viasna on patreon

«Бліжэйшыя тры гады буду рабом». Вынесены прысуд у дачыненні да Івана Зубко

2021 2021-02-03T16:06:05+0300 2021-02-03T16:09:46+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/ivan_zubko-paslia_prysudu.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суддзя суда Заводскага раёна горада Мінска Дзмітрый Астапенка 3 лютага агучыў прысуд у дачыненні да Івана Зубко. Яго прызналі вінаватым у актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, што пацягнула парушэнне працы грамадскага транспарту (частка 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса РБ). Прысуд — тры гады абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Менавіта столькі прапаноўвала дзяржабвінаваўца Кунцэвіч.

Іван Зубко перад вынясеннем прысуду
Іван Зубко перад вынясеннем прысуду

У гэты тэрмін залічваецца тэрмін знаходжання Івана Зубко пад арыштам падчас следства — з 16 лістапада 2020 года да 3 лютага 2021 года з разлікам адзін дзень пад арыштам роўны двум дням "хіміі". Меру стрымання Івана змянілі на падпіску аб нявыездзе — і адпусцілі пасля вынясення прысуду.

Акрамя таго, у прысудзе ўлічылі права на задавальненне грамадзянскага пазову і пастанавілі перадаць гэтае пытанне на разгляд (гаворка ідзе пра шкоду «Мінсктрансу», якая раней была ацэнены ў 10 689 беларускіх рублёў). Пакуль пазоў не разгледжаны, на канфіскаваныя мабільны тэлефон і планшэт Івана накладзены арышт.

Нагадаем, Івана Зубко затрымалі 1 лістапада 2020 года падчас нядзельнага маршу. Пратэстоўцы выйшлі на праспект Незалежнасці, што і пацягнула, на думку абвінавачвання, прыпынак грамадскага транспарту і ўрон «Мінсктрансу». Абаронца Івана Зубко адзначала падчас спрэчкі бакоў, што праспект быў перакрыты і з-за спецаўтатранспарту супрацоўнікаў АМАП. Пра першы дзень судовага паседжання над Іванам чытайце тут:

“Ахвяраваў сабой дзеля іншых”. За блакаванне дарогі падчас маршу пратэсту судзяць Івана Зубко

У судзе Заводскага раёна горада Мінска 2 лютага прайшло судовае паседжанне па крымінальнай справе ў дачыненні да 25-гадовага кухара Івана Зубко. На працягу двух з палавой гадзін суд паспеў дапытаць абвінавачанага і сведак (частка з якіх не з'явілася), вывучыць пісьмовыя матэрыялы справы, выслухаць спрэчкі бакоў і апошняе слова Івана. "Вясна" падрыхтавала хроніку судовага паседжання.

«На бліжэйшыя тры гады стану рабом», — сказаў Іван Зубко, ацэньваючы прысуд.

Таксама Іван Зубко распавёў «Вясне» абставіны свайго затрымання па крымінальнай справе: калі ён 16 лістапада вярнуўся дадому пасля 15-сутачнага адміністрацыйнага арышту (вынесенага таксама за ўдзел у Маршы 1 лістапада), то «літаральна праз дзве хвіліны прыйшлі супрацоўнікі» — з тых часоў Іван заставаўся пад вартай.

Іван Зубко пасля вынясення прысуду
Іван Зубко пасля вынясення прысуду

Па падзеях 1 лістапада 2020 года была заведзеная адразу 231 крымінальная справа ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэстаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства