viasna on patreon

У Мінску асудзілі праграміста на 2,6 гады калоніі за супраціў АМАПаўцам на нядзельным маршы Дапоўнена

2020 2020-12-24T20:08:00+0300 2020-12-24T21:35:04+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/20_september_0.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Савецкага раёна 24 снежня вынес прысуд па крымінальнай справы па ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса ў дачыненні да 27-гадовага праграміста з Барысава Анатоля Хіневіча. Суддзя Алена Жуковіч абвінаваціла барысаўчаніна ў супраціве з гвалтам супрацоўнікам АМАПа 20 верасня на "Маршы справядлівасці". Паводле абвінавачвання, праграміст наносіў ім удары лежачы. Суддзя Алена Жуковіч прызнала хлопца вінаватым і пакарала яго двума гадамі і шасці месяцамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Тры пацярпелыя супрацоўнікі АМАПу ў агульнай суме ацанілі маральную шкоду ў чатыры тысячы рублёў, грошы яны абяцаюць перадаць у дзіцячы дом. Анатоль Хіневіч не прызнаў віну, але падтрымаў пазовы аб спагнанні маральнай шкоды супрацоўнікам АМАПу, "бо яны праўда пакутуюць, таму што вымушаныя хаваць асобы і імёны"

Затрыманне Анатоля Хіневіча 20 верасня. Скрыншот з відэа Onliner.by
Затрыманне Анатоля Хіневіча 20 верасня. Скрыншот з відэа Onliner.by

Праграміста затрымалі на нядзельнай акцыі пратэсту 20 верасня ў Мінску і асудзілі на 15 дзён і штраф 20 базавых адзінак. Анатоль пасля адбыцця пакарання вярнуўся дадому ў Барысаў. Па словах бацькоў, пасля вызвалення з ІЧУ Жодзіна на твары хлопца былі бачныя сляды збіцця, акрамя таго, у яго была пашкоджана нага, і ён доўга кульгаў. Аднак 28 кастрычніка яго зноў затрымалі – ужо ў межах крымінальнай справы. Увечары сілавікі ўзламалі дзверы ў кватэры бацькоў Анатоля, правялі ператрус і затрымалі яго. Каля двух месяцаў 27-гадовага хлопца ў межах ч. 2 арт. 363 КК утрымлівалі ў следчай турме ў Жодзіне.

Пацярпелыя супрацоўнікі АМАПа: Наносіў удары супрацоўнікам АМАПа лежачы

Пацярпелымі па справе былі прызнаныя тры супрацоўнікі АМАПу. У судзе падчас допыту іх твары былі закрытыя бейсболкамі, маскамі і балаклавамі. Пацярпелыя супрацоўнікі АМАПу на судзе распавялі, што 20 верасня атрымалі паведамленне, што "людзі ў счэпцы ідуць па тратуары на праспекце Незалежнасці і перашкаджаюць мінакам". Яны адразу прыбылі туды, падышлі да пратэстоўцаў, прадставіліся, запрасілі праехаць. Па словах супрацоўнікаў АМАПа, абвінавачаны чамусьці на захацеў з імі ісці, сам упаў спіной на асфальт. Яны асабліва звярнулі ўвагу, што Хіневіч прызямліўся мякка і без траўмаў. Пацярпелыя ў судзе распавялі, што абвінавачаны наносіў удары супрацоўнікам АМАПу ў становішчы лежачы: шэсць удараў ён нанёс двум супрацоўнікам. Пры гэтым, па словах АМАПаўцаў, абвінавачаны ў нейкі момант нацягнуў балаклаву на твар старэйшага.

Затрыманне Анатоля Хіневіча трапіла на відэа журналістаў Оnliner.by [22 секунда, на вокладцы відэа – абвінавачаны]. Паведамляецца, што тады каля дома 58 на праспекце Незалежнасці было затрымана каля дзесяці чалавек. Затрыманне было дастаткова брутальным.

Што са шкодай АМАПаўцам?

Медыцынскае абследаванне, якое б пацвярджала, што супрацоўнікам АМАПа сапраўды быў нанесены фізічны гвалт, яны не праходзілі. Па іх словах, ад абследавання яны адмовіліся, таму што "яны ж мужчыны". Але пры пры гэтым казалі, што ім былі прычыненыя пабоі, гематомы. Супрацоўнікі АМАПу сказалі, што ў выніку дзеянняў Хіневіча, яны ў асноўным пацярпелі маральна, таму што іх прылюдна ўдарылі. Старэйшы АМАПавец пацярпеў, таму што "ў кожнага грамадзяніна ёсць права недатыкальнасці цела". Па словах супрацоўніка АМАПа, "маці яго нарадзіла не для таго, каб ён быў хлопчыкам для біцця".

Свае маральныя пакуты два супрацоўнікі АМАПу ацанілі ў 1500 рублёў, яшчэ адзін пакутаваў менш на 500 рублёў – на 1000. Кожны супрацоўнік АМАПа заявіў, што атрыманыя грошы будуць пераведзеныя ў дзіцячы дом.

Анатоль Хіневіч падчас суда заявіў, што падтрымлівае пазовы аб маральных пакутах пацярпелых, "бо яны праўда пакутуюць, таму што вымушаныя хаваць твары і імёны".

На судзе былі зачытаныя характарыстыкі пацярпелых супрацоўнікаў АМАПа, падпісаныя начальнікам мінскага АМАПа Дзмітрыем Балабай. Вядома, яны характарызуюцца станоўча.

Хіневіч: Проста ў стрэсе спрабаваў устаць

Адразу падчас суда абвінавачаны заявіў, што віну не прызнае. Анатоль Хіневіч распавёў на допыце падчас суда, што напярэдадні падзей пасварыўся з маці і мэтанакіравана ішоў пад кулі і гранаты, але іх не аказалася. Між тым, у міліцэйскі бусік ісці ён не хацеў.

Падзеі 20 верасня ён памятае адрывіста: памятае, як разарвалі счэпку, і потым, што яго нясуць у бусік. Што ён на зямлі ляжаў, ён даведаўся пасля адбыцця арышту з відэа.

Абвінавачаны распавёў у судзе, што не адчуваў у момант затрымання, што яго б'юць або што ён кагосьці б'е, "проста ў стрэсе спрабаваў устаць". Паводле яго словаў, ён на наступны дзень выявіў у сябе сінякі на руках-нагах і пад вокам. На ўдакладняючае пытанне пракурора, ці дапускае ён, што мог сам сабе нанесці ўдары, Анатоль сказаў, што дапускае. Нагадаем, па словах бацькоў, пасля 15-сутачнага арышту на твары хлопца яшчэ былі бачныя сляды збіцця, а таксама ён кульгаў. 

Што запрашвала дзяржабвінавачванне?

Суд доўжыся два дні: 23 і 24 снежня. Дзяржаўны абвінаваўца прасіў Алену Жуковіч пакараць Анатоля Хіневіча двума гадамі і шасці месяцамі пазбаўлення волі. Менавіта такое пакаранне і вынесла суддзя.

Хто такі Анатоль Хіневіч?

Анатоль Хіневіч. Фота з сацсетак
Анатоль Хіневіч. Фота з сацсетак

27-гадовы Анатоль Хіневіч нарадзіўся ў Барысаве, там пражываюць яго бацькі. Скончыў інстытут Сахарава БДУ, з 2014 па 2018 працаваў у КУП "Цэнтр інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама". Ён удзельнічаў у распрацоўцы афіцыйнага сэрвісу Мінгарвыканкама. На працы неаднаразова быў на дошцы гонару і атрымліваў граматы. На судзе абаронца Анатоля зачытала станоўчыя характарыстыкі з месца працы і вучобы. Таксама мясцовае барысаўскае выданне называе яго бардам і выканаўцам уласных песень.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства