Брагін: Два гады "хіміі" за абразу прэзідэнта Лукашэнкі
29 снежня суддзя Брагінскага раённага суду Марыя Гаўрыленка ў закрытым судовым пасяджэнні пакарала мясцовага жыхара Аляксандра Кулагу да 2 гадоў "хіміі" (абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову) за абразу Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 артыкула 368 КК). Мера стрымання да ўступлення прысуду суда ў сіле пакінута ранейшай – асабістае паручальніцтва.
25-гадовы Аляксандр Кулага раней не судзімы, працуе вальшчыкам лесу ў мясцовым лясніцтве. На прыёме ў праваабаронцы Леаніда Судаленкі асуджаны заявіў пра намер абскардзіць прысуд суда першай інстанцыі, паведамляе "Гомельская вясна".
Інцыдэнт адбыўся пасля выбараў 16 жніўня. Аляксандра ў нецвярозым стане даставілі ў бальніцу для медагляду. Знаходзячыся ў прыёмным аддзяленні, ён публічна ў прысутнасці міліцыянтаў і медыкаў выказаў абразы ў адрас чалавека па прозвішчы Лукашэнкі ў выглядзе грубых, нецэнзурных слоў.
Праваабаронца Леанід Судаленка падкрэслівае, што крымінальны пераслед за дыфамацыю аказвае ўплыў на свабоду выказвання і ўваходзіць у супярэчнасць з міжнароднымі абавязацельствамі Беларусі ў галіне правоў чалавека. У заўвагах агульнага парадку № 34 Камітэт ААН па правах чалавека рэкамендаваў выключыць паклёп з разраду крымінальных злачынстваў.
"Крымінальнае заканадаўства павінна прымяняцца толькі ў сувязі з найбольш сур'ёзнымі выпадкамі, а пазбаўленне волі ні пры якіх умовах не павінна лічыцца адэкватнай мерай пакарання за свабоднае выказванне меркаванняў», - такімі з'яўляюцца еўрапейскія стандарты права на выказванне меркаванняў.
Ён таксама адзначыў, што беларускія праваабаронцы паслядоўна выступаюць за дэкрыміналізацыю паклёпу і выключэнне з Крымінальнага кодэкса артыкулаў аб абразе і паклёпе, якія прадастаўляюць дзяржаўным чыноўнікам і вышэйшаму кіраўніцтву краіны дадатковую абарону ад крытыкі.
Артыкул 368 і дыфамацыя
Міжнародныя арганізацыі па правах чалавека разглядаюць дыфамацыю ў кантэксте права на выказванне меркавання і права на свабоду слова. Дэкрыміналізацыя дыфамацыйных правапарушэнняў з'яўляецца стандартам, сфармуляваным і абгрунтаваным у рашэннях шэрагу міжнародных арганізацый.
Міжнародная супольнасць пры падтрымцы праваабарончай арганізацыі "Article 19" ў 1995 годзе прыняла Ёханесбургскія прынцыпы. Яны прызначаныя для ўзмацнення артыкула 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, згодна з якім кожны чалавек мае права бесперашкодна прытрымлівацца сваіх меркаванняў.
Згодна з сёмым прынцыпам ніхто не можа быць пакараны за крытыку ці абразу нацыі, дзяржавы або яго сімвалаў, урада, дзяржаўных ведамстваў або дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, калі толькі гэтая крытыка ці абразу не накіраваныя на падбухторванне да гвалтоўных дзеянняў або ж могуць пацягнуць такія дзеянні.
Жыхара Гомеля з анкалогіяй пакаралі годам турмы за абразу Лукашэнкі