viasna on patreon

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў асуджае пераслед Леаніда Судаленкі

2021 2021-01-11T11:19:44+0300 2021-01-11T12:02:21+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sudalenka-smiarotnae.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Леанід Судаленка

Леанід Судаленка

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, партнёрскі праект Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT), выказвае “крайнюю занепакоенасць” з нагоды пераследу юрыста гомельскага аддзялення ПЦ “Вясна” Леаніда Судаленкі.

5 студзеня супрацоўнікі ГУБАЗіК правялі ператрус у офісе Леаніда Судаленкі, размешчаным у Грамадска-палітычным цэнтры “Палеская, 52”. Ператрус звязаны з крымінальнай справай, распачатай у снежні 2020 года супраць гомельскага апазіцыйнага актывіста Уладзіміра Няпомняшчых, у межах якой Судаленка фігуруе ў якасці сведкі.

Ператрус працягваўся каля 10 гадзін. У выніку былі канфіскаваныя 304 прадметы, у тым ліку ноўтбук і банкаўскія карткі Леаніда Судаленкі. Таксама супрацоўнікі канфіскавалі дакументы, звязаныя з адміністрацыйнымі справамі і скаргамі пратэстоўцаў, і бел-чырвона-белыя сцягі. У той жа вечар у яго кватэры быў праведзены яшчэ адзін ператрус.

Пасля ператрусу ў офісе Леанід Судаленка быў дастаўлены ва Упраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю для допыту ў якасці сведкі па згаданай крымінальнай справе. Аднак Леанід Судаленка адзначае, што падчас допыту ў яго запытвалі пра юрыдычную і іншую дапамогу людзям, якія былі затрыманыя, аштрафаваныя і арыштаваныя ў выніку паслявыбарчых акцый пратэсту ў Гомеле. Акрамя таго, падчас ператрусу чыноўнікі пераважна цікавіліся інфармацыяй, носьбітамі дадзеных і банкаўскімі карткамі.

Абсерваторыя перакананая, што пераслед актывіста ПЦ “Вясна” звязаны з яго законнай дзейнасцю юрыста-праваабаронцы.

Абсерваторыя нагадвае, што Леанід Судаленка займаецца дакументаваннем парушэнняў правоў чалавека і дапамогай грамадзянам Беларусі ў камунікацыі з міжнароднымі праваабарончымі механізмамі. Судаленка дапамог ахвярам парушэнняў падрыхтаваць больш за 84 індывідуальныя звароты ў Камітэт па правах чалавека ААН. Леанід Судаленка — лаўрэат французскай праваабарончай прэміі “Свабода, роўнасць, братэрства” за 2018 год.

Акрамя таго Абсерваторыя асуджае пераслед іншых беларускіх праваабаронцаў, у тым ліку Марыі Рабковай, каардынатаркі Валанцёрскай службы ПЦ “Вясна”, якой пагражае ад шасці месяцаў да трох гадоў пазбаўлення волі за законную працу па абароне правоў чалавека.

Абсерваторыя заклікае беларускія ўлады спыніць пераслед Леаніда Судаленкі і іншых праваабаронцаў, у тым ліку Марыі Рабковай, і неадкладна і безумоўна вызваліць усіх затрыманых і зняць усе абвінавачванні супраць іх.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства