viasna on patreon

Спыніць ціск на арганізацыі грамадзянскай супольнасці ў сувязі з рэалізацыяй іх права на доступ да фінансавання

2021 2021-01-28T10:17:16+0300 2021-01-28T10:18:58+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/solidarity-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заява беларускіх арганізацый грамадзянскай супольнасці

21 студзеня Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю распачаў праверку Асветніцкай праваабарончай установы “Офіс па правах людзей з інваліднасцю”. У КДК былі дастаўленыя дырэктар арганізацыі Сяргей Драздоўскі і юрыст Алег Граблеўскі, у бухгалтара арганізацыі Таццяны Крышталь былі вынятыя тэлефон і кампутар, невядомыя спрабавалі трапіць у кватэру былога намесніка дырэктара арганізацыі Міхаіла Мацкевіча. У якасці падставы для праверкі КДК агучыў падазрэнні ў прыўлашчванні грашовых сродкаў, што былі атрыманыя “Офісам па правах людзей з інваліднасцю” ў выглядзе дабрачынных ахвяраванняў і міжнароднай дапамогі дзеля мэтаў аказання дапамогі асобам з інваліднасцю (арт. 210 Крымінальнага кодэксу). Ціск і затрыманьні ў дачыненні да супрацоўнікаў арганізацыі быў зафіксаваны і раней у сувязі зь іх удзелам у мірных сходах.

Мы разглядаем гэтую праверку як працяг шэрагу актаў уціску і крымінальных справаў, якія былі ўзбуджаныя ў апошнія месяцы ў сувязі са зборам, атрыманьнем і выкарыстаньнем дабрачыннай грашовай дапамогі ў Беларусі. На падставе аказаньня матэрыяльнай дапамогі ахвярам парушэньня правоў чалавека ўжо былі кінутыя за краты журналіст Андрэй Аляксандраў і праваабаронца Леанід Судаленка. Абвінавачанні ў крымінальных правапарушэньнях датычна сродкаў, якія паступалі з-за мяжы, былі высунутыя супраць супрацоўнікаў установы “Журналісцкая майстэрня Прэс-клуб”. Дзяржаўныя СМІ працягваюць кампанію дэзынфармацыі і застрашэньня грамадзянаў датычна дзейнасьці фондаў салідарнасьці, якія аказваюць дабрачынную дапамогу жыхарам Беларусі.

Шматлікія некамэрцыйныя арганізацыі Беларусі пачынаючы ад другой паловы 2020 году сутыкнуліся з пазачарговымі праверкамі і безпадстаўнымі запытамі дакумэнтаў, у тым ліку датычна выкарыстання замежнай ці ўнутранай бязвыплатнай дапамогі. І хоць у абсалютнай большасці праверкі засведчылі адсутнасць нямэтавага выкарыстання дапамогі арганізацыямі, у шэрагу відавочна палітычна матываваных выпадкаў наступствамі праверак былі крымінальныя справы (Дабрачынная ўстанова “Палеская дабрыня” ды інш).

Улады Беларусі здаўна практыкуюць зламысныя абвінавачаньні ў эканамічных злачынствах дзеля абгрунтаваньня палітычных рэпрэсіяў: у мінулыя гады па абвінавачаньні ва ўхіленьні ад падаткаў прыцягваліся да крымінальнай адказнасьці старшыня Праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі, лідэр прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч, кіраўнік інфармацыйнай агенцыі "Белапан" Алесь Ліпай ды іншыя.

У сувязі з гэтым мы лічым неабходным падкрэсьліць, што дзейнасьць арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці па пошуку, прыцягненьні і выкарыстаньні рэсурсаў для сваёй працы зьяўляецца законнай і знаходзіцца пад абаронай міжнародных стандартаў свабоды асацыяцыяў. У тым ліку згодна з гэтымі стандартамі атрыманьне фінансавых рэсурсаў з-за мяжы ёсьць законным складнікам свабоды асацыяцыяў і не павіннае служыць падставай для крымінальнага перасьледу.

Паводле міжнародных стандартаў і кіруючых прынцыпаў АБСЭ і Рады Эўропы, дзяржавы не павінныя перашкаджаць атрыманьню фінансаваньня з замежных і міжнародных крыніцаў, паколькі такое фінансаваньне дапамагае разьвіваць патэнцыял грамадзянскай супольнасьці і спрыяе сацыяльнаму, эканамічнаму і чалавечаму разьвіцьцю краіны. Згодна з Сумеснымі кіруючымі прынцыпамі свабоды асацыяцыяў БДІПЧ АБСЭ і Венецыянскай камісіі Рады Эўропы (пункты 22, 102-04, 166, 195, 200-22), любыя абмежаваньні доступу да рэсурсаў з-за мяжы (альбо з замежных ці міжнародных крыніцаў) павінныя быць устаноўленыя заканадаўствам і перасьледаваць законную мэту ў адпаведнасьці з пэўнымі дапушчальнымі падставамі абмежаванняў, выкладзенымі ў міжнародных стандартах датычна магчымага абмежаваньня правоў чалавека, а таксама неабходнымі ў дэмакратычным грамадзтве і прапарцыйнымі датычна пастаўленай мэты. Падатковае заканадаўства павінна разглядаць ахвяраваньні з замежных крыніцаў гэтаксама як ўнутраныя ахвяраваньні, яно не павінна абкладаць іх падаткам на прыбытак ды іншымі падаткамі. Атрыманьне замежнага фінансаваньня структурамі грамадзянскай супольнасьці не павіннае цягнуць за сабой негатыўныя наступствы. Усе арганізацыі, якія жадаюць атрымаць доступ да замежнага фінансаваньня, павінныя мець права шукаць такое фінансаванне і, калі ёсць замежныя донары, гатовыя падтрымаць іх дзейнасць, атрымліваць і выкарыстоўваць такое замежнае фінансаваньне на практыцы. Магчымасьць шукаць, атрымліваць і выкарыстоўваць матэрыяльныя рэсурсы зьяўляецца крытычна важнай для існаваньня і функцыянавання НКА. Крыміналізацыя і дэлегітымізацыя дзейнасці арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці на падставе крыніцы фінансаваньня недапушчальная.

Цяперашняя практыка шматлікіх праверак і новых крымінальных справаў супраць лідэраў і работнікаў некамэрцыйных арганізацыяў, а таксама кампанія дзяржаўных СМІ па шэльмаваньні і дыскрэдытацыі дабрачыннай дапамогі парушае азначаныя стандарты, што стварае невыносныя ўмовы для дзейнасьці некамэрцыйных арганізацыяў і перашкаджае іх законнай дзейнасьці на карысьць беларускага народу і беларускага грамадзтва.

Недасканалыя і абмежавальныя нормы заканадаўства Рэспублікі Беларусь датычна міжнароднай і ўнутранай дабрачыннай дапамогі патрабуюць ад арганізацыяў вялікіх высілкаў у справе належнага афармленьня дабрачыннай дапамогі і справаздачнасьці па ёй, але пры гэтым ствараюць умовы для злоўжываньняў пагрозамі перасьледу, у тым ліку адміністрацыйнага і крымінальнага.

Мы як прадстаўнікі арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці лічым перасьлед прадстаўнікоў “Офіса па правах людзей з інваліднасьцю” палітычна матываваным і зьвязваем ціск на арганізацыю з актыўнай грамадзкай пазыцыяй ды іх дзейнасьцю на карысьць паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Ведаючы “Офіс па правах людзей з інваліднасьцю” як адказную і аўтарытэтную арганізацыю, даўняга ўдзельніка беларускага праваабарончага руху, мы рашуча адвяргаем абвінавачаньні ў нямэтавым выкарыстаньні сродкаў арганізацыі. Гэтыя абвінавачаньні мы разглядаем як падступныя крокі па дыскрэдытацыі добрага імя і рэпутацыі “Офіса па правах людзей з інваліднасьцю”.

Мы лічым, што дадатковыя праверкі атрыманьня некамэрцыйнымі арганізацыя замежнай бязвыплатнай дапамогі і запужваньне актывістаў маюць на мэце ўскладненьне ўмоваў дзейнасьці НКА. Раней, у 2020 годзе, беларускія ўлады ўжо прынялі Дэкрэт №3 “Аб замежнай бязвыплатнай дапамозе”, які дадаткова пагоршыў ранейшыя абмежаваньні доступу НКА да замежнага фінансаваньня; увялі абавязковую справаздачнасьць аб мерах супраць адмываньня грошай, што ёсьць непрапарцыйнай мерай, не адпаведнай ацэнцы рызыкаў; спынілі апэрацыі папулярных краўдфандынгавых плятформаў MolaMola і Ulej, якія ў неспрыяльных прававых умовах дазвалялі няўрадавым ініцыятывам знаходзіць фінансавую падтрымку для сваёй дзейнасьці з унутраных крыніцаў.

З улікам выкладзенага мы, прадстаўнікі беларускіх арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці,

ПАТРАБУЕМ:

  • Спыніць ціск на “Офіс па правах людзей з інваліднасьцю” ды іншыя арганізацыі грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку спыніць неабгрунтаванае і празьмернае выкарыстаньне праверак ды іншых сродкаў кантролю за дзейнасьцю арганізацыяў, а таксама выключыць ужываньне сілавых мэтадаў пры правядзеньні праверак.
  • Спыніць усе спробы крымінальнага перасьледу беларускіх праваабаронцаў і актывістаў арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці ў сувязі зь іх законнай дзейнасьцю па аказаньні дабрачыннай ды іншай дапамогі пацярпелым ад парушэньняў правоў чалавека, у тым ліку неадкладна вызваліць Андрэя Аляксандрава, Леаніда Судаленку, Юлію Слуцкую ды ўсіх актывістаў арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці.
  • Спыніць практыку застрашэньня і перасьледу грамадзянаў у сувязі з атрыманьнем, разьмеркаваньнем і выкарыстаньнем дабрачыннай дапамогі, як з крыніцаў унутры Беларусі, так і з-за мяжы, а таксама ліквідаваць празьмерныя нарматыўныя абмежаваньні ў гэтай сфэры.
  • Неадкладна вызваліць усіх палітычных зьняволеных, а таксама грамадзянаў, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў і свабоды выказваньня меркаваньняў у поствыбарчы пэрыяд і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненьні да грамадзянаў краіны.

 ЗАЯВУ ПАДПІСАЛІ:

  • Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі
  • Цэнтар прававой трансфармацыі (Lawtrend)
  • ПЦ “Вясна”
  • Простае таварыства “Ініцыятыва Forb"
  • Human Constanta
  • Беларускі хельсінкскі камітэт
  • Навукова-даследчая ўстанова "Аналітычная группа "ЦЕТ"
  • МГА "ЕўраБеларусь"
  • ГА "Цэнтар сацыяльных інавацыяў"
  • ГБА "Гарадзенскі дзіцячы хоспіс"
  • Праваабарончы рух "Наша Беларусь"
  • Задзіночаньне беларускіх студэнтаў
  • Беларускі нацыянальны моладзевы савет “РАДА”
  • ГА “Экадом”
  • ЭКГА "Неруш"
  • ГА “Адукацыяны цэнтр “ПОСТ”
  • Установа “Цэнтар рэгіянальнага разьвіцьця ГДФ”
  • АГА “Фонд імя Льва Сапегі”
  • Урбаністычная ініцыятыва "Добры горад"
  • НГО "Друзья Немана"
  • МГА "ЭКАПРАЕКТ"
  • Праваабарончы цэнтр "Прававая дапамогу насельніцтву"
  • Беларускі Пэн-цэнтр
  • Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава
  • Вiцебскае грамадскае аб'яднанне "Самакiраванне i грамадства"
  • Прававая ініцыятыва
  • “АБФ - Актыўным Быць Файна”
  • Установа "Цэнтр сучаснай культуры "Бягучы чарапаха"
  • ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"
  • Беларускі дакументацыйны цэнтар
  • РГМА "Грамадзянскі форум"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства