viasna on patreon

Праверка "Офіса па правах людзей з інваліднасцю". Пераслед 21 студзеня Дапоўнена

2021 2021-01-21T21:41:00+0300 2021-01-22T10:12:24+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/disrights_office_logo_wide.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

21 студзеня праваабаронцы "Вясны" працягваюць фіксаваць факты палітычнага пераследу ў Беларусі: затрыманні, вобшукі і іншыя формы ціску на грамадзянаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволеннасць дзеяннямі ўладаў.  

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • +375 17 377 55 40.
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Мінск

Увечары ў Мінску на вуліцы Харкаўскай затрымалі больш за дзесяць ўдзельнікаў дваравога Маршу. Паведамляецца, што іх даставілі ў Фрунзенскае РУУС, пасля чаго некаторых даставілі ў ЦІП. 22 студзеня над імі чакаюцца суды. Спіс затрыманых:

  1. Вярбіцкі Павел 
  2. Гурыновіч Таццяна
  3. Доўгі Уладзімір
  4. Карусейчык Ілля
  5. Канаваленка Уладзіслаў
  6. Лапцэвіч Сяргей
  7. Лубцэвіч Віктар
  8. Макараў Максім
  9. Няборская Таццяна
  10. Няборская Юлія
  11. Новік Анастасія
  12. Паляшчук Таццяна
  13. Пушкарова Юлія
  14. Стралкоў Дзмітрый
  15. Чарапоўскі Багдан
  16. Швайка Вадзім
  17. Уткіна Алена
  18. Янчук Вольга

Праверка "Офіса па правах людзей з інваліднасцю"

Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю праводзіць праверку ў дачыненні да службовых асоб праваабарончай арганізацыі "Офіс па правах людзей з інваліднасцю", паведамілі ў прэс-службе КДК.

У ведамстве заявілі, што праверка звязаная з пытаннямі "магчымага неправамернага завалодання ў перыяд з 2020 года па цяперашні час грашовымі сродкамі, атрыманымі ўстановай у выглядзе дабрачынных узносаў і міжнароднай дапамогі для мэт аказання дапамогі беларускім грамадзянам з інваліднасцю".

"Па выніках праверкі з улікам сабраных матэрыялаў будзе прынята рашэнне ў рамках дзеючага Крымінальна-працэсуальнага заканадаўства", — сказана ў паведамленні.

Па інфармацыі "Белсат", у бухгалтаркі "Офіса па правах людзей з інваліднасцю" Таццяны Крышталь дома адбыўся вобшук: забралі кампутар і тэлефон. Раніцай да праваабаронцы Міхаіла Мацкевіча, які раней супрацоўнічаў з Офісам, сёння невядомыя ламіліся ў кватэру. Цяпер тэлефон Міхаіла недасяжны з 10:25. 

Днём у "Офісе па правах людзей з інваліднасцю" адбыўся вобшук. Вынялі дакументы і тэхніку. У ДФР на допыт забралі кіраўніка Офіса Сяргея Драздоўскі і юрыста Алега Граблеўскі. Праз некалькі гадзін іх вызвалілі. У іх для праверкі вынялі кампутары і тэлефоны. 

У Маскве затрыманы фігурант крымінальнай справы жнівеньскіх падзеяў

Як паведамляе Tribuna, у Маскве затрыманы баец Аляксей Кудзін, які з'яўляецца абвінавачаным ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэксу (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак, спалучаны з ужываннем гвалту або з пагрозай яго прымянення). 19 лістапада ў судзе Маладзечанскага раёна быў прызначаны разгляд крымінальнай справы супраць адзінаборца. Аляксей Кудзін не з'явіўся на суд, суддзя Вольга Дубовік абвясціла яго ў вышук. Цяпер Кудзіна чакае экстрадыцыя ў Беларусь і суд.

Суд над Аляксеем Кудзіным не адбыўся. Яго абвясцілі ў вышук

Суд Маладзечанскага раёна прызначыў 19 лістапада разгляд крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэксу (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак, спалучаны з ужываннем гвалту або з пагрозай яго прымянення) у дачыненні да адзінаборца Аляксея Кудзіна. Аднак суд прыйшлося перанесці на нявызначаны час — месцазнаходжанне Аляксея Кудзіна невядомае. Суд абвясціў маладзечанца ў вышук.

Ліда

Як паведамляе "БАЖ", затрыманы ўчора ў Бярозаўцы Лідскага раёна незалежны журналіст Юрый Дзяшук застаецца за кратамі на 72 гадзіны. Журналіста змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Родныя мяркуюць, што затрыманне Дзешука звязанае з крымінальнай справай, якую завялі з нагоды падтрымкі асуджанага на 5 гадоў зняволення актывіста Вітольда Ашурка ў судзе.

20 студзеня ў Лідзе міліцыя затрымлівала многіх, хто прысутнічаў на агалошванні прысуду Ашурку. На фэйсбук-старонцы журналісткі Вольгі Быкоўскай размешчана відэа, дзе людзі ў залі суда абураюцца прысудам Ашурку і крычаць “Ганьба!” і “Верым! Можам! Пераможам!”. Але на відэа выразна бачна, што Юрый Дзяшук (справа ў белым шаліку) заняты выключана журналісцкай працай — ён увесь час здымае відэа на тэлефон.

Гомель

Як паведамляе "Гомельская Вясна", палітычнага зняволенага праваабаронцу Леаніда Судаленку пасля 72 гадзінаў затрымання пакінулі пад вартай яшчэ на 10 дзёні перавялі ў СІЗА. Ён застаецца ў статусе падазраваемага па арт. 342 КК (фінансаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Валанцёрку "Вясны" Марыю Тарасенку адпусцілі з ізалятару дадому пасля трох сутак затрымання.

Рэчыца 

Таццяна Ласіца. Фота: palesse.press
Таццяна Ласіца. Фота: palesse.press

Сёння днём прапала сувязь з рэчыцкай актывісткай кампаніі «Гавары праўду» Таццянай Ласіцай. Вядома, што яна павінна была ў 15:00 вылеціць у Вільню. Але ў мінскім аэрапорце паведамілі, што сваім квітком яна не скарысталася. Вядома, што за паўгадзіны да вылета Таццяна прыслала паведамленне, што на яе складаюць пратакол, па якім артыкуле — не ўдакладніла. Магчыма, яе затрымалі на кантролі ў аэрапорце. 6 студзеня ў яе дома адбыўся ператрус па крымінальнай справе супраць Уладзіміра Няпомняшчых.

Як паведаміла раніцай 22 студзеня "Гомельская Вясна", Таццяна Ласіца знайшлася ў гомельскім ізалятары. На якой падставе яна затрыманая — пакуль невядома. 

Баранавічы

Да ўладальніка крамы з нацыянальнай сымболікай «Росквіт» у Баранавічах, берасцейскага абласнога каардынатара руху «За свабоду» Юрыя Казакевіча прыйшлі супрацоўнікі Дэпартаменту фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржаўнага кантролю — правяраць інфармацыю аб нявыплаце падаткаў, піша "Радыё Свабода".

«У краму прыйшла пазачарговая праверка з ДФР у сувязі з тым, што ў іх было нейкае паведамленне, быццам я ўхіляўся ад выплаты падаткаў у буйным памеры», — паведаміў Казакевіч агенцтву БелаПАН.

Паводле яго, прайшлі тры ператрусы: у краме, машыне і дома. У кватэры забралі кампутар і тэлефон.

«Лічу, што ў тым, што адбываецца, ёсьць палітычная падаплёка. Але і эканамічная таксама, бо ўлады любым спосабам выціскаюць грошы з прадпрымальнікаў і яшчэ больш зацікаўленыя ў гэтым, калі чалавек яшчэ і актывіст», — заявіў Казакевіч.

Ён падкрэсліў, што ўсе падаткі ў яго выплачаныя своечасова і ў поўным аб’ёме.

Інфармацыя дапаўняецца.


Дзе і як шукаць затрыманых у Мінску?

Сабралі інфармацыю аб тым, куды можна звяртацца, каб даведацца, дзе знаходзіцца затрыманы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства