viasna on patreon

Палітзняволеная Сафія Малашэвіч у апошнім слове: "Клянуся, Ціхан не заслугоўвае такога пакарання"

2021 2021-01-21T14:42:58+0300 2021-01-21T15:44:45+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/malashevich_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сафія і Ціхан у залі суда

Сафія і Ціхан у залі суда

У судзе Кастрычніцкага раёна Мінска 21 студзеня працягнуўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да палітвязняў Сафіі Малашэвіч і Ціхана Клюкача. Іх абвінавачваюць у тым, што яны распісалі балончыкамі шчыты спецсродкаў загароды на акцыі пратэсту шостага верасня (ч.2 арт. 339 КК РБ), а таксама ўдзельнічалі ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК). Акрамя таго, Сафіі Малашэвіч прад'яўленае абвінавачаньне ў публічнай абразе прэзыдэнта (арт. 368 КК РБ).

Працэс вядзе суддзя суда Кастрычніцкага раёна Вольга Няборская. Дзяржабвінаваўца — Рудніцкая.

На першым паседжанні суд апытаў Сафію і Ціхана.

Пачалі судзіць палітвязняў Соф'ю Малашэвіч і Ціхана Клюкача за надпісы на шчытах спецтэхнікі

На судзе Соф'я неаднаразова паўтарала, што ўсё, што яна зрабіла, было зроблена для прыцягнення ўвагі да "сацыяльнай несправядлівасці ў грамадстве" і да неабароненасці пенсіянераў.

На паседжанні 21 студзеня былі заслуханыя матэрыялы справы. У тым ліку, прагледжаныя відэа з тэлеграм-каналаў і тэлефона Сафіі. Сярод апошніх — відэа з удзелаў у маршах, а таксама асабістыя здымкі дзяўчыны: яна неаднаразова падкрэслівала, што гэта не датычыцца справы.

Сведка, супрацоўнік ваеннай часткі 3214, які ў той дзень бачыў Сафію. Ён сказаў, што дзяўчыну было цяжка не заўважыць: яна была агрэсіўная, пагражала, танцавала, пакідала надпісы.

"Сафія танцавала, таму што лічыла, што шмат людзей і яна пазбегне пакарання", — упэўнены сведка.

Таксама супрацоўнік расказаў, што з дзяўчынай быў маладыды чалавек. Сведка мяркуе, што ён таксама хацеў пісаць, яны абмяркоўвалі гэта з Сафіяй, але хтосцьці мусіў здымаць на відэа. Але размову ён не чуў. Спачатку затрымалі хлопцы (гэтага сведка не бачыў), дзяўчына падыйшла да яго падначаленага сама: у руках ў яе быў балончык з фарбай. Яна прасіла, каб хлопца адпусцілі, а затрымалі яе. 

Таксама 21 студзеня суддзя вырашыў закончыць разглядаць справу без сведкаў абвінавачання — супрацоўнікаў міліцыі і АМАП, хаця адвакаты патрабавалі іх выклікаць.

Абвінавачанне адмовілася ад абвінавачання Ціхана Клюкача па ч.2 арт. 339. Пракурор запрасіў для хлопца адзін год і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму (па ч.1 арт. 342). 

Абвінавачанне таксама перакваліфікавала ч.2 арт. 339, згодна з якой абвінавачваюць Сафію Малашэвіч, на ч.1 арт. 339. Такім чынам, шляхам складання пакаранняў па трох артыкулах (ч.1 арт.368, ч.1 арт. 342, ч.1 арт. 339) для яе пракурор запрасіў два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Адвакат Ціхана адзначыў ягоны юнацкі максімалізм як адказ на несправядлівасць у грамадстве, а абаронца Сафіі сказаў, што нельга пазбаўляць падлеткаў волі за словы і іх выказванне.

Ціхан Клюкач у апошнім слове раскаяўся ў тым, што здзейсніў, і папрасіў прабачэння ў маці і бабулі, бо "прынёс ім шмат гора".

У сваім апошнім слове палітзняволеная Сафія Малашэвіч папрасіла не караць Ціхана. Падчас яе прамовы прысутныя ў залі не стрымлівалі слёзы.

"Складана казаць, калі ў вачах слёзы, але я ўсё ж скажу. Я хацела б папрасіць суд не караць як мінімум Ціхана: яму проста спадабалася прыгожая дзяўчынка, і ён захацеў праводзіць мяне на мітынг. Ён дзесяць тысяч разоў — я вам клянуся — адгаворваў мяне сысці назад ад плота. Я думаю, двух месяцаў у СІЗА дастаткова, каб зразумець, што нікуды хадзіць не трэба і да платоў падыходзіць таксама не трэба. Я таксама адседзела два месяцы ў СІЗА і за гэты час зразумела, што турма людзей ніяк не зменіць: яна зробіць толькі горш. Са мной сядзелі людзі, якія ўжо былі ў турме, і я глядзела не на тое, якімі яны туды прыйшлі, а на тое, якімі яны адтуль сыходзілі — і гэта былі не самыя лепшыя людзі, якіх я ведала. Таму што да гэтага яны былі нашмат лепш. Таму калі вы дасце чалавеку [Ціхану], які адзін раз памыліўся — пайшоў на мітынг з дзяўчынкай, — год пазбаўлення волі, наўрад ці ён стане лепш.

Я прызнаю сваю актыўны ўдзел у мітынгу. Але я не пагаджуся з тым, што мае на ўвазе гэтая віна, — пакараннем. Зразумела, вы галоўныя, вы прызначаеце, што я заслужыла. Я павінна адказваць за свае ўчынкі. Але я вам клянуся, што ён [Ціхан] не заслугоўвае такога пакарання. Вы суд, вы павінны быць справядлівымі. Але ён нават не дакранаўся пальцам да плота і балончыка! Ён больш не будзе хадзіць на мітынгі — так, Ціхан?

Мне, вядома ж, не хацелася б пазбаўлення волі: не буду сябе абараняць і выгароджваць, але калі вы дасце мне тэрмін, я магу ўжо не ўбачыць бабулю. Можна нават даць "хімію" з прызначэннем, але больш [тэрмін], чым пазбаўленне волі. Каб было справядліва, але каб я ўбачыла бабулю".

Вырак будзе агучаны 22 студзеня ў 14.30.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства