viasna on patreon

Каля двух дзясяткаў затрыманняў. Палітычны пераслед 1-3 лютага ў Беларусі Дапоўнена

2021 2021-02-04T11:00:00+0300 2021-02-04T11:21:45+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/shyla-uladzimir-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

1-3 лютага праваабаронцы "Вясны" працягвае фіксаваць факты палітычнага пераследу ў Беларусі: затрыманні, вобшукі і іншыя формы ціску на грамадзянаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў. 

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Пераслед 3 лютага

Салігорск

Раніцай каля будынку суда Салігорскага раёна, дзе другі дзень разглядаецца крымінальная справа супраць былога дэсантніка Руслана Акосткі, які 15 лістапада прайшоў амаль праз увесь горад з бел-чырвона-белым сцягам, затрымалі мясцовага актывіста Уладзіміра Шылу. На яго быў складзены пратакол па 17.1 КаАП — дробнае хуліганства.

shyla-uladzimir-1.jpg
Уладзімір Шыла. Фота: saligorsk.org

Мазыр

Па інфармацыі праваабаронцаў "Вясны" ў Мазыры ў межах крымінальнай справы за надпісы на заборах ў некаторых мясцовых жыхароў прайшлі ператрусы, у выніку якіх вынялі тэхніку, тэлефоны. Некаторыя з іх былі затрыманыя. Вядома пра пераслед у межах гэтай справы наступных мазырчан:

  • Наталля Балабанава;
  • Ліля Малыга;
  • яе муж Эдуард Малыга;
  • Ксенія (прозвішча ўдакладняецца).

Мінск

У Мінску ў сваёй кватэры пасля ператрусу затрымалі Арцёма Гайдучонка. Па папярэдняй інфармацыі, яго падазраюць у пагрозе забойствам прэзідэнта.

Таксама ў Мінску затрымалі 23-гадовага былога супрацоўніка МУС Сяргея Кавалевіча. Як паведамляюць яго блізкія, яго прывялі дадому ўжо ў кайданках, правялі ператрус, забралі ноутбук яго дзяўчыны. У чым яго падазраюць – пакуль невядома.

Брэст

Як паведамляе берасцейская "Вясна", у Маскве затрыманы антыфашыст з Брэста Андрэй Казіміраў, падазраваны ў масавых беспарадках па арт. 293 КК. Яго рыхтуюць да экстрадыцыі ў Беларусь, і не пускаюць адваката.

У канцы жніўня Андрэя Казімірава выклікалі ў СК г. Брэста і дапыталі па падазрэнні ва ўдзеле ў пратэстах 10 жніўня (арт. 293 КК). Тады яго адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Андрэй пакінуў Беларусь, асцерагаючыся пераследу.

Раніцай 14 студзеня Андрэй выйшаў на працу ў Маскве, але да яе не даехаў. Аказалася, Андрэй трапіў у ІЧУ ГУУС Масквы па справе аб масавых беспарадках у Брэсце, бо 5 лістапада СК па Брэсцкай вобласці абвясціў яго ў вышук. 22 студзеня яго паспрабаваў наведаць адвакат, але яго не дапусцілі ў ізалятар, спаслаўшыся на неабходнасць дазволу ад следчага.

3 лютага каля 9:40 раніцы ў Брэсце быў затрыманы Ігар Чыж. Яго даставілі ў Маскоўскае РАУС. Таксама ў Брэсце затрымалі Раман Шабуня.

Навагрудак

У Наваградку быў затрыманы Уладзімір Буйко.

Ліда

Праваабаронцам паведамілі пра затрыманне Аляксандра Лакцевіча.

Мар'іна Горка

У Мар'інай Горке ў межах крымінальнай справы затрыманая Яўгенія Брывач. Па папярэдней інфармацыі, гаворка ідзе пра абразу прадстаўніка ўлады. 

Рэпрэсіі абрынуліся на «Офіс па правах людзей з інваліднасцю»

Алег Граблеўскі і Сяргей Драздоўскі з «Офіса па правах людзей з інваліднасцю» некалькі гадзін 3 лютага знаходзіліся ў Следчым камітэце. Алегу выставілі абвінавачванне па артыкуле махлярства, цяпер ён затрыманы на 3 сутак. Сітуацыя з Сяргеем пакуль што не зразумелая, паведаміла ў «Фэйсбуку» праваабаронца Алена Танкачова. Па неправеранай пакуль інфармацыі ён знаходзіцца пад хатнім арыштам.


Пераслед 2 лютага

Брэст

Як піша "Белсат", берасцейская міліцыя пачала паляванне на жыхароў гораду, людзей забіраюць з уласных дамоў і бараў. Увечары берасцеец Алег Парфёнаў паехаў да сваіх сяброў у раён Дуброўка, маладзёны пастанавілі пасядзець у бары «Солад».

«А 20:15 у бар зайшлі чатыры працаўнікі Ленінскага РАУС і затрымалі Алега. Цяпер мы ведаем, што ён ІЧУ Ленінскага раёну Берасця, яго абвінавачваюць паводле артыкулу 23.34», – расказаў «Белсату» сябра Алега.

"Вясне" паведамілі пра затрыманне ў Брэсце таксама Дзяніса Чарнегеля і 18-гадовага Аляксандра Нікіціна.

Ліда

У лідскую краму «Хамелеон», якая прадае БЧБ-атрыбутыку, завітала міліцыя. На дырэктару крамы Крысціну Іванову склалі пратакол паводле артыкулу 23.34 КаАП. Продаж рэчаў з Пагоняй прыраўнялі да пікету.

Па інфармацыі "БАЖ", вызваленага тыдзень таму журналіста Юрася Дзешука з гораду Бярозаўка Лідскага раёна зноў затрымала міліцыя. З 20 па 23 студзеня ён прабыў у ізалятары часовага ўтрымання ў межах крымінальнай справы за інцындэнт у судзе пасля агалошвання прысуду Вітольду Ашураку, але потым журналіста вызвалілі. Цяпер на журналіста завялі адміністрацыйную справы па арт. 23.34 КаАП і прынялі рашэнне затрымаць да суда.

Мінск

Увечары каля 20:30 гадзін у ЖК "Магістр былі затрыманыя чатыры чалавекі. Сярод затрыманых – кандыдат фізіка-матэматычных навук, экс-выкладчык БДУІР Аляксей Рак (3 лютага яго асудзілі на 20 сутак), Віталь Рыбінскі (яго асудзілі на 15 сутак арышту).

У 8:30 раніцы забралі з дома два чалавекі ў грамадзянскай вопратцы Ягора Епіхава. Міліцыя не падцвярджала яго затрыманне.

У сталіцы пасля ператрусу затрымалі Андрэя Жаранкова.Таксама ў Мінску былі затрыманыя Андрэй Іваноў, Яўген Лазерка, Андрэй Суша, Ягор Цімакоў.


Пераслед 1 лютага

Па інфармацыі "Белсат", 1 лютага з уласнага дому міліцыянты забралі ў ІЧУ Вольгу Завадскую. Таксама вядома пра затрыманне Наталлі Цімошчанкай, Рамана Берасцені, Аляксандра Свігла і Ігара Ушакова. Як піша брэсцкая "Вясна", блізкім Свігла ў ІЧУ Ленінскага РАУС г. Берасця паведамілі, што затрыманне праведзенае ў рамках адміністрацыйнага працэсу. Можна меркаваць, што іншыя затрыманыя ў гэтыя дні знаходзяцца ў тым жа ІЧУ і ў дачыненні да іх вядзецца адміністрацыйная справа.


У Мінску пасля вобшуку была затрыманая Юлія Юхно. Яе пасля Заводскага РУУС адправілі ў ЦІП, але інфармацыі ў судзе пра яе няма.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства