viasna on patreon

У Гомелі за два "кактэйлі Молатава" судзяць трох чалавек Дапоўнена

2021 2021-01-18T17:33:50+0300 2021-02-22T15:35:33+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/gomel_sud_18.01.2021_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Леанід Кавалёў, Мікіта Залатароў і Дзмітрый Карнееў у судзе. Фота Гомельскай Вясны

Леанід Кавалёў, Мікіта Залатароў і Дзмітрый Карнееў у судзе. Фота Гомельскай Вясны

У судзе Чыгуначнага раёна г. Гомеля 18 студзеня пачаўся судовы працэс па крымінальнай справе ў дачыненні да 16-гадовага Мікіты Залатарова, 25-гадовага Дзмітрыя Карнеева і 28-гадовага Леаніда Кавалёва.

Як піша Флагшток, паводле версіі следства, жыхар Гомельскага раёна Леанід Кавалёў планаваў правакацыю падчас масавых пратэстаў 10 жніўня. Ён вырабіў два "кактэйлі Молатава" і падгаварыў жыхара Добруша Дзмітрыя Карнеева і гамяльчаніна Мікіту Залатарова кінуць іх, каб зняць гэта на відэа для раскруткі свайго пабліка Укантакце. Паводле версіі следства Дзмітрый Карнееў кінуў "кактэйль Молатава" ў супрацоўнікаў міліцыі на пр. Леніна. Арганізатар правакацыі быў затрыманы пры спробе ўцёкаў. Непаўнагадовы збег з месца здарэння з другім "кактэйлем Молатава", жыхар Добруша таксама ўцёк. Іх затрымалі пазней.

Вядзе працэс суддзя Дзмітрый Дзябой. Бок абвінавачвання прадстаўляе старшы памочнік пракурора Гомеля Яўген Фартушняк. Пацярпелымі па крымінальнай справе прызнаныя кантрактнікі ўнутраных войскаў Аляксей Канаваленка і Яўген Раманькоў.

У чым абвінавачваюць падсудных?

Галоўны фігурант гэтай справы 28-гадовы жыхар Гомельскага раёна таксіст Леанід Кавалёў. Адзін з актывістаў знаходзіўся ў Гомельскім ІЧУ ў адной камеры з Леанідам пасля затрымання 10 жніўня. На ўмовах ананімнасці ён распавёў Флагштоку ўсё, што ведае пра гісторыю затрымання Леаніда.

Леаніда прывялі ў камеру не ў яго вопратцы. Са слоў Леаніда, у яго канфіскавалі ўсю вопратку на экспертызу на прадмет слядоў кампанентаў "кактэйлю Молатава" і пакінулі ў адных трусах. Таму супрацоўнікі ІЧУ знайшлі яму вопратку, якая была ў іх.

Леанід распавядаў у камеры, што ён заснавальнік пабліка "ЧП Гомель" і прыехаў у горад, каб зняць відэа аб тым, што адбываецца ў горадзе. На той момант ішла акцыя пратэсту, дзе было шмат людзей і супрацоўнікаў АМАП. Людзі пачалі ўцякаць і, нібыта, хтосьці кінуў у бок АМАПу нейкі прадмет. Зняць відэа яму не ўдалося. Уцякаць Леанід не стаў. Ён быў упэўнены, што не робіць нічога супрацьзаконнага. Сам ён стаяў у баку і назіраў за тым, што адбываецца. 

Падчас затрымання ён даведаўся, што яго падазраюць у тым, што ён кінуў "кактэйль Молатава", нібыта на яго паказалі іншыя затрыманыя. Менавіта таму ў яго канфіскавалі ў ІЧУ ўсю вопратку і адправілі на экспертызу. Пасля стала вядома, што экспертыза не выявіла слядоў кампанентаў "кактэйлю Молатава".

Цікава, што пасля 10 сутак арышту Леаніда Кавалёва адпусцілі. Але яго імя зноў ўсплывае ў СМІ ў верасні. Леанід паведаміў "Сильным Новостям", што адмаўляе сваю віну па справе аб "кактэйлі Молатава" і распавёў гісторыю канфлікту з міліцыянтам. 

У ноч з 30 на 31 жніўня адзін з супрацоўнікаў МУС, які дапытваў Леаніда па справе аб "кактэйлі Молатава", стаў яго выпадковым кліентам і сеў у яго таксі. Са слоў таксіста, супрацоўнік МУС быў п'яны, пачаў дапытваць Леаніда па гэтай справе і нават напаў на Леаніда. Усё скончылася тым, што мужчына напісаў заяву ў міліцыю на супрацоўніка МУС.

Другі раз Леаніда затрымалі восенню пры невядомых абставінах. У пацверджанне віны абвінавачанага па справе МУС 17 снежня апублікавала аўдыё, на якім нібыта тры яго фігуранты абмяркоўваюць правакацыю 10 жніўня. З запісу вынікае, што невядомыя плануюць кінуць штосьці (не ўдакладняецца што) у супрацоўнікаў міліцыі або аўтазак.

Леаніду Кавалёву прад'яўлена абвінавачанне па чатырох артыкулах КК РБ: 

  • 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў); 
  • 295-3 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, паразлівае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў); 
  • 364 (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў); 
  • 172 (уцягванне непаўналетняга ў здзяйсненне злачынства).

Яшчэ адзін фігурант справы 25-гадовы жыхар Добруша Дзмітрый Карнееў, які па версіі следства, кінуў у супрацоўнікаў міліцыі "кактэйль Молатава". У пацверджанне віны Дзмітрыя Карнеева МУС апублікавала відэа, знятае з камераў назірання 10 жніўня. На першым кадры два маладых чалавекі ідуць па пр. Леніна. У аднаго з іх прадмет, падобны на бутэльку. На наступным кадры відаць, як невядомы кідае нешта ў супрацоўнікаў міліцыі. 

Акрамя таго, як паведамляе сваяк Дзмітрыя, пасля затрымання 10 жніўня на яго быў складзены пратакол, аднак адпусцілі яго ўжо на наступную раніцу. Пасля Дзмітрый Кавалёў быў на многіх акцыях пратэсту Гомеля. Апошні раз яго затрымалі падчас маршу ў Гомелі 25 жніўня, прызначылі адміністрацыйны арышт па артыкуле 23.34 КаАП. Але пасля заканчэння пакарання Дзмітрый так і не выйшаў на свабоду. На відэа МУС ён агучвае частку версіі следства аб правакацыі, якая рыхтуецца.

Дзмітрыю Кавалёву прад'яўлена абвінавачанне па артыкулах: 

  • 293 (удзел у масавых беспарадках); 
  • 295-3 (незаконныя набыццё, захоўванне, перавозка, нашэнне прадметаў, паразлівае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў); 
  • 364 (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў).
Мікіта Залатароў і Дзмітрый Карнееў у судзе. Фота Гомельскай Вясны
Мікіта Залатароў і Дзмітрый Карнееў у судзе. Фота Гомельскай Вясны

Трэці фігурант справы 16-гадовы гамяльчук Мікіта Залатароў. Як паведамляецца на сайце Следчага камітэта РБ, ён не кідаў "кактэйль Молатава" - выкінуў яго пасля меркаванага здарэння. Хлопца затрымалі раніцай 11 жніўня дома.

Як паведамляў у СМІ бацька Мікіты — Міхась, на сына магло аказвацца ціск. Пасля знаходжання 11 жніўня ў аддзяленні міліцыі Мікіта Залатароў трапіў у рэанімацыю бальніцы, а на наступны дзень з рэанімацыі яго забралі ў ІЧУ. Падчас следчых дзеянняў, на якіх прысутнічаў Міхаіл, Мікіта паведаміў бацьку, што яго б'юць. 

Непаўналетняму прад'яўленае абвінавачванне па артыкулах: 

  • 293 (удзел у масавых беспарадках);
  • 295-3 (незаконныя набыццё, захоўванне, перавозка, нашэнне прадметаў, паразлівае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў);
  • 364 (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў).

Леанід Кавалёў і Мікіта Залатароў цалкам адмаўляюць сваю віну. Дзмітрый Карнееў - часткова прызнае.

У судзе быў дапытаны Леанід Кавалёў, які распавёў, што быў адміністратарам пабліка Вконтакте, але не ствараў арыгінальны кантэнт, а толькі размяшчаў тое, што дасылалі падпісчыкі.

10 жніўня Леанід Кавалёў быў на працы, аб пратэстах у горадзе даведаўся ад пляменніка. Разам з ім з цікаўнасці пайшоў у цэнтр горада, каб паглядзець, што адбываецца. На тралейбусным прыпынку да іх падышоў Мікіта Залатароў і павітаўся з пляменнікам Леаніда. Раней Леанід Мікіту не ведаў. Пазней у мітусні Кавалёў з пляменнікам страцілі адзін аднаго. Пакуль шукаў сваяка, зноў убачыў Мікіту: цяпер ён быў разам з Дзмітрыем Карнеевым, яны, па словах Леаніда, планавалі ўжыць "кактэйлі Молатава". Як сказаў Леанід, ён запісаў гэтую размову на дыктафон і адгаворваў атакаваць рэйсавы аўтобус. У судзе ён патлумачыў, што вёў запіс, каб прад'явіць супрацоўнікам міліцыі.

У раёне чыгуначнага вакзала Леанід Кавалёў расстаўся з Мікітам і Дзмітрыем. Самога факту прымянення "кактэйлю Молатава" ён не бачыў. У той жа дзень Кавалёў быў затрыманы. Падчас затрымання, як ён сцвярджае, хлопец сказаў праваахоўнікам, што трэба затрымліваць не яго, а тых, хто кідае кактэйлі Молатава. Таксама Леанід адзначыў, што канфіскаваныя ў яго пры затрыманні камеру, кашалёк, дакументы так і не вярнулі.

У Леаніда Кавалёва трое дзяцей - 3-х, 5-і і 7-і гадоў. У дадзены момант яго жонка знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку.

Разгляд справы працягнецца 19 студзеня. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства