viasna on patreon

Front Line Defenders патрабуе неадкладна спыніць крымінальны пераслед Андрэя Аляксандрава

2021 2021-01-22T12:21:01+0300 2021-01-22T12:21:02+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/frontlinedefenders_logo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Front Line Defenders 21 студзеня выступіла з заявай, у якой заклікала беларускія ўлады спыніць крымінальны пераслед Андрэя Аляксандрава і адпусціць яго з-пад варты. 

12 студзеня 2021 года праваабаронца Андрэй Аляксандраў быў затрыманы па падазрэнні ў "навучанні і іншай падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а роўна фінансаванні і іншым матэрыяльным забеспячэнні такой дзейнасці". Паводле інфармацыі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, праваабаронцу абвінавачваюць у фінансаванні пратэстаў у Мінску шляхам выплаты штрафаў і кампенсацыі выдаткаў на знаходжання ў ізалятарах часовага ўтрымання затрыманых удзельнікаў акцый пратэсту.

Андрэй Аляксандраў

Андрэй Аляксандраў — беларускі праваабаронца і вядомы медыя-менеджар. З 2009 па 2012 год Андрэй Аляксандраў працаваў намеснікам старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, а з 2014 па 2018 год — намеснікам дырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. Ён таксама працаваў у міжнародных арганізацыях Index on Censorship і Article 19. Андрэй Аляксандраў — заснавальнік і галоўны рэдактар выдання "Белорусский журнал". Як кваліфікаваны медыя-эксперт Андрэй Аляксандраў праводзіць трэнінгі для журналістаў і рэдактараў у Беларусі і за мяжой, а таксама кансультуе некалькі медыя праектаў.

15 студзеня 2021 года намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч у відэазаяве на афіцыйным YouTube-канале МУС заявіў, што Андрэй Аляксандраў датычны да "фінансавання асобаў, якія бралі ўдзел у масавых беспарадках і іншых акцыях пратэсту на тэрыторыі Мінска, у тым ліку шляхам выплаты штрафаў, кампенсацыі выдаткаў на ўтрыманне ў ЦІП і ІЧУ...". Казакевіч сцвярджаў, што праваабаронца атрымаў грошы з-за мяжы для гэтых плацяжоў. Згодна з гэтай відэазаявай, Андрэй Аляксандраў падазраецца ў "навучанні ці іншай падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванні або іншым матэрыяльным забеспячэнні такой дзейнасці" па частцы 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі. У выпадку прад'яўлення абвінавачвання праваабаронцу пагражае да двух гадоў пазбаўлення волі. 15 студзеня Андрэя Аляксандрава арыштавалі на два месяцы, і цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага у Мінску.

12 студзеня 2021 года Андрэй Аляксандраў быў затрыманы ў якасці падазраванага ў "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх" па артыкуле 342 КК. Разам з ім па тым жа падазрэнні была затрыманая яго дзяўчына Ірына Злобіна. 14 студзеня больш за дзесяць супрацоўнікаў Упраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Міністэрства ўнутраных спраў па даручэнні ўпраўлення Следчага камітэта па Мінску правялі ператрус у офісе БелаПАН. Падчас ператрусу былі канфіскаваныя каля дзесяці кампутарных жорсткіх дыскаў, жорсткі дыск сервера лакальнай сеткі, два нетбука, рукапісныя запісы, дакументы і візітоўкі. У пастанове на ператрус, акрамя згаданага вышэй артыкула 342 Крымінальнага кодэкса, фігураваў таксама артыкул 293 аб масавых беспарадках.

З 9 жніўня 2020 года агульная сума штрафаў, накладзеных на затрыманых пратэстоўцаў, паводле звестак Праваабарончага цэнтра "Вясна", перавысіла 530 тысяч еўраў. Многія праваабаронцы і актывісты дапамагалі мірным дэманстрантам аплаціць штрафы і пакрыць іншыя выдаткі, звязаныя з іх затрыманнем.

Арганізацыя Front Line Defenders глыбока занепакоеная затрыманнем і абвінавачваннямі ў адрас праваабаронцы Андрэя Аляксандрава. Front Line Defenders асуджае судовы пераслед праваабаронцаў, якія аказваюць дапамогу затрыманым мірным дэманстрантам, уключаючы дапамогу ў аплаце штрафаў. Затрыманне Андрэя Аляксандрава рушыла ўслед за шэрагам выпадкаў выкарыстання рэпрэсій і судовага пераследу ў дачыненні да праваабаронцаў і журналістаў з боку прадстаўнікоў праваахоўных органаў Беларусі пасля абвяшчэння 9 жніўня вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

Арганізацыя Front Line Defenders заклікае ўлады Беларусі:

  1. Прыняць усе неабходныя меры для забеспячэння неадкладнага і безумоўнага вызвалення Андрэя Аляксандрава і гарантаваць яго фізічную і псіхалагічную бяспеку і недатыкальнасць;
  2. Неадкладна спыніць крымінальны пераслед Андрэя Аляксандрава, паколькі ён выкліканыя выключна яго законнай і мірнай праваабарончай дзейнасцю;
  3. Спыніць практыку судовага пераследу праваабаронцаў, якія аказваюць дапамогу затрыманым мірным дэманстрантам;
  4. Гарантаваць, што ўсе праваабаронцы ў Беларусі маюць магчымасць ажыццяўляць сваю законную праваабарончую дзейнасць у любых абставінах без абмежаванняў і без страху помсты, у тым ліку без рызыкі судовага пераследу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства