“Цяжка даказваць што белае - гэта белае”. У Мінску вынеслі прысуд айцішніку Андрэю Пазняку
У судзе Кастрычніцкага раёна Мінска 5 лютага абвешчаны прысуд 28-гадоваму айцішніку Андрэю Пазняку. Яго абвінавацілі па крымінальным артыкуле за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт 342 КК РБ).
Справу разглядае суддзя Алена Жывіца.
Андрэя Пазняка затрымалі 11 жніўня на выхадзе з цырульні і даставілі ў Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй. Праз два дні, 13 жніўня, дзяржаўныя СМІ выпусцілі відэасюжэт "Беспарадкі ў Беларусі: затрыманыя некалькі каардынатараў акцый пратэсту — яны даюць паказанні", дзе паказалі Андрэя:
"Затрыманыя некалькі каардынатараў ў сталіцы. Адзін са стратэгаў стыхійных акцый арганізаваў штаб на 17-м паверсе гасцініцы "Беларусь". Адтуль ён з трыма памочнікамі, як мяркуе следства, кіраваў сотнямі пратэстоўцаў. З падазраваным працуюць следчыя".
Адвакат Андрэя Павел Піваварчык настойваў, што відэа было запісана пасля збіцця і пад ціскам.
"Пасля затрымання і дастаўлення ў будынак ГУБАЗіК МУС на вуліцы Рэвалюцыйнай, 3, некалькі чалавек яго збілі, потым уключылі відэакамеру і патрабавалі, каб ён прызнаўся, што арганізоўваў і ўдзельнічаў у масавых беспарадках. Здымалі чатыры разы, кожны раз удакладнялі, што ён павінен сказаць. У выніку запісалі нейкія ролікі і больш ніякіх дзеянняў з ім не праводзілі".
19 жніўня праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала Андрэя палітвязням і запатрабавала неадкладнага яго вызвалення.
На судовае паседжанне 5 лютага не з’явіўся сведка па справе Самсонік. Суддзя прапанавала працягваць паседжанне без яго. Пагадзіліся.
Адвакат пытаецца ў Пазняка:
- Учора зачытвалі заключэнне судмедэкспертызы - дзе і калі вам былі нанесеныя гэтыя траўмы?
- Адзінаццатага жніўня ў будынку ГУБАЗіК на Рэвалюцыйнай 3.
- Вас збівалі да або пасля відэазапісу, зробленага супрацоўнікамі ГУБАЗіК?
- Падчас.
- Хто збіваў, ведаеце?
- Не.
Суддзя ўдакладняе, ці падавалі заяву па факце збіцця? Адвакат кажа што падавалі 4 разы. Але заявы разглядаюць тыя супрацоўнікі, якія і збівалі.
Далей суд прыступіў да вывучэння пісьмовых матэрыялаў справы.
Пракурор пералічвае: айфон з сім-картай; флэшка з запісам па месцы пражывання за перыяд з 09.08 па 11.08; дыск з аператыўным відэа; дыск са злучэннямі тэлефоннай сувязі аператара МТС
Абвінаваўца кажа, што віна Пазняка па ч. 1 арт. 342 даказаная цалкам, Пазняк у ноч з 9 на 10 жніўня знаходзіўся ў раёне Стэлы; сведкі пацвердзілі ягоны ўдзел (Грышчанка, Філімонаў не дакладна, Самасюк); змякчальных і абцяжарвальных абставінаў не ўстаноўлена.
Патрабуе прызначыць пакаранне ў выглядзе абмежаванне волі на 3 гады, залічыць пры гэтым тэрмін знаходжання пад следствам, спагнаць сумы выдаткаў на экспертызы, арышт з аўтамабіля зняць.
Адвакаты звяртаюць увагу на грубыя працэсуальныя парушэнні: памылкі ў матэрыялах аператыўна вышуковай дзейнасці - санкцыя на праслухоўкі тэлефона ад 11 жніўня, а праслушка пачалася раней. Усе довады і доказы, якія прагучалі ў судзе - недапушчальныя. Відэазапіс зроблены з парушэннямі. Множныя цялесныя пашкоджанні ў Пазняка зафіксаваныя толькі праз 20 дзён. Таму Андрэй Пазняк павінен быць апраўданы.
Апошняе слова Андрэя Пазняка
Доказы маёй віны - гэта асабістыя званкі, паведамленні і сведкі. Трэба даказаць, што я нешта рабіў. Але цяжка даказваць што белае - гэта белае, бо яно і ёсць белае, а вы дакажыце, што яно чорнае.
Мае асабістыя гутаркі - і гэта незаконна было праслухана. Вазьміце любога чалавека і яго асабістыя размовы, можна ў кожнага знайсці шмат артыкулаў. Прашу мяне апраўдаць.
Суддзя Алена Жывіца агучвае прысуд: тры гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу.
Андрэя Пазняка адпускаюць з-за кратаў да ўступлення прысуду ў сілу, альбо абскарджвання прысуду.