Што гэта было? У Віцебску ў суботу суды цягнуліся да апоўначы
У Віцебску 30 студзеня прайшоў працэс, які мусіць увайсці ў гісторыю беларускага судаводства.
Суддзя Вераніка Барысава ў выязным паседжанні ў будынку Першамайскага РАУС Віцебску да поўначы разглядала справу 13 віцяблян, абвінавачаных паводле арт. 23.34 КаАП. Дзевяці чалавекам прысудзіла па 15 сутак арышту, чатыром – велізарныя штрафы, паведамляе "Віцебская Вясна".
Пра прысуды, вынесеныя Веранікай Барысавай, паведамілі адвакаткі, якія выйшлі з будынку Першамайскага РАУС ужо апоўначы 31 студзеня. Па словах адной з іх, такіх працэсаў яна яшчэ ніколі не бачыла.
Паводле адвакатак, справы 13 чалавек былі аб'яднаныя ў адзін працэс, які пачаўся ў актавай зале РАУС прыкладна а 15-й гадзіне (затрыманых прывезлі ў РАУС значна раней, не даўшы паснедаць у ІЧУ) і цягнуўся да поўначы. Некалькі разоў абвяшчалі перапынкі, бо людзям станавілася блага, і яны прасілі выклікаць хуткую дапамогу. Па сведчаннях сваякоў і паплечнікаў затрыманых, якія больш за 12 гадзін чакалі выніку суду каля пастарунку, «хуткая» прыязджала як мінімум 5 разоў.
Людзей, якія чакалі пад аддзяленнем міліцыі, на суд не пусцілі. Супрацоўнікі МУС патлумачылі чакальцам, што «суд адкрыты, але праходзіць на тэрыторыі рэжымнага абʼекту, таму трапіць на яго не ўдасца».
Пасля таго, як стала вядома, што большасць асуджаных застануцца пад вартай, іх сваякі спрабавалі перадаць ім перадачы з харчамі і адзеннем, але міліцыянты браць адмовіліся. Спаслаліся на тое, што ўсіх затрыманых 30 студзеня кармілі. Між тым, жанчыны, якім прысудзілі штрафы і якія выйшлі з РАУС ужо за поўнач, сцвярджалі, што ў пастарунку ніхто іх не карміў – адзінае, далі магчымасць падсілкавацца тым, што было пры сабе.
Алена Жыхарская, Ніна Скрыпец, Святлана Скакун і Ганна Куліева прысуджаныя да штрафаў ад 30 да 50 базавых велічынь. Яны правялі трое сутак пад вартай і зараз знаходзяцца на волі.
Адна з жанчын, вызваленая ўначы, расказала, што ўсіх прызналі вінаватымі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве («размахвалі сцягамі», «выкрыквалі лозунгі»), хаця ніякіх відэадоказаў вінаватасці міліцыянты ў суд не падалі. Пратаколы складаў маёр Вадзім Склімянок. «Суткі» ад Барысавай атрымалі нават тыя, хто прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці ўпершыню (ч.1 арт. 23.34).
Астатнія ўдзельнікі суботняга працэсу ў Першамайскім РАУС асуджаныя на 15 сутак арышту і былі этапаваныя з пастарунку ў віцебскі ізалятар часовага ўтрымання (ІЧУ), які месціцца зараз у будынку СІЗА-2. Гэта Караліна Цярэнцьева, Андрэй Кулакоў, Аляксей Санько, Алег Рубін, Юрый Міхейцаў, Дзмітрый Карняенка, Ігар Ісакоўскі, Казлоў і дзяўчына, прозвішча якой высвятляецца.
Большасць з пералічаных затрымалі 27 студзеня каля 22-х гадзін у мікрараёне Тарны нібыта за акцыю, якую хацелі зладзіць. Сярод затрыманых аказаліся цалкам выпадковыя мінакі – спадар Казлоў з сяброўкай, якую пайшоў праводзіць да дому (абодвум таксама прысудзілі па 15 содняў арышту).