чакае 8-гадовая дачка.

"Ён у нас вельмі спагадны і добры. Заўсёды ўсім прыходзіў на дапамогу. У яго залатыя рукі, і ён зарабляў на жыццё зборкай мэблі. Ён працаўнік, вельмі шмат працаваў, каб мы не мелі патрэбы ні ў чым.

Вельмі шмат укладваў у дзіця. Лічыў, што да 10 гадоў дзіця павінна паспрабаваць розныя гурткі і секцыі, каб яна потым сапраўды разумела, што ёй падабаецца і да чаго ляжыць душа.

А яшчэ Лёша вельмі любіць жывёл, але гэта мая бяда [усміхаецца]. Ён падбіраў бяздомных, прыносіў іх дадому, потым мы іх лячылі, адкормлівалі і прыбудоўвалі ў добрыя рукі.

Ён таксама пастаянна імкнуўся развівацца. Усё, што нова, — яму цікава. Ён нават скончыў курсы па трэйдзінгу.

Яго адсутнасць даецца з цяжкасцю. Асабліва цяжка было адзначаць Дзень нараджэння дзіцяці без таты, а цяпер і Новы год. Ён увесь час казаў нам: "Дзяўчынкі мае, усё будзе добра, галоўнае, верыць і ўсё атрымаецца!" Дык вось, мы верым, я веру! Усё будзе добра, і гэтая чорная паласа хутка скончыцца. Я кожны дзень прагаворваю гэтыя словы", — распавядае пра Аляксея яго жонка.

Свет адбівае рытм за вызваленне Аляксея Санчука

Беларусы падтрымліваюць Аляксея і ягоных блізкіх, запісваючы відэа, дзе яны адбіваюць рытм на барабанах, іншых музычных інструментаў і нават рондалях ці іншых падручных сродках. У сеціве запушчаныя флэшмобы ў падтрымку палітвязня #яучилритм і #свободусанчуку. Напрыклад, 5 снежня суседзі Аляксея па мікрараёне "Шарыкі" запісалі рытм пад плакатам "СВАБОДУ АЛЯКСЕЮ САНЧУКУ" ў ягоную падтрымку і выклалі гэта ў інтэрнэт.

"Гэты рытм мы адбіваем, патрабуючы вызвалення Аляксея, палітвязняў і ўсіх адміністрацыйна і крымінальна затрыманых па палітычных матывах", — напісалі суседзі Аляксея "Нашай Ніве".

Відэа салідарнасці з палітзняволеным барабаншчыкам запісваюць нават у іншых краінах Еўропы.

Ужо больш за месяц 30-гадовага Аляксея ўтрымліваюць у СІЗА-1 у Мінску. Жонка Аляксея распавядае, што адчувае і бачыць падтрымку ад людзей:

"Нам вельмі прыемная салідарнасць ягоных сяброў. Паказваю ўсе відэа дачцэ. Яна лічыць яго Героем".

Аляксею Санчуку можна напісаць словы падтрымкі па адрасе:

СІЗА №1, г. Мінск, вул.Валадарскага, 2, 220030

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства