viasna on patreon

"Навучальны працэс быў сарваны як мінімум на 10 хвілін". У Мінску судзяць студэнта за заклікі да страйку Дапоўнена

2021 2021-01-26T17:45:00+0300 2021-01-26T23:01:04+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/snimok-ekrana-2021-01-26-v-14.10.43.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Савецкага раёна 26 студзеня пачаў разгляд крымінальнай справы па ч.1 арт. 342 КК супраць 21-гадовага палітзняволенага студэнта БДУІР Арцёма Вінакурава за заклікі ва ўніверсітэце да страйку. Яго абвінавачваюць у тым, што ён сарваў 26 кастрычніка вучэбныя заняткі, што пацягнула "зрыў навучальнага працэсу і недаатрыманне ведаў студэнтамі БДУІР". На судзе ўжо было дапытана 18 сведак: выкладчыкі і студэнты БДУІР, ахоўнік і бацькі Арцёма. Па іх словах, заняткі былі прыпыненыя на 5-15 хвілін, але прэтэнзіяў ніхто не мае да гэтага. Арцёма Вінакурава многія пазналі толькі на відэа са спрэчкай з дэканам БДУІР Леанідам Шылінам, якое студэнты выклалі ў інтэрнэт. Справу разглядае суддзя Марына Фёдарава. "Вясна" з дапамогай валанцёраў адсочвае гэты судовы працэс. 

Студэнт Арцём Вінакураў і дэкан Леанід Шылін 26 кастрычніка ў аўдыторыі БДУІР

"Агітаваў студэнтаў сарваць навучальны працэс і зладзіць забастоўку". У чым абвінавачваюць палітвязня?

Арцёма Вінакурава абвінавачваюць па ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Так, ён "26 кастрычніка ў групе неўстаноўленых асоб з мэтай парушэння адукацыйнага працэсу хадзіў па аўдыторыях і агітаваў студэнтаў пакінуць навучальныя заняткі, сарваць навучальны працэс і зладзіць мітынг, забастоўку". Ён не рэагаваў на патрабаванні супрацоўнікаў Дэпартаменту аховы спыніць свае дзеянні. Таксама па абвінавачванні Арцём "з мэтай натхнення навакольных выкрыкваў і скандаваў лозунгі: "Далучайся", "Мы тут власть", якія груба парушаюць грамадскі парадак". Гэта пацягнула "зрыў навучальнага працэсу і недаатрыманне ведаў студэнтамі БДУІР". Вінакурава абвінавачваюць у парушэнні Кодэкса аб адукацыі, правілаў ўнутранага распарадку, Закона аб масавых мерапрыемствах. Паводле абвінавачвання, ён дзейнічаў у "групе асобаў", аднак на лаве падсудных — адзін Арцём Вінакураў. 

Студэнт цалкам прызнаў віну. Падтрымаць палітзняволенага студэнта прыйшло шмат людзей. Дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае памочнік пракурора Савецкага раёна Раман Чабатароў

Арцём Вінакураў будзе дапытаны пазней — пасля допыту ўсіх сведак. 

Сведка-ахоўнік: Дазнаўся пра Вінакурава пасля прагляду відэа, каардынатараў на акцыі не было

Першым на судзе ў якасці сведкі быў дапытаны 24-гадовы ахоўнік універсітэту Арцём Баруценка. У судзе ён распавёў, што 26 кастрычніка на дзяжурства ён заступіў ў 8:00, а ўжо праз гадзіну пачаліся несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы: "Сабраліся каля галоўнага ўваходу БДУІР, а потым пайшлі па кабінетах 4 корпуса". На судзе ахоўнік не змог успомніць, ці быў сярод тых людзей абвінавачаны. Ён яго не бачыў непасрэдна акцыях, а тое, што Вінакураў там быў, Баруценка дазнаўся пасля таго, як паглядзеў відэа.

"Я рабіў пару заўваг. На іх яны не адрэагавалі. Яны іх не чулі. Выкрыквалі нешта, але што — не памятаю. "Жыве Беларусь", дакладна не памятаю. Сімволікі ў іх не было, быў адзін плакат, можа парачку".

У судзе зачыталі пратакол допыту ахоўніка ў сувязі з істотнымі супярэчнасцямі. Пасля падзеяў ён казаў, што падчас перапынку каля 8:55 ён заўважыў групу студэнтаў у колькасці 7 чалавек. Потым сабралася каля 15-20 чалавек.

"Кагосьці, хто каардынаваў — не было. У некаторых былі плакаты і сцягі. Я ішоў за імі. Здымаў на дазор. Студэнты заходзілі ў аўдыторыі, крычалі "Мы тут власть", пляскалі ў далоні, заклікалі далучыцца. Потым пайшлі ў 5 корпус. Я ішоў за імі і здымаў на дазор. Студэнты заходзілі ў аўдыторыі і выкрыквалі лозунгі. Шмат папярэджваў", — сведчыў падчас папярэдняга следства Баруценка.

Дэкан Шылін: Я ім гучна пракрычаў, што гаспадар тут я

Потым у судзе быў дапытаны дэкан факультэта інфармацыйных тэхналогій і кіравання Леанід Шылін. У судзе ён распавёў, што 26 кастрычніка дэканат праводзіў праверку заняткаў на наяўнасць студэнтаў. Шылін абраў 4 корпус і пайшоў правяраць. У адной з аўдыторыяў ён убачыў групу студэнтаў, ён пачаў іх папярэджваць, што яны замінаюць заняткам:

"Сказаў: "Маладыя людзі, вы перашкаджаеце заняткам. З размовы я памятаю мала. Яны мне адказалі: "Мы студэнты — мы гаспадары"" Я ім гучна пракрычаў, што гаспадар тут я. Была сварка. Малады чалавек пачаў штосьці казаць, я сказаў "Дурак!". Я пачаў выводзіць іх з аўдыторыі, але мала, хто сышоў. Я прайшоў усе аўдыторыі — усе былі на занятках. Потым студэнты выклалі відэаролік.

Вінакураў быў правадыром. Ён быў актыўны. Быў лідэрам групы. Усе ішлі за ім".

Па яго словах, у аўдыторыі зайшло чалавек 20. Адвакат запытаў у дэкана, ці з гэтай групай людзей у яго быў канфлікт.

"Не, была агрэсія, я зачыняў дзверы, а там паставілі нагу. Іншы чалавек, не абвінавачаны".

Адвакат удакладніў ў Шыліна, што ён меў на ўвазе, калі казаў, што "гаспадар тут я". На гэта дэкан адказаў, што ён чалавек, які адказвае за адукацыйны працэс. На пытанне адваката, як праходзіць праверка наведвальнасці студэнтаў, Шылін распавёў, што лектар правярае, але ёсць план наведвання для дэканата.

"Праверка доўжылася пяць-сем хвілін. У 108-й аўдыторыі было 100 чалавек. Я ўвайшоў і сказаў, што я з праверкай. Я крычаў: "Выходзім-выходзім". Лаянкавых словаў я не прамаўляў. Яны так мяліся, але прыбралі свой плакат. Такога прыніжэння за 50 гадоў працы ва ўніверсітэце не было. Яны лічылі, што яны ў праве дыктаваць умовы".

У зале суда абвінавачаны звярнуўся да дэкана і папрасіў прабачэнне, на што Шылін адказаў:

"Я веру, што Вы сумленны чалавек, але Вас дзесьці падманулі".

На судзе з-за супярэчнасцяў прачыталі пратаколу допыту Шыліна падчас следства:

"26 кастрычніка праводзіў праверку наведвальнасці. Былі людзі, падобныя на студэнтаў. Мне заміналі зачыніць дзверы. Чалавек у фіялетавай кашулі. Была лекцыя Мяцельскага, уварваліся і сарвалі навучальны працэс. Была спланаваная акцыя з мэтай парушэнння працы ўніверсітэта і ўдзелу ў беспарадках. Быў выразны падзел роляў. Хтосьці са сцягамі, хтосьці крычаў, а ён крычаў, што яны хочуць задушыць нас. Навучальны працэс быў сарваны як мінімум на 10 хвілін".

Адвакат настойвае, што перапынак на 5-10 хвілін нельга назваць зрывам заняткаў. 

Дацэнт БДУІР: Заняткі не былі сарваныя

Трэцім па справе Вінакурава быў дапытаны дацэнт кафедры электронных вылічальных машын Юрый Луцык. На судзе ён заявіў, што не памятае, каб 26 кастрычніка ў яго быў зрыў вучэбных заняткаў:

"Ні адзін занятак не быў сарваны. Акрамя каранавіруса".

Студэнтка: Усё было мірна

Наступная сведка на судовым працэсе — студэнтка Зенчанка. 26 кастрычніка яна была на лекцыі ў дацэнта Луцыка. Яна распавяла, што на заняткі на 5-7 хвілін зайшла група асоб і прасіла выйсці падтрымаць страйк. Плакатаў яна ніякіх не памятае, а з той групы студэнтаў нікога не ведае. Але падчас следства яна сведчыла, што ў аўдыторыю зайшоў малады хлопец, які заклікаў сысці з заняткаў. Па яе старых паказаннях, лекцыя была перапыненая на 10-15 хвілін. Заклікаў хлопец у чырвоных красоўках і акулярах — яна пазнала яго на відэа. На судзе яна сказала, што ўжо нічога не памятае, але ўсё было мірна. 

Стараста: Лекцыя прыпынілася прыкладна на 10 хвілін

На судзе быў дапытаны і стараста групы БДУІР. На судзе ён распавёў, што на лекцыю Луцыка зайшлі 10-15 чалавек і прасілі далучыцца да страйку, але не ведае на які. На судзе стараста сказаў, што не запомніў нікога, бо ўсе былі ў масках, на відэа таксама нікога не апазнаў. Але падчас следства ў снежні стараста даваў іншыя паказанні:

"Зайшоў чалавек без маскі. Студэнт. Апісаць і апазнаць не магу. Бчб-сімволіку не бачыў, ці крычалі яны лозунгі — не ведаю. Дазвол выступаць ён не пытаўся. Хто менавіта пляскаў у далоні я не ведаю. Далучыліся студэнты не з маёй групы. Відэазапіс я бачыў у інтэрнэце".

Па словах старасты на судзе, лекцыя не праводзілася прыкладна на працягу 10 хвілін.

У судзе дапыталі і бацькаў Арцёма Вінакурава. 

Выкладчык: У 2014 годзе Міністр адукацыі прыходзіў — я не вёў лекцыю 20 хвілін

Сведка-дацэнт БДУІР Васіль Мяцельскі распавёў на пытанне пракурора, ці спрабавалі 26 кастрычніка сарваць яму заняткі:

"За паўгадзіны ад пачатку заняткаў зайшоў дэкан. Потым зайшлі студэнты — 30 чалавек. Яны пачалі нешта выкрыкваць, Я ўжо быў хворы на каранавірус. Яны нешта прапаноўвалі, але я не памятаю што. Гэта заняла не больш 10-15 хвілін. У іх быў сцяг, сімволіка".

Па яго словах, ён паскорыўся, каб паспець выкласці студэнтам увесь матэрыял, а тое што не паспеў — выслаў ім. Пракурор запытаў, ці аказаў прыход студэнтаў на лекцыю ўплыў, на што Мяцельскі адказаў:

"У 2014 годзе Міністр адукацыі прыходзіў, я не вёў лекцыю 20 хвілін".

Таксама ён распавёў, што ў яго на лекцыі адбылася спрэчка паміж Шылінам і студэнтамі.

На судзе дапыталі яшчэ аднаго студэнта БДУІР — Івана Махавікова. Ён распавёў, што ён быў на лекцыі Мечанкова, калі зайшла група асобаў — "чалавек 50-100", яны прапанавалі далучыцца да страйку. Праз 5 хвілін яны пакінулі аўдыторыю.

Да абеду было дапытана 10 чалавек. Пасля абеду допыт сведкаў працягваецца.

На судзе быў дапытаны 18-гадовы студэнт БДУІР Сяргей Мікіта. Ён быў на лекцыі ў Мяцельскага, калі да іх у аўдыторыю зайшлі студэнты. Паводле яго словаў, ён не памятае, колькі чалавек увайшло ў аўдыторыю. Пасля таго, як зайшлі ў кабінет — сталі выказваць сваю грамадзянскую пазіцыю. Ён распавёў, што зайшоў дэкан і ўступіў у размову са студэнтамі, а выкладчык Мяцельскі проста стаяў побач. Але пра што была размова — студэнт сказаць не можа, бо ён "сядзеў у самым версе, у аўдыторыі было шумна і незразумела". Студэнт не змог сказаць, ці размаўляў Арцём Вінакураў з дэканам. Усе дзеянні, па яго словах, занялі 5-10 хвілін, можа менш.

Наступны сведка — студэнт Гарэлік, які быў на лекцыі ў Мяцельскага ён, як і папярэдні сведка дрэнна памятае падзеі 26 кастрычніка, не можа выразна ўспомніць абвінавачанага і яго дзеянні. Па яго словах, група ў аўдыторыі (30-50 чалавек) знаходзілася хвілін 12-15: яны агітавалі да страйку. На ўдакладняючыя пытанні пракурора, ён сказаў, што "навучальны матэрыял быў атрыманы не цалкам, пара праведзена не цалкам".

Студэнт Лапцеў з 1-га курса БДУІР распавёў у судзе, што "палітычна актыўных студэнтаў няма, палітыку не абмяркоўваем, вучымся, складана пасля школы перабудавацца на такі тып навучання". 26 кастрычніка ў яго была лекцыя ў Мітчанкава. Па яго словах, у 9:30 ўвайшла група з 40 чалавек, якія выказвалі заклікі да страйку.

"Усё было хутка, дакладна не памятаю, казалі адначасова, былі не агрэсіўныя і адэкватныя, сімволікі не бачыў, нікога не тузалі, казалі, што павінны быць салідарныя з рабочымі, выказалі меркаванне".

Па яго словах, усё доўжылася сем хвілін.

"Да іх ніхто не далучыўся. Дадзеную сітуацыю больш у універсітэце не абмяркоўвалі. Я не ведаю гэтых людзей, не ведаю, хто палітычна актыўны ці апазіцыйна настроены, такіх у маім коле зносін не маецца".

Таксама ў суд быў выкліканы і дапытаны яшчэ адзін студэнт, які быў 26 кастрычніка на занятках у Мяцельскага. Паводле яго словаў, праз 20 хвілін пасля пачатку заняткі зайшлі студэнты старэйшых курсаў.

"Адзін студэнт вылучыўся 19-20 гадоў, цёмныя валасы, акуляры. Я яго не сустракаў — магчыма 3-і курс".

Як распавядае гэты студэнт, Леанід Шылін сказаў ім, што ён старэйшы, хлопец, што "гэты чалавек намі кіруе".

У судзе былі дапытаныя яшчэ 5 студэнтаў БДУІР, якія былі на занятках Мяцельскага і Мітчанкава. Паказанні недакладныя і разыходзяцца.

Суд прыступіў да даследавання матэрыялаў справы. Пракурор пераказаў відэаролік канфлікту студэнтаў з дэканам Шыліным. З матэрыялаў справы стала вядома, што следства рабіла запыт у БДУІР аб суме нанесенай шкоды дзеяннямі Вінакурава. Аднак ніякай шкоды нанесена не было.

Суд працягнецца 27 студзеня ў 10:30.


Паводле звестак МУС, 26 кастрычніка ён разам з іншымі навучэнцамі зайшоў у аўдыторыю, дзе праходзіў занятак, і пачаў заклікаць да страйку. Пасля таго, як дэкан факультэта інфармацыйных тэхналогій і кіравання Леанід Шылін зрабіў заўвагу студэнтам і папрасіў іх выйсці з аўдыторыі "у яго адрас пасыпаліся абразы і пагрозы". Арцём быў затрыманы 28 кастрычніка, супраць яго была распачатая крымінальная справа аб арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (артыкул 342 Крымінальнага кодэкса). Да суда ён утрымліваўся ў СІЗА ў Жодзіна.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства