viasna on patreon

Справа Ісакава: за выкарыстанне балончыка супраць сілавікоў пракурор просіць шэсць гадоў калоніі Дапоўнена

2021 2021-02-03T14:57:19+0300 2021-02-04T08:00:34+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/isakau-01.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Арцём Ісакаў. Фота: "Віцебская Вясна"

Арцём Ісакаў. Фота: "Віцебская Вясна"

У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску 3 лютага адбылося чарговае паседжанне ў крымінальнай справе віцябляніна Арцёма Ісакава, абвінавачанага паводле арт. 364 КК («Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка ўнутраных спраў»).

Справу разглядае суддзя Сяргей Будрэвіч.

Па справе праходзяць дзевяць пацярпелых супрацоўнікаў міліцыі, якія на ранейшых пасяджэннях давалі свае паказанні. Ісакава абвінавачваюць ва ўжыванні пярцовага балончыку ў дачыненні да вышэйзгаданых супрацоўнікаў МУС.

Арцём Ісакаў быў затрыманы 25 кастрычніка ў межах адміністрацыйнага разбіральніцтва. За парушэнне закону аб масавых мерапрыемствах яго аштрафавалі на 10 базавых велічыняў. У межах крымінальнай справы знаходзіцца ў СІЗА ад 28 кастрычніка.

«Ніякіх пакут я не бачыла». На судзе за ўжыванне балончыку супраць міліцыянтаў выступіла сведка абароны

25 кастрычніка Арцём Ісакаў узяў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным масавым шэсці. Абвінавачанне сцвярджае, што Ісакаў не менш двух разоў “распыліў струмень пярцовага газу ў бок твараў і целаў міліцыянтаў Вайцяхоўскага, Іванова, Сянкевіча”.

 Сёння ў судзе адбыліся спрэчкі бакоў.

Дзяржаўная абвінаваўца Крысціна Мацвеева запрасіла для Арцёма Ісакава 6 гадоў пазбаўлення волі.

Адвакатка просіць апраўдаць Ісакава

У сваю чаргу, адвакатка Арцёма Ісакава звярнула ўвагу суду на супярэчлівыя паказанні пацярпелых і сведак-міліцыянтаў, на адсутнасць аб'ектыўных доказаў таго, што Ісакаў сапраўды нанёс ім сваімі дзеяннямі сурʼёзныя пашкоджанні, а таксама на тое, што не ведаў, супраць каго ўжывае балончык, бо міліцыянты былі ў цывільным і не прадстаўляліся. Апроч таго, па выніках экспертызы, сляды газу былі выяўленыя толькі на куртцы аднаго з міліцыянтаў. На шапцы, масцы, іншых дэталях адзення іх не знайшлі.

«Якім чынам Ісакаў мог вызначыць, што гэта супрацоўнікі міліцыі? Ніхто не сказаў, што хоць адзін з пацярпелых назваўся Ісакаву супрацоўнікам міліцыі, паказваў пасведчанне. І нават пры затрыманні, калі Ісакаў ляжаў на зямлі, ніхто не патлумачыў яму, у сувязі з чым ён затрыманы», – заявіла адвакатка.

«Ніхто не адмяняў Закону аб органах унутраных спраў, дзе дакладна прапісана, што пры затрыманні супрацоўнікі органаў мусяць прадставіцца. Адпаведна, казаць аб наяўнасці складу злачынства арт. 364, я лічу, наагул абсурдна», – падсумавала абаронца.

Яна папрасіла суд вынесці апраўдальны вырак і вызваліць Ісакава ў зале суду.

Ісакаў: Прынясу больш карысці грамадству на волі

Арцём Ісакаў часткова прызнаў сваю віну, але не пагадзіўся, што быў актыўным удзельнікам масавага мерапрыемства, мэты нанесці шкоду супрацоўнікам міліцыі ў яго не было.

«У СІЗА я быў у атачэнні забойцаў і наркаманаў, і мяне гэта вельмі гняце. Было цяжка. Лічу, што прынясу больш карысці грамадству і дзяржаве, знаходзячыся на волі», – сказаў у апошнім слове Арцём Ісакаў.

Прысуд будзе абвешчаны 4 лютага.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства