viasna on patreon

Суд над актывістамі забастоўкі на БМЗ: усім траім - пазбаўленне волі ў калоніі агульнага рэжыму Дапоўнена

2021 2021-02-01T17:40:00+0300 2021-02-01T18:21:02+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bmz-povarau.gif Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ігар Повараў у судзе

Ігар Повараў у судзе

У Жлобіне 1 лютага працягваецца крымінальны працэс над актывістамі забастоўкі на БМЗ Ігарам Поваравым, Аляксандрам Бабровым і Яўгенам Говарам. 17 жніўня на знак пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту супраць мірных пратэстоўцаў яны разам з іншымі працаўнікамі перакрылі дарогу для тэхналагічнага транспарту на заводзе. Была ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 1 арт. 342 КК РБ «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх".

Справу разглядае суддзя Ерафееў Я.М., пракурор - Аношка.

На папярэдніх судовых пасяджэннях апытваліся сведкі, вывучаліся пісьмовыя матэрыялы справы.

Таксама прадстаўніца грамадскага істца ад БМЗ юрыстконсульт Жунко хадайнічала аб далучэнні да матэрыялаў справы заяву аб адмове ўзбуджэння грамадзянскага зыску супраць абвінавачваемых. У БМЗ супраць фігурантаў матэрыяльных прэтэнзіяў няма. Яны кампенсавалі страты прадпрыемства ў памеры 1 тыс 88 руб 50 капеек. Даведкі аб кампенсацыі урону абвінавачваемыя прадаставілі суду.

Суд над актывістамі забастоўкі на БМЗ: апытанне сведак і знікненне абвінавачанага Ігара Поварава

Сведкі, акрамя старэйшага інспектара Вышыка, абвінавачаных не ведалі і не бачылі 17 жніўня, таму не пазналі іх у залі суда. І суддзя, і пракурор задавалі сведкам наводзячыя пытанні, называючы падзеі.

 Сёння, 1 лютага, прадстаўніца грамадзянскага істца – БМЗ – падтвердзіла адмову ад грамадзянскага зыску. Былі аформленыя адпаведныя паперы.

Суддзя Ерафееў зрабіў перапынак і сыйшоў у дарадчы пакой. Прынятае рашэнне адмовіць у зыску БМЗ.

Далей суд разгледзеў хадайніцтва дзяржаўных СМІ аб вядзенні відэаздымкі ў судзе. Усе адвакаты і Повараў гэтае хадайніцтва не падтрымалі. Говар, Баброў і прадстаўніца БМЗ пакінулі рашэнне на меркаванне суда.

Рашэнне – адмовіць у хадайніцтве.

Прамаўляе абвінаваўца Аношка. Кажа, што Говар і Баброў віну прызналі цалкам, а Ігар Повараў віну не прызнае.

Пракурор выступае далей: здзейснілі арганізаваныя групавыя дзеянні, пры адсутнасці больш цяжкіх злачынстваў.

Просіць прызначыць пакаранне:

Ігару Повараву – пазбаўленне волі тэрмінам на тры гады ў калоніі агульнага рэжыму;

Аляксандру Баброву – пазбаўленне волі тэрмінам на тры гады ў калоніі агульнага рэжыму;

Яўгену Говару – пазбаўленне волі тэрмінам на тры гады ў калоніі агульнага рэжыму.

Баброва і Говара заключыць пад варту ў залі суда.

Адвакат Поварава звяртае ўвагу суда на той факт, што паміж сабой некаторыя абвінавачаныя не былі знаёмая ўвогуле. Так, Повараў быў на заводзе, але ён не арганізатар забастоўкі, у першых шэрагах ён не ішоў, лозунгаў не выкрыкваў. На відэа бачна, што Повараў падыйшоў да скрэпавоза пасля таго, як той прыпыніўся. І гэта не абвяргаецца відэазапісамі. Не было паміж абвінавачваемымі ніякага зговару і арганізаваных групавых дзеянняў. Адвакатка Поварава добра прааналізавала матэрыялы справы, даводзіць у судзе што Повараў не з’яўляўся арганізатарам і актыўным удзельнікам.

Адвакат Говара звяртае ўвагу на хібы ў абвінавачванні. Ен лічыць, што абцяжарваючых дзеянняў у Говара не было. Пакаранне, якое прапанаваў пракурор, несувымернае. Просіць перакваліфакаваць на актыўны ўдзел і прызначыць мінімальнае пакаранне.

Падобнага меркавання прытрымліваецца і адвакат Говара.

Апошнія словы абвінавачаных:

Повараў: «Катэгарычна адмаўляю, што знаходзіўся ў зговары. Шчыра раскайваюся. Мэтаў нашкодзіць  заводу не было. Прашу разабрацца і не пазбаўляць волі».

Говар: “Я цалкам прызнаю сваю віну і шчыра раскайваюся. Я сапраўды раскайваюся. Прашу жорстка не наказваць».

Баброў: “Віну прызнаю, раскайваюся, прашу жорстка не наказваць».

Абвешчаны прысуд: Ігару Повараву - 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, Аляксандру Баброву і Яўгену Говару - па два з паловай гады пазбаўлення волі.

Крымінальную справу ў дачыненні яшчэ аднаго ўдзельніка забастоўкі — Паўла Магідава — вылучылі ў асобную вытворчасць. Грамадзянін Расеі паспеў з'ехаць за мяжу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства