viasna on patreon

Заключэнне групы экспертаў і юрыстаў «Вясны» па крымінальнай справе Марыі Сафонавай

2020 2020-12-23T17:31:56+0300 2020-12-23T22:04:53+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/safonava_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Марыя Сафонава. Фота: spring96.org

Марыя Сафонава. Фота: spring96.org

12 лістапада 2020 г. суд Ленінскага раёна г. Мінска вынес прысуд па абвінавачванні Марыі Сафонавай у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага арт. 341 КК: «пашкоджанне маёмасці ў іншых грамадскіх месцах пры адсутнасці прыкметаў больш цяжкага злачынства». Марыі Сафонавай прызначана пакаранне ў выглядзе арышту тэрмінам на 2 месяцы.

Кантэкст, звязаны з поствыбарнымі пратэстамі і масавымі рэпрэсіямі; захаванне і заахвочванне правоў і свабод чалавека

9 жніўня 2020 г. у Беларусі прайшлі выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Вынікі прэзідэнцкіх выбараў былі прызнаныя нягоднымі даверу нацыянальнымі назіральнікамі і міжнароднай супольнасцю, выбарчы працэс не адпавядаў стандартам свабодных, дэмакратычных і канкурэнтных выбараў. Вынікі выбараў прэзідэнта не прызналі ЗША, Вялікабрытанія, Канада і краіны Еўрапейскага саюза. Нацыянальная сетка назірання за выбарамі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» ў выніковай аналітычнай справаздачы падкрэсліла, што выбарчая кампанія ад самага яе пачатку праходзіла ў атмасферы страху і запалохвання ўдзельнікаў выбарчага працэсу.

Падзеі, якія адбыліся ва ўсёй краіне з 9 па 14 жніўня 2020 г., паслужылі падставай для прызнання праваабарончай супольнасцю дзеянняў уладаў злачынствамі супраць бяспекі чалавецтва.

Масавыя катаванні, факты жорсткасці сілавікоў у дачыненні да мірных пратэстуючых, прымяненне зброі і вадамётаў, страта легітымнасці ўлады ў сувязі з фальсіфікацыямі выбараў прывялі да масавых пратэстаў у Мінску і ў рэгіёнах. Акрамя штотыднёвых акцый пратэсту кожную нядзелю, калі на маршах збіраліся дзесяткі тысяч грамадзянаў, у гэты перыяд адзначаецца высокая актыўнасць грамадзянаў на лакальным узроўні: у буднія дні грамадзяне збіраюцца вечарамі ў дварах шматпавярховых дамоў, дзе ў розных формах праяўляюць сваю салідарнасць з палітычнымі вязнямі і ахвярамі катаванняў, выказваючы сваю нязгоду з дзеяннямі нелегітымнай улады. Жыхары ўпрыгожваюць двары бела-чырвона-белымі стужкамі і сцягамі – гістарычнымі сімваламі Беларусі. Улады ў масавым парадку пераследуюць прыхільнікаў бела-чырвона-белых сцягоў, робяцца актыўныя спробы знішчыць сімвалы пратэсту, якія маюць колеры гістарычнага сцяга.

Умовы назірання

Судовае пасяджэнне па справе Марыі Сафонавай праведзена адкрыта і галосна. Перашкодаў для разумення сутнасці дзеянняў суда і ўдзельнікаў працэсу, што адбываліся, не ўзнікла, чутнасць была здавальняючай, судовыя паседжанні пачыналіся ў тэрмін, час аднаўлення пасяджэння называўся выразна і гучна. Парадак у будынку суда і ў судовым пасяджэнні вызначала суддзя. Судом не аказвалася перашкодаў для аўдыёзапісу працэсу, было забаронена весці відэатрансляцыю і рабіць фота. Рэзалютыўная частка прысуду абвешчана публічна.

У ходзе вывучэння доказаў падчас прагляду відэазапісаў суддзя паклікала да свайго стала дзяржабвінаваўцу і бок абароны разам з абвінавачанай для азнаямлення на ноўтбуку з відэазапісам, які, паводле версіі суда, пацвярджае вінаватасць Марыі Сафонавай у здзяйсненні злачынства. Ноўтбук быў павернуты да суддзі, убачыць змест відэазапісу не ўяўлялася магчымым. Гуку не было чуваць наогул.

Захаванне працэдуры судовага паседжання:

Суддзя: Шут Юлія Сцяпанаўна

Пракурор: Даўгала Ю.П.

Абвінавачаная: Сафонава Марыя Юр'еўна

Пацярпелыя: УП «Рэмаўтадор Ленінскага раёна г. Мінска» (прадстаўнік Няборская М.В.), КУП «ЖКГ Ленінскага раёна г. Мінска» (Драгуева Е.І.), УП Мінгарвыканкама «Мінгарсвятло» (Вяргейчык С.В.)

Заявы аб ужыванні катаванняў і/або жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання:

  • першая заява паступіла ад Марыі Сафонавай, калі яна расказала пра затрыманне сведкамі Кульбей Е.В. і Альянах А.В., якія разбілі ёй нос. Суддзя зняла пытанні адваката абвінавачанай пра тое, якімі палажэннямі заканадаўства яны кіраваліся, здзяйсняючы гвалт у дачыненні да абвінавачанай, наносячы ўдары па жыццёва важных органах.
  • другая заява паступіла ад Марыі Сафонавай, калі яна расказала пра першы допыт у следчага: абвінавачваную даставілі ў Ленінскае РУУС г. Мінск, не далі магчымасці памыць скрываўлены твар. Марыя расказала, што пры першым допыце следчы яе абражаў, агрэсіўна ставіўся да яе, заяўляючы пра тое, што «з-за яе каракуль» яму даводзіцца шмат працаваць у непрацоўны час. Потым і зусім заявіў: «Чаму ты яшчэ не павесілася?» Следчы ігнараваў той факт, што Марыю даставілі да яго з акрываўленым тварам пасля затрымання валанцёрамі чата «Антывандал». Суддзя зняла пытанні адваката абвінавачанай пра жорсткае і прыніжальнае абыходжанне з абвінавачанай.

Забеспячэнне эфектыўнай абаронай

Абвінавачаная прадстаўлена адвакаткай Мінскай абласной калегіі адвакатаў Аленскай Інэсай Вітальеўнай, якая ажыццяўляе дзейнасць індывідуальна. Адвакатка падала суду заключэнне спецыялістаў з Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук пра тое, што нанясенне надпісу «Жыве Беларусь» і размалёўка дзвярэй кветкамі бел-чырвона-белага колеру не могуць ўтварыць склад злачынства, прадугледжаны арт. 341 КК. Адвакатка таксама прасіла далучыць да матэрыялаў справы дыск з відэазапісам, які пацвярджае факт адсутнасці замены асфальту на месцы нанясення графіці «Жыве Беларусь» плошчай 18.5 кв.м. Адвакатка прасіла суд выклікаць спецыяліста з Інстытута гісторыі НАН. Адвакатка задавала пытанні пра тое, чым кіраваліся сведкі Кульбей Е.В. і Альянах А.В., наносячы ўдары абвінавачанай па галаве падчас затрымання. У ходзе спрэчак, адвакатка Інэса Аленская сказала вельмі пранізлівую прамову аб невінаватасці сваёй падабароннай, канец прамовы быў сустрэты бурнымі апладысментамі ў залі. Абвінавачаная Марыя Сафонава была забяспечаная абаронай, аднак эфектыўнасць абароны істотна зніжалася ў сувязі з адвольнымі абмежаваннямі суддзёй магчымасцяў абароны.

Роўнасць правоў бакоў у працэсе

Абаронца абвінавачанай Інэса Аленская падала хадайніцтва аб выкліку спецыяліста з Інстытута гісторыі НАН, каб ён даў тлумачэнні і растлумачыў, што цынічнага надпісу ў графіці не маецца. Суд адмовіў у задавальненні хадайніцтва.

Абаронца абвінавачанай Інэса Аленская падала хадайніцтва аб далучэнні дыска з відэазапісам, на якім пацвярджаецца, што замены асфальту з надпісам «Жыве Беларусь» плошчай 18.5 кв. м. не зроблена. Суд са спасылкай на тое, што паходжанне запісу і дыска невядомае, не вывучаючы самага запісу, адмовіў у задавальненні хадайніцтва.

Абаронца абвінавачанай Інэса Аленская задала пытанне прадстаўніку пацярпелага боку ЖКГ Ленінскага раёна г. Мінска Драгуевай Е.В., ці на ўсе надпісы арганізацыя рэагуе аператыўна і своечасова іх ліквідуе, або толькі на звязаныя з нацыянальнай сімволікай і бела-чырвона-белымі надпісамі і сцягамі. Пасля атрыманага адказу, абаронца спытала ў прадстаўніка, чаму намаляваны на дзвярах пад'езда, у якім жыве абвінавачаная, фалічны сімвал дагэтуль не закрашаны, хоць зварот быў пададзены месяц таму. Суддзя зняла пытанне.

Абаронца Інэса Аленская задала пытанне сведкам Кульбей Е.В. і Альянах А.В. аб тым, на якіх здагадках былі заснаваныя довады аб наяўнасці ў заплечніку абвінавачанай фарбы, чаму сведкі вырашылі, што гэта была менавіта фарба, а не лак для валасоў. Суддзя зняла пытанне.

Абаронца Інэса Аленская задала пытанне сведкам Кульбей Е.В. і Альянах А.В. аб тым, якімі нормамі права кіраваліся яны пры затрыманні абвінавачанай і нанясенні ёй цялесных пашкоджанняў у вобласці твару і галавы. Суддзя зняла пытанне.

Абаронца Інэса Аленская задала пытанне абвінавачанай аб зневажальным чалавечую годнасць абыходжанні з боку следчага пры першым допыце. Суддзя зняла пытанне.

Пракурор спытала ў абвінавачанай пра памер яе даходу і крыніцы яе існавання. Адвакатка прасіла суд зняць пытанне са спасылкай на тое, што яно не адносіцца да сутнасці справы. Суддзя падтрымала пытанне дзяржабвінаваўцы і адхіліла заўвагу адваката.

У п. 21 Заўвагі агульнага парадку №32 (2007 г.) адзначаецца, што суд абавязаны паўставаць як бесстаронні ў вачах разумнага назіральніка. Зняццё пытанняў суддзёй пра шэраг істотных акалічнасцяў справы сведчыць пра парушэнні судом прынцыпу бесстароннасці ў справе, а таксама істотна зніжае эфектыўнасць абароны.

Даследаванне доказаў

У судовым пасяджэнні даследаваныя наступныя доказы:

  • паказанні абвінавачанай Марыі Сафонавай;
  • паказанні прадстаўніка грамадзянскага адказчыка УП «Рэмаўтадор Ленінскага раёна г. Мінска» Няборскай М.В.;
  • паказанні прадстаўніка грамадзянскага адказчыка УП Мінгарвыканкама «Мінгарсвятло» Вяргейчыка С. В.;
  • паказанні прадстаўніка грамадзянскага адказчыка КУП «Жыллёва-камунальная гаспадарка Ленінскага раёна г. Мінска» Драгуевай Е.І.;
  • паказанні сведкі Шыдлоўскага П.Н.;
  • паказанні сведкі Забела О.У.;
  • паказанні сведкі Кульбей Е.В.;
  • паказанні сведкі Альянах А.В.

Устаноўленыя прысудам абставіны

Абвінавачанай ставілася ў віну тое, што «яна, дзейнічаючы групай асобаў па папярэдняй змове з нявызначанымі асобамі, 07.10.2020 г. у перыяд часу прыкладна з 01.00 гадзіны па 02.00 гадзіны, знаходзячыся ў грамадскім месцы паблізу дамоў №2 і №4 на вул. Балтыйская ў г. Мінску, маючы намер па псаванні маёмасці ў іншых грамадскіх месцах, выкарыстоўваючы пэндзаль і лакафарбавы матэрыял белага і чырвонага колераў ў вадкім стане, фарбу аэразольную, наўмысна нанесла на паверхню металічных уваходных дзвярэй і парэнчаў (сталёвых труб) тэхнічнага памяшкання дома №4 па вул. Балтыйскай ў г. Мінску, на пакрыццё тратуару паблізу вышэйуказанага дома, на паверхню апораў вонкавага асвятлення ўздоўж дамоў №2 і №4 па вул. Балтыйскай ў г. Мінску, а таксама ўрны для смецця ў двары вышэйзгаданых дамоў надпісы наступнага зместу: «Жыве Беларусь» і выявы ў выглядзе чырвона-белага сцяга, што знізіла эстэтычныя характарыстыкі металічных уваходных дзвярэй і парэнчаў (сталёвых труб) тэхнічнага памяшкання дома №4 па вул. Балтыйскай ў г. Мінску, пакрыццё тратуара, урны для смецця, апораў вонкавага асвятлення і выклікала неабходнасць правядзення работ па афарбоўцы раней афарбаваных дзвярэй, афарбоўцы раней афарбаваных парэнчаў (паверхняў сталёвых труб), афарбоўцы абтынкаваных паверхняў (урны для смецця), замене асфальтабетоннага пакрыцця тратуара, афарбоўцы не менш за трох апораў вонкавага асвятлення, прычыніўшы тым самым маёмасную шкоду УП «Рэмаўтадор Ленінскага раёна г. Мінска» на суму 442 рубля 01 капейка, КУП «ЖКГ Ленінскага раёна г. Мінска» на суму 61 рубель, УП Мінгарвыканкама «Мінгарсвятло» на суму не менш за 53 рублі 40 капеек, а ўсяго, прычыніўшы маёмасную шкоду вышэйпаказаным прадпрыемствам на агульную суму не менш за 556 рублёў 41 капейку».

Заключныя высновы

Аналіз судовага прысуду ў выніку дае магчымасць зрабіць высновы, якія маюць значэнне для далейшых ацэнак справы і палажэння абвінавачанай.

Эксперты і юрысты ПЦ «Вясна» ўгледжваюць палітычныя матывы ў дзеяннях уладаў у дачыненні да абвінавачанай:

пад палітычнымі матывамі разумеюцца рэальныя падставы: важна прааналізаваць не толькі публічна пазначаныя падставы рашэнняў органаў улады, але і выявіць іх сапраўдныя матывы для непрымальных ў дэмакратычным грамадстве дзеянняў або бяздзейнасці праваахоўных і судовых органаў, iншых суб'ектаў уладных паўнамоцтваў, накіраваных на дасягненне хаця б адной з наступных мэтаў:

a) умацаванне альбо ўтрыманне ўлады суб'ектамі ўладных паўнамоцтваў;

b) недобраахвотнае спыненне або змяненне характару чыёй-небудзь публічнай дзейнасці.

Абедзве мэты палітычных матываў уладаў у пераследзе угледжваюцца ў крымінальнай справе Марыі Сафонавай па абвінавачванні ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага арт. 341 КК. Першая мэта выяўляецца ў тым, што дадзеная справа ў чарговы раз паказала пратэктарства праваахоўных органаў тым грамадзянам, якія зразаюць у дварах бела-чырвона-белыя стужкі, а таксама наносяць на будынкі і збудаванні сімвалы і знакі ў колерах дзяржаўнага чырвона-зялёнага сцяга. Першая мэта ўгледжваецца і ў тым, што дзяржава не імкнецца да выканання пазітыўных абавязацельстваў па арт. 7 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Збіццё і жорсткае абыходжанне, якое прыніжае чалавечую годнасць, у дачыненні да абвінавачанай не было эфектыўна расследавана праваахоўнымі органамі. У судовым паседжанні суддзя зняла пытанні абароны пра факты жорсткага абыходжання ў дачыненні да абвінавачанай. Факты, якія прагучалі аб жорсткім абыходжанні ў дачыненні да Марыі Сафонавай, не адлюстраваны і ў тэксце судовага прысуду.

Другая мэта ўгледжваецца ў крыміналізацыі дзеі абвінавачанай. Падобны прававы падыход, калі ў крымінальна-прававым парадку пераследуюцца асобы, якія наносяць графіці на надзённую грамадска-палітычную тэматыку, з'явіўся пасля падзей 9 жніўня 2020 г., калі ўлады сталі рэзка і непрапарцыйна рэагаваць на выказванне меркавання адносна падаўлення свабоды выказвання меркавання. Да падзей 9 жніўня 2020 г. такія дзеянні цягнулі адміністрацыйны пераслед. Разам з тым, нанясенне графіці на тэматыку, якая прадстаўляе грамадскі інтарэс, абараняецца стандартам свабоды выказвання меркавання (п. 2 арт. 19 Пакта). Пазбаўленне волі за графіці ў выглядзе малюнка, якое не нясе пагрозы грамадскаму парадку і не наносіць непапраўнай шкоды спажывецкім уласцівасцям маёмасці і збудаванняў, на якіх нанесеныя надпісы і малюнкі, з'яўляецца недапушчальнай і несуразмернай мерай. Падобныя дзеянні ўладаў нясуць астуджальны эфект, які паралізуе жаданне грамадзянаў выказаць сваё меркаванне ў мастацкай форме з-за няўпэўненасці і непрадказальнасці мераў, якія праваахоўныя органы могуць прадпрыняць у дачыненні да іх.

У судовым пасяджэнні абвінавачаная Марыя Сафонава падкрэсліла, што нанесла надпіс, таму што яна беларуска і хацела такім чынам падкрэсліць сваю грамадзянскую пазіцыю і сваю нацыянальнасць. Марыя заявіла, што хацела выказаць сваю пазіцыю пра тое, што тут жывуць беларусы. Жаданне абвінавачанай выказаць менавіта такім чынам сваё меркаванне было абумоўлена тым, што напярэдадні, 5 кастрычніка, у двары дома №4 па вул. Балтыйскай, некалькі грамадзянаў, як мяркуецца, у стане алкагольнага ап'янення пад аховай людзей у цывільным і супрацоўнікаў АМАПу зрэзалі бел-чырвона-белыя стужачкі, пасля чаго нанеслі балончыкам на трансфарматарнай будцы надпіс у колерах дзяржаўнага чырвона-зялёнага сцяга. Пасля здзяйснення ўказаных дзеянняў невядомыя асобы сышлі ў суправаджэнні супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Якіх-небудзь санкцый да іх не прымянілася.

Такім чынам, крымінальны пераслед Марыі Сафонавай, вынясенне ў дачыненні да яе абвінаваўчага прысуду з неабходнасцю адбыцця арышту тэрмінам на два месяцы ёсць ўмяшальніцтвам у свабоду выказвання меркавання. Выказванне меркавання ў форме графіці з надпісам «Жыве Беларусь» і нанясення малюнка ў бела-чырвона-белым колеры ўяўляе выказванне па пытаннях, што прадстаўляюць відавочны грамадскі інтарэс, і стаўленне да палітыкі, якая праводзіцца страціўшымі легітымнасць уладамі. У сілу п. 11 Заўвагі агульнага парадку №34 (2011) такая форма выказвання знаходзіцца пад абаронай арт. 19 Пакту.

У адпаведнасці з ч. 1 арт. 33 Канстытуцыі кожнаму грамадзяніну гарантуецца свабода меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне. Артыкул 19 (п. 2) Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах прадугледжвае, што кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэта права ўключае свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага роду інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці праз друк альбо мастацкія формы выражэння ці іншымі спосабамі на ўласны выбар.

Пункт 3 артыкула 19 Пакта прадугледжвае, што карыстанне прадугледжанымі ў п. 2 арт. 19 правамі накладае асаблівыя абавязкі і асаблівую адказнасць. Яно можа быць, такім чынам, спалучана з некаторымі абмежаваннямі, якія, аднак, павінны быць устаноўленыя законам і неабходныя:

a) для павагі правоў і рэпутацыі іншых асобаў;

b) для аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя ці маралі насельніцтва.

Пункт 3 артыкула 19 Пакта замацоўвае дзве ўмовы, пры якіх абмежаванне права на свабоднае выказванне меркавання будзе правамерным: падстава для абмежавання права павінна быць прадугледжана законам і само ўмяшальніцтва ў рэалізацыю права павінна быць неабходным і адказваць крытэрам суразмернасці.

Заканадаўца ўключыў арт. 341 КК у главу 30 пад назвай «Злачынствы супраць грамадскага парадку і грамадскай маральнасці». Такім чынам, арт. 341 КК прадастаўляе крымінальна-прававую ахову грамадскім адносінам, заснаваным на аб'ектыўнай патрэбе падтрымання такіх агульнапрынятых сацыяльных формаў і правілаў паводзінаў, пры выкананні якіх гарантуюцца інтарэсы грамадзянаў у спакойнай і бяспечнай абстаноўцы побыту, вольнага часу, адпачынку, грамадскай дзейнасці, і паважлівае стаўленне да ўказаных грамадскіх каштоўнасцей і здабыткаў.

У адпаведнасці з п. 2 арт. 19 Пакта, дзяржавы-ўдзельніцы абавязаныя гарантаваць права на свабоду выказвання меркаванняў, у тым ліку права шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага роду інфармацыю і ідэі незалежна ад дзяржаўных межаў. Гэта права ўключае ў сябе перадачу і атрыманне паведамленняў, якія змяшчаюць усякага роду ідэі і меркаванні, што могуць быць перададзеныя іншым асобам у адпаведнасці з палажэннямі пункта 3 артыкула 19 і артыкула 20. Да іх ліку належаць палітычныя выступы, каментары на асабістыя ці палітычныя тэмы, збор звестак, абмеркаванне пытанняў правоў чалавека, журналісцкая дзейнасць, культурнае і мастацкае выражэнне, выкладанне, а таксама рэлігійныя выступы. Да іх таксама можа адносіцца камерцыйная рэклама. У сферу прымянення пункта 2 уключаная нават такая форма выказвання меркаванняў, якая можа разглядацца як глыбока абразлівай, але пры гэтым яе выкарыстанне можа падпадаць пад абмежаванні ў адпаведнасці з палажэннямі пункта 3 артыкула 19 і артыкула 20 (п. 11).

Пункт 2 абараняе ўсе формы выказвання і спосабы распаўсюджвання меркаванняў. Да такіх формах адносяцца вусная і пісьмовая гаворка, мова жэстаў, а таксама такія сродкі невербальнае камунікацыі, як малюнкі і прадметы мастацтва. Да спосабаў выказвання адносяцца кнігі, газеты, брашуры, афішы, банеры, адзенне і матэрыялы, не забароненыя законам. Да іх адносяцца ўсе віды аўдыёвізуальных, электронных і заснаваных на Інтэрнэт-тэхналогіях сродкі выказвання (п.12).

Аналіз тэксту судовага прысуду дазваляе зрабіць выснову аб тым, што суд не абгрунтаваў, якім чынам нанясенне графіці «Жыве Беларусь» і малюнка бела-чырвона-белага колеру на дзвярах парушае грамадскі парадак, якую пагрозу ахоўным праваадносінам нясуць дадзеныя дзеянні і надпісы. Больш за тое, суд не прывёў довадаў пра тое, якім чынам абранае пакаранне ў выглядзе арышту на два месяцы будзе адказваць прынцыпу неабходнасці ў дэмакратычным грамадстве і суразмернасці здзейсненаму.

Пункт 3 артыкула 19 Пакта непасрэдна абвяшчае аб тым, што карыстанне правам на свабоднае выказванне свайго меркавання накладае асаблівыя абавязкі і асаблівую адказнасць. З гэтай прычыны дапускаюцца дзве вузкія вобласці абмежавання гэтага права, якія могуць адносіцца альбо да павагі правоў ці рэпутацыі іншых асобаў, альбо да аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку (ordre public) ці здароўя і маральнасці насельніцтва. Тым не менш, калі дзяржава-удзельніца ўсталёўвае абмежаванні на ажыццяўленне права на свабоднае выказванне меркавання, гэтыя абмежаванні не павінны ставіць пад пагрозу сам прынцып гэтага права. Камітэт нагадвае, што сувязь паміж правам і абмежаваннем, паміж нормай і выключэннем, не павінна быць адваротнай [...] (п. 21).

Абмежаванні могуць устанаўлівацца выключна пры захаванні асаблівых умоў, прадугледжаных у пункце 3: абмежаванні «павінны быць устаноўленыя законам»; яны могуць устанаўлівацца толькі на падставах, прадугледжаных у падпунктах a) і b) пункта 3, і павінны строга адказваць патрабаванню неабходнасці і суразмернасці [...] (п. 22). Паводле сэнсу дадзенага пункта дзяржава, праз інстытуты і службовых асобаў, абавязана ўстрымлівацца ад празмерных санкцый пры абмежаванні і ўмяшальніцтве ў права на выказванне меркавання.

Дзяржавам-удзельніцам варта прыняць эфектыўныя меры для абароны ўладальнікаў права на свабоднае выказванне свайго меркавання ад спробаў прымусіць іх замаўчаць. Пункт 3 ні пры якіх умовах не можа служыць апраўданнем для таго, каб прымусіць замаўчаць якіх-небудзь абаронцаў шматпартыйнай дэмакратыі, дэмакратычных прынцыпаў і правоў чалавека. Падобным чынам, агрэсія ў адносiнах да асобы, якая выкарыстоўвае сваё права на свабоднае выказванне меркаванняў, у тым ліку такія формы агрэсіі як адвольны арышт, катаванні, пагроза жыццю і забойства, несумяшчальная з артыкулам 19 [...]. У дачыненні да ўсіх падобных выпадкаў агрэсіі варта праводзіць своечасовае і дакладнае расследаванне, вінаватых неабходна пераследваць паводле закону, а ахвярам [...] прадастаўляць належныя формы кампенсацыі шкоды (п. 23).

У сваёй Заўвазе агульнага парадку № 27 Камітэт адзначыў, што «абмежавальныя меры павінны адпавядаць прынцыпу суразмернасці; яны павінны з'яўляцца дарэчнымі для выканання сваёй ахоўнай функцыі; яны павінны ўяўляць сабой найменш абмежавальным сродкам з ліку тых, з дапамогай якіх можа быць дасягнуты жаданы вынік; і яны павінны быць суразмернымі інтарэсам, якія абараняюцца. Прынцып суразмернасці павінен выконвацца не толькі ў заканадаўстве, у якім прадугледжваюцца абмежаванні, але і адміністрацыйнымі і судовымі ўладамі ў працэсе прымянення заканадаўства» (п. 14).

Калі дзяржава-ўдзельніца спасылаецца на законныя падставы пры ўстанаўленні абмежавання на свабоду выказвання меркаванняў, яна павінна дакладна і падрабязна прадэманстраваць канкрэтны характар пагрозы, а таксама тое, што прыняцце канкрэтных мераў адказвае крытэрам неабходнасці і суразмернасці, у прыватнасці шляхам ўстанаўлення прамой і непасрэднай сувязі паміж формай выказвання і пагрозай (п. 35).

Аналіз тэксту прысуду суда Ленінскага раёна г. Мінска дазваляе зрабіць адназначную выснову пра тое, што суд не абгрунтаваў характар пагрозы, якую нясе графіці з надпісам «Жыве Беларусь» і надпіс БЧБ-расфарбоўкі на дзвярах падвала, грамадскаму парадку, а таксама неабходнасць прымянення да абвінавачанай суровай меры пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі. Што ж тычыцца высунутага аб'ёму абвінавачвання ў дачыненні да Сафонавай аб тым, што яна здзейсніла шэраг іншых надпісаў па папярэдняй змове ў складзе групы асобаў, на думку назіральніка, дадзеныя факты не знайшлі якога-небудзь пацверджання ў судовым пасяджэнні.

Экспертамі і юрыстамі ПЦ «Вясна» не аспрэчваецца факт таго, што дзеянні абвінавачанай Марыі Сафонавай закранаюць правы і законныя інтарэсы арганізацый, у падпарадкаванні якіх знаходзяцца аб'екты, на якіх было нанесена графіці. Разам з тым, пытанне аб кампенсацыі нанесенай шкоды ЖКГ, Рэмаўтадору і Мінгарсвятлу можа быць разгледжана ў грамадзянска-прававым парадку. Адначасова варта падкрэсліць, што большая частка шкоды заснавана на сумнеўнай неабходнасці замяніць участак пакрытага сеткай расколінаў, шурпатасцямі, мясцовымі разбурэннямі асфальтабетоннага пакрыцця для ліквідацыі надпісу, які сваім зместам не робіць замаху на ахоўныя правы.

У судовым пасяджэнні Марыя Сафонава заявіла суду, што была затрыманая валанцёрамі Telegram-супольнасці «Антывандал», збітая і дастаўленая з акрываўленым тварам да следчага, які падвергнуў яе жорсткаму, зневажальнаму чалавечую годнасць абыходжанню. Суд зняў пытанні абаронцы абвінавачанай пра факты жорсткага абыходжання ў дачыненні да абвінавачанай, чым спрыяў злачынным паводзінам асобаў, якія дапусцілі да Сафонавай падобныя паводзіны. Належнага расследавання жорсткага абыходжання, якое зневажае чалавечую годнасць, у адносінах да абвінавачанай не было праведзена, па выніках праверкі вынесена пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Такія метады няпоўнага расследавання заяў пра катаванні ў Беларусі крытыкаваў Камітэт супраць катаванняў ААН у 2018 годзе.

Аналіз тэксту судовага прысуду, а таксама маніторынг разгляду справы ў судзе, дазваляюць зрабіць выснову аб тым, што ўказанне судом у якасці абставінаў, што абцяжарваюць віну, здзяйсненне злачынства групай асобаў па папярэдняй змове - не адпавядае патрабаванням крымінальнага закону.

Злачынства прызнаецца здзейсненым групай асобаў, калі хаця б дзве асобы сумесна ўдзельнічалі ў здзяйсненні дадзенага злачынства ў якасці яго выканаўцаў (саўдзельніцтва); злачынства прызнаецца здзейсненым групай асобаў па папярэдняй змове, калі выканаўцы загадзя дамовіліся аб сумесным здзяйсненні дадзенага злачынства (арт. 17 КК).

Выканаўцам прызнаецца асоба, якая непасрэдна ўчыніла злачынства, альбо непасрэдна ўдзельнічала ў яго здзяйсненні сумесна з іншымі асобамі, альбо ўчыніла злачынства з дапамогай выкарыстання іншых асобаў, якія не падлягаюць у сілу закону крымінальнай адказнасці, або якія ўчынілі злачынства па неасцярожнасці (арт. 16 КК).

З тэксту судовага прысуду, а таксама маніторынгу судовага паседжання не ўяўляецца магчымым зрабіць выснову аб здзяйсненні Сафонавай дзеі, што ставіцца ёй у віну, групай асобаў па папярэдняй змове. У прысудзе не адлюстраваныя звесткі аб датычных асобах, а таксама аб тым, што следствам прадпрымаліся спробы да вышуку датычных. У ходзе маніторынгу судовага паседжання праглядалася некалькі відэазапісаў, аднак іх прагляд не быў прад'яўлены для агляду слухачам у зале. З аналізу ўсёй справы не бачыцца якіх-небудзь прыкметаў, якія б сведчылі пра здзяйсненне дзеянняў па нанясенні надпісаў у складзе групы асобаў па папярэдняй змове; выснова суда аб наяўнасці папярэдняй змовы заснаваны на здагадках і не можа быць пакладзена ў аснову прысуду, бо парушае прэзумпцыю невінаватасці, а здзяйсненне злачынства групай асобаў не з'яўляецца абцяжарваючай віну акалічнасцю ў адпаведнасці з арт. 64 КК.

З тэксту прысуду:

«Абмяркоўваючы пытанне аб прызначэнні пакарання абвінавачанай, суд прыйшоў да пераканання, што мэты крымінальнай адказнасці, якая мае сваёй мэтай выпраўленне асобы, што здзейсніла злачынства, і прадухіленне здзяйснення новых злачынстваў як асуджанай, так і іншымі асобамі, а таксама закліканай садзейнічаць аднаўленню сацыяльнай справядлівасці, могуць быць дасягнуты пры прызначэнні пакарання абвінавачанай у межах санкцыі артыкула, паводле якога кваліфікаваныя яе дзеянні, у выглядзе арышту, не ўгледжваючы падстаў для прызначэння пакарання іншымі відамі пакарання.

Улічваючы асобу вінаватай і ўмовы, пры якіх ёю было здзейснена злачынства, суд не знаходзіць выключных абставінаў, звязаных з мэтамі, матывамі, роляй асобы і яе паводзінамі падчас і пасля здзяйснення злачынства, якія істотна памяншаюць ступень грамадскай небяспечнасці дзеі, у сувязі з чым не ўгледжвае падстаў для прымянення арт. 79 КК Рэспублікі Беларусь».

Эксперты і юрысты ПЦ «Вясна» мяркуюць, што суд у межах нацыянальнага крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага заканадаўства не абгрунтаваў неабходнасць прымянення самага суровага з магчымых відаў пакарання, прадугледжаных санкцыяй арт. 341 КК, у выглядзе арышту тэрмінам на 2 месяцы ў дачыненні да Марыі Сафонавай.

Паводле ч. 1 арт. 62 КК Рэспублікі Беларусь «пры прыпрызначэнні пакарання суд зыходзіць з прынцыпу індывідуалізацыі пакарання, г.зн. улічвае характар і ступень грамадскай небяспекі ўчыненага злачынства, матывы і мэты зробленага, асобу вінаватага, характар нанесенай шкоды і памер нанесенай шкоды, даходу, атрыманага злачынным шляхам, абставіны, якія змякчаюць або абцяжарваюць адказнасць, меркаванне пацярпелага па справах прыватнага абвінавачвання, матывуючы абраную меру пакарання ў прысудзе». Зыходзячы з прысуду, суд пры прызначэнні самага суровага выгляду пакарання не зрабіў дакладнай ацэнкi таму факту, што папярэдні памер шкоды, прычынены дзеяннямі абвінавачанай, складае 20,5 базавых велічынь, або 220 даляраў ЗША. З улікам таго, што ў калькуляцыю выдаткаў была ўключаны кошт працаў па ліквідацыі шэрагу надпісаў ў двары дома №4 па вул. Балтыйскай, у тым ліку і выдаткі на выкарыстанне пад'ёмніка, неабходнага пры зафарбоўцы сметніка вышынёй да калена, замену зношанага асфальтабетоннага пакрыцця для ліквідацыі надпісу, гэты памер шкоды неабгрунтавана адвольна завышаны.

Заканадаўца ў ч. 1 арт. 62 КК непасрэдна ўказвае на абавязковасць матывіроўкі ў прысудзе абранай меры пакарання. Матывіроўка (абгрунтаванне) абранай меры пакарання ёсць практычным выражэннем асноўных пачаткаў прызначэння пакарання, і перш за ўсё, прынцыпу яго індывідуалізацыі. Частка 2 артыкула 360 КПК абавязвае суд у апісальна-матывіровачнай частцы абвінаваўчага прысуду ўказваць матывы вырашэння ўсіх пытанняў, якія адносяцца да прызначэння пакарання.

Суд не матываваў адмову ў прымяненні артыкула 79 КК, якая прадугледжвае асуджэнне без пакарання – мінімальна магчымую форму рэалізацыі крымінальнай адказнасці, уздзеянне якой зводзіцца да ўскладання на асуджанага абавязкаў па выкананні правілаў прафілактычнага нагляду.

Падстава для абрання судом названай формы крымінальнай адказнасці для асобы, якая ўчыніла злачынства, сфармулявана ў законе гранічна ясна як у матэрыяльным, так і працэдурным дачыненні, і выяўляецца ва ўстанаўленні і канстатацыі судом наступных абставінаў:

  • злачынства здзейснена асобай ўпершыню;
  • злачынства адносіцца да катэгорыі тых, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі;
  • характарыстыка асобы вінаватага як з улікам здзейсненага злачынства, так і на аснове ацэнкі папярэдніх паводзінаў дазваляе сцвярджаць, што супрацьпраўныя паводзіны для дадзенай асобы ёсць хутчэй адмысловага роду выпадковасцю, чым праявай псіхалогіі ўсёдазволенасці;
  • пасля здзяйснення правапарушэння, аж да заканчэння судовага следства, застаючыся на волі, асоба бездакорнымі паводзінамі доўга выяўляла імкненне да законапаслухмяных паводзінаў.

Суд пры прызначэнні пакарання не матываваў адмову ва ўжыванні правілаў арт. 86 КК, паводле ч. 1 якой неабходна наяўнасць наступных умоў:

  • асоба ўпершыню здзейсніла злачынства;
  • злачынства не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі;
  • асоба кампенсавала прычыненую шкоду (за месяц, на працягу якога расследавалася гэтая крымінальная справа, органы папярэдняга расследавання так і не выдалі рэквізіты для ўнясення сумы шкоды. Абарона абвінавачанай звяртала ўвагу суда на гэтую акалічнасць. Больш за тое, у суд не прадстаўлена падрабязнай калькуляцыі разліку шкоды - заўв.);
  • асоба дасягнула шаснаццацігадовага ўзросту;
  • ёсць перакананасць у тым, што асоба, якая ўчыніла такое злачынства, можа быць выпраўлена без прыцягнення да крымінальнай адказнасці шляхам прымянення да яго мераў адміністрацыйнага спагнання.

Права вызвалення ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем да адміністрацыйнай адказнасці прадастаўлена суду ў сілу п. 1 ч. 1 арт. 30 КПК. Суд таксама не абгрунтаваў адмову ва ўжыванні іншых відаў пакарання, прадугледжаных санкцыяй арт. 341 КК. Прадэманстраваны судом падыход уступае ў супярэчнасць з прынцыпам гуманізму, сфармуляваным у агульным выглядзе ў ч. 7 арт. 3 КК:

«асобе, якая ўчыніла злачынства, павінны быць прызначаныя пакаранне або іншая мера крымінальнай адказнасці, неабходныя і дастатковыя для яе выпраўлення».

Сутнасць гэтага правіла заключаецца ў тым, што суд пры прызначэнні пакарання павінен кіравацца прынцыпам эканоміі рэпрэсіі, г. зн. пакаранне не павінна быць занадта жорсткім.

Такім чынам, пазбаўленне волі ў адносінах да абвінавачанай прыменена ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншыя правы і свабоды, гарантаваныя Міжнародным Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах:

  • права не падвяргацца жорсткаму і бесчалавечнаму, зневажальнаму чалавечую годнасць абыходжанню;
  • права на справядлівае судовае разбіральніцтва;
  • права на свабоду выказвання меркавання ў кантэксце дапушчальных абмежаванняў паводле п. 3 арт. 19 Пакта.

У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця «палітычны зняволены» (пункт 3.1.а.) палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая волі, калі пазбаўленне волі было ўжыта выключна з-за яго палітычных перакананняў, а таксама ў сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды думкі, правоў і свабодаў, гарантаваных Міжнародным Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах або Еўрапейскай Канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў.

Пры указаных абставінах мяркуем, што ў выпадку адмовы задаволіць апеляцыйную скаргу Марыі Сафонавай Мінскім гарадскім судом і накіраванні яе для адбыцця пакарання ў выглядзе арышту тэрмінам на два месяцы, праваабарончая супольнасць Беларусі мае падставы для прызнання Марыі Сафонавай палітычнай зняволенай і запатрабаваць яе вызвалення.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства