viasna on patreon

Светлагорск: за абразу інспектара ДПС судзяць мясцовага жыхара

2021 2021-01-15T17:29:25+0300 2021-01-15T17:49:55+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/loza_svetlagorsk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота: "Палеская вясна".

Фота: "Палеская вясна".

У судзе Светлагорскага раёна 15 студзеня пачаўся разгляд крымінальнай справы, узбуджанай у дачыненні да мясцовага жыхара Валерыя Лозы. Яго абвінавачваюць па артыкуле 369 КК РБ (Публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў).

Справу разглядае суддзя Галіна Гулевіч, дзяржаўны абвінаваўца – пракурор Дзяніс Раманчыкаў.

З матэрыялаў следства, якія агучыў пракурор, вынікае, што 26 жніўня Валерый Лоза пры дапамозе мабільнага тэлефона зрабіў некалькі абразлівых каментароў у сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі”.

У суполцы "Светлік. Светлагорск" быў размешчаны пост, з выявай супрацоўніка ДПС ДАІ РАУС Светлагорскага райвыканкама маёра Андрэя Баграёнка і інфармацыяй аб тым, што ён быццам бы ўдзельнічаў у разгоне мірных акцый гараджан і штрафаваў кіроўцаў за падачу гукавых сігналаў.

"Валерый Лоза, паддаўшыся эмоцыям, с мэтаю публічнага прыніжэння гонару і годнасці прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў па ахове грамадскага парадку пакінуў пад пастом некалькі абразлівых каментароў з выкарыстаннем нецэнзурнай лексікі. Віна абвінавачанага даказана паказаннямі сведкак і пацярпелага, вынікамі экспертыз і іншымі матэрыяламі справы".

Валерый Лоза цалкам прызнаў сваю віну і папрасіў у пацярпелага прабачэння.

Пад час допыту ў судзе ён патлумачыў, што 26 жніўня, ведаючы, што адбывалася тады ў краіне, увайшоў у суполку ў “Аднакласніках”, якая прысвечаная роднаму гораду, быў шакаваны тымі паведамленнямі, якія там пабачыў пра мясцовага міліцыянта. Лоза прызнае, што выкарыстаў непрыстойныя словы, але кажа, што рабіў гэта пад уплывам эмацыйнага стану. Раней з пацярпелым ён ніколі не сустракаўся.

Падчас ягонага апытання абвінаваўца некалькі разоў прасіў Валерыя Лозу прывесці змест тых каментароў, якія ён размясціў, замяніўшы нецэнзурныя словы прыстойнымі.

«Я нават не магу знайсці альтэрнатыву гэтым словам», – сказаў абвінавачаны.

Тады Дзяніс Раманчыкаў зачытаў некалькі каментароў, спрабуючы замяняць некаторыя словы ў іх: «Еще и на нас «прыгает», «Харю» бы ему набить за это».

Пацярпелы Андрэй Баграёнак.
Пацярпелы Андрэй Баграёнак.

Пацярпелы Баграёнак паведаміў суду, што знаёмыя ў той дзень пераслалі яму спасылку на гэты пост, пад якім людзі пісалі пра яго брудныя словы і абразы.

На наступны дзень Баграёнак на працы ў міліцыі напісаў заяву з просьбай прыцягнуць да адказнасці тых, хто змясціў у інтэрнэце абразы на ягоны адрас.

У судзе Андрэй Баграёнак таксама падаў пазоў аб спагнанні на ягоную карысць маральнай шкоды ў памеры 3000 рублёў.

Гэты пазоў Валерый Лоза прызнаў часткова, згадзіўшыся выплаціць пацярпеламу 1500 рублёў.

Таксама падчас судовага паседжання заслухалі паказанні сведак. Імі выступілі жонка пацярпелага Марына Баграёнак, а таксама яшчэ два ўдзельнікі таго абмеркавання.

Падчас агалошвання пісьмовых матэрыялаў справы суддзя Галіна Гулевіч агучыла некаторыя вытрымкі з заключэнняў двух лінгвістычных экспертыз. У адным з заключэнняў сказана, што ў выказваннях Лозы «маецца негатыўная ацэнка маёра міліцыі Баграмёнка, выражаная моўнымі адзінкамі». У заключэнні паводле прызначанай дапаўняльнай экспертызы, сказана, што «сродкі выражэння маюць ненарматыўную форму моўнага выражэння».

Дзяржабвінаваўца Дзяніс Раманчыкаў папрасіў зрабіць перапынак у судовым працэсе.

Суддзя задаволіла хадайніцтва і абвясціла перапынак да 10-й гадзіны 21 студзеня. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства