Два гады калоніі за тое, што ўпаў на нагу супрацоўніку ДАІ Відэа
Раніцай 14 студзеня быў абвешчаны прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да Аляксандра Захарэвіча, якога абвінавачвалі ва ўжыванні гвалту ў дачыненні да супрацоўніка ўнутраных спраў (арт. 364 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядала суддзя суда Першамайскага раёна г. Мінска Анастасія Кулік.
Аляксандр Захарэвіч быў затрыманы 1 лістапада падчас мірнай акцыі пратэсту "Дзяды", дастаўлены ў РУУС Першамайскага раёна, а пазней асуджаны судом Першамайскага раёна па двух артыкулах КаАП – арт. 23.34 "Удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве" і арт. 23.4 "Непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых абавязкаў" – на 9 сутак адміністрацыйнага арышту. Быў этапаваны ў СІЗА-6 г. Баранавічы для адбыцця пакарання.
Пры затрыманьні ён быў збіты, што відаць на відэазапісу апублікаваным ініцыятывай @By_Pol.
10 лістапада пры вызваленні з СІЗА-6 быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі, якія на легкавым аўтамабілі адвезлі яго дадому, дзе правялі ператрус. Пазней яму было прад'яўленае абвінавачванне па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса – «Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў».
У віну Аляксандру Захарэвічу ставіўся напад на супрацоўніка ДАІ пры выкананні ім службовых абавязкаў. Затрыманне мужчыны трапіла на відэа, дзе можна бачыць, як ён бяжыць, адбываецца сутыкненне, пасля чаго ён падае і закранае нагу супрацоўніка ДАІ.
Сваёй віны ў судзе Аляксандр Захарэвіч не прызнаў.
Сёння ён быў прызнаны суддзёй Настай Кулік вінаватым і асуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму.