viasna on patreon

Патрабуем неадкладнага вызвалення палітвязня Максіма Вінярскага, затрыманага па справе аб масавых беспарадках

2021 2021-01-28T15:32:43+0300 2021-01-28T15:47:33+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vinyarski_max_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Супольная заява праваабарончых арганізацый Беларусі

Мінск, 28.02.2021г.

У сувязі з інфармацыяй аб затрыманні 22 студзеня супрацоўнікамі ГУБАЗіК МУС ў якасці падазраванага па арт. 13 ч. 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса ("Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках") актывіста “Еўрапейскай Беларусі” Максіма Вінярскага, яшчэ раз пацвярджаючы пазіцыю, выкладзеную ў супольнай заяве праваабарончай супольнасці ад 10 жніўня 2020 года, адзначаем наступнае:

Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.

Выступы грамадзянаў насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.

Сходы грамадзянаў насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізычнай сілы, спецсродкаў і зброі.

Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат.

У сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня, на ўлады Рэспублікі Беларусь.

Таксама лічым неабходным адзначыць, што дэманстрантамі не здзяйсняліся дзеянні, якія ахопліваюцца дыспазіцыяй артыкула 293 Крымінальнага кодэкса, і адпаведна не могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам.

Асобныя выпадкі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі з боку дэманстрантаў патрабуюць асобнай прававой кваліфікацыі, з улікам кантэксту і абставінаў ужывання гвалту, у тым ліку ў кантэксце самаабароны ад заведама непрапарцыйных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі.

Варта адзначыць, што прадстаўнік кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Максім Вінярскі з’яўляецца прынцыповым і даўнім праціўнікам існуючага палітычнага рэжыму ў краіне.

За сваю выключна мірную апазіцыйную, публічную палітычную дзейнасць ен неаднаразова падвяргаўся рэпрэсіям з боку дзеючай улады: штрафам, адміністратыўным арыштам, збіццю, запалохванням і ціску.

Мы ацэньваем пераслед Максіма Вінярскага, які падазраецца ў падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадкаў (арт. 13 ч.2 артыкула 293 КК), як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй ім свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі з ягонай публічнай палітычнай дзейнасцю і прызнаем яго палітычным зняволеным.

У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  1. Неадкладна вызваліць з-пад варты палітвязня, актывіста “Еўрапейскай Беларусі” Максіма Вінярксага і спыніць ягоны крымінальны пераслед.
  2. Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт";

Беларускі ПЭН-цэнтр;

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;

Простае таварыства "Ініцыятыва FORB";

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”;

РГА "Прававая ініцыятыва”;

Беларускі дакументацыйны цэнтр.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства