viasna on patreon

Праваабаронца Марфа Рабкова з турмы: Змагу перадаваць лепшыя перадачы, але спадзяюся, што гэта больш не спатрэбіцца

2020 2020-12-28T12:59:00+0300 2021-08-19T15:07:24+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/marfa_amnesty.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Палітычнай зняволенай каардынатарцы Валанцёрскай службы “Вясны” Марфе Рабковай працягнулі тэрмін утрымання пад вартай да 17 студзеня 2021 года. Пра гэта праваабаронца паведаміла ў лісце родным. Пры гэтым, праблемы з карэспандэнцыяй, як уваходнай, так і выходнай, у СІЗА у палітзняволенай застаюцца. Родныя і сябры атрымліваюць вельмі мала лістоў ад яе, а тыя рэдкія лісты да калегаў з “Вясны” прыходзяць напалову выкрасленыя цэнзарам. Сама Марфа піша з ізалятара, што “сітуацыя з лістамі ўсё ж такі стабілізуецца”. Сапраўды, днямі вялікі ліст ад Марфы атрымала валанцёрка з Валанцёрскай службы “Вясны” Марына Гарбуз. Як праводзіць свой дзень праваабаронца ў турме, з кім сядзіць у камеры, якія ёсць цікавосткі па перадачам на “Валадарку” — распавядае Марфа Рабкова ў сваім ранішнім лісце з следчага ізалятара №1. 

Ілюстрацыя Марфы Рабковай ад Amnesty International
Ілюстрацыя Марфы Рабковай ад Amnesty International

Ліст датаваны 17 снежня у гэты дзень роўна тры месяцы таму праваабаронца была затрыманая. Час ліста 08:45. Марфа напісала, што яна трымаецца і ў яе ўсё ў парадку. Адное з першых, пра што праваабаронца піша ў лісце да валанцёркі Марыны, — гэта тое, што яна перадае прывітанне ўсім валанцёрам і валанцёркам, і сумуе па сваёй дзейнасці.

“Вельмі сумую па нашай дзвіжухе, але ведаю, што там усё ў парадку, дзейнасць ідзе сваім ходам”, — піша каардынатарка ВС “Вясны”.

“Нават гарбату п’ю па графіку”

Марфа Рабкова распавяла ў лісце, як праходзіць яе дзень у турме, і што яна робіць, каб час ішоў хутчэй — гэта галоўнае ў турме. 

“Мае дні праходзяць дастаткова аднатыпна. Я склала графік з дзеянняў, якія паўтараю з дня ў дзень. Нават гарбату п'ю па графіку. Так дзень праходзіць досыць хутка, бо ёсць чым заняцца. Шмат чытаю кніг (цяпер "Ганну Карэніну" Талстога), газет (шкада, што шмат талковых газет цяпер не друкуюцца), адказваю вось на лісты. Думаю, спрабаваць маляваць, але я вельмі фігова гэта раблю. Але затое змарную час. Мне, у прынцыпе, нічога не трэба. Вадзім [муж Марфы — заўв. “Вясны”] атачыў мяне поўным клопатам, я ні ў чым не маю патрэбу. Ён у мяне вялікі малайчына, ганаруся ім:) Але разумею, што яму вельмі цяжка”, — піша праваабаронца.

Таксама Марфа распавяла, што ёй перадалі некалькі кніг па англійскай мове, але яна не можа “сесці за вывучэнне мовы, бо не можа сканцэнтравацца”. Праваабаронца з усмешкай напісала, што ёй перадалі таксама падручнік па біялогіі, але не ўдакладніла, ці вывучае яна там гэтую навуку. 

“Я ўжо на практыцы адчула, што трэба перадаваць у перадачах”

Да затрымання Марфа перадавала на “Валадарку” перадачы вязням, якія пацярпелі ад рэпрэсій падчас выбарчай кампаніі-2020. Цяпер яна знаходзіцца там сама. Праваабаронца ставіцца да ўтрымання ў СІЗА-1 як да “павышэння кваліфікацыі”. Распавядае, што ўсё вывучае на практыцы, але вельмі спадзяецца, што, калі выйдзе на волю, яе веды па перадачам не спатрэбяцца.

“Я ўжо на практыцы адчула, што трэба перадаваць у перадачах, а што не так важна. Тут, напрыклад, часта даюць бульбу, і сухое бульбяное пюрэ не асоба трэба. Ведаю ўжо ўсё, што ёсць у атаварке. Карацей, набралася практычнага вопыту. Цяпер змагу перадаваць лепшыя перадачы, але вельмі спадзяюся, што веды па перадачам мне больш не спатрэбяцца.

Тут асабліва нічога не адбываецца, таму навінаў няма. У камеры я не адна такая сяджу [напэўна, Марфа мае на ўвазе па "палітычных артыкулах" — заўв. “Вясны”]. Тут наогул шмат такіх як я. Хто б мог падумаць, што такое магчыма і будзе адбывацца".

Марфа ў першую чаргу павіншавала валанцёрку з Міжнародным днём правоў чалавека і толькі потым — з Раством і Новым годам. Праваабаронца падпісалася ініцыяламі з сэрдэчкам. 

Ліст Марфы Рабковай з СІЗА-1
Ліст Марфы Рабковай з СІЗА-1

Каардынатарку Валанцёрскай службы "Вясны" Марфу Рабкову ўтрымліваюць пад вартай ужо чацвёрты месяц. Яна была затрыманая 17 верасня ў Мінску разам са сваім мужам Вадзімам, калі вярталася з урачыстага ўзнагароджання "Вясны" польскай прэміяй “Арол” імя Яна Карскага.

Марфе прад'явілі абвінавачванне па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаванні такой дзейнасці. Санкцыя артыкула, які ёй інкрымінуецца, прадугледжвае арышт або пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў. У абарону Марфы і з заклікам да беларускіх уладаў аб неадкладным вызваленні праваабаронцы выступілі беларуская праваабарончая супольнасць, спецдакладчыкі ААН і шэраг міжнародных арганізацый. Amnesty International абвясціла тэрміновую акцыю, патрабуючы ад беларускіх уладаў неадкладнага вызвалення актывісткі ПЦ “Вясна” Марфы Рабковай.

Заклікаем падтрымаць нашу каляжанку Марфу лістамі салідарнасці і павіншаваць яе з навогоднімі святамі!

Адрас: СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030

Марыі Аляксандраўне Рабковай

Голас Марфы ў падкасце "Вясна прыйдзе"

У 16-м выпуску падкаста "Вясна прыйдзе" мы пачуем і голас Марфы — з тых інтэрв'ю, якія яна паспела даць да свайго зняволення. Гэта дапаможа нам пазнаёміцца бліжэй з тым, чым яна займалася ў рамках сваёй праваабарончай дзейнасці — за што цяпер яе спрабуюць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства