У Юліі Слуцкай, Арцёма Сарокіна і яшчэ сямі палітвязняў з’явіліся еўрапейскія “хросныя”
Да кампаніі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі #WeStandBYyou, арганізаванай швейцарска-нямецкай праваабарончай арганізацыяй Libereco, далучыліся яшчэ дзевяць дэпутатаў парламентаў з некалькіх краінаў ЕС і Вялікабрытаніі. У кампаніі на дадзены момант удзельнічаюць ужо 139 парламентарыяў з Германіі, Швейцарыі, Ірландыі, Аўстрыі, Бельгіі, Нідэрландаў, Вялікабрытаніі, а таксама прадстаўнікі Еўрапарламента.
“Хросных” атрымалі Юлія Слуцкая, Кацярына Андрэева, Вітольд Ашурак, Арцём Сарокін, Сяргей Крыўчэня, Арцём Міцук, Кім Самусенка, Аляксандр Цярэшка і Уладзіслаў Гуліс.
Джым О’Калаган, дэпутат Дойл Эрэн, ніжняй палаты Ірландыі, стаў “хросным” Арцёма Сарокіна. Ён заявіў:
“Я падтрымліваю доктара Арцёма Сарокіна. Ён знаходзіцца ў зняволенні, таму што расказаў журналістцы, якая таксама апынулася за кратамі, пра прычыну смерці Рамана Бандарэнкі, які быў жорстка збіты міліцыяй і ў выніку памёр у бальніцы 12 лістапада 2020 года. Менавіта Сарокін абвергнуў ілжывую версію аб тым, што Раман памёр з-за траўмаў, атрыманых пры падзенні ў стане алкагольнага ап'янення”.
Дэпутат Еўрапарламента Бары Эндрус падтрымаў Сяргея Крыўчэню. Ён заявіў:
“Я падтрымліваю кампанію #WeStandBYyou. Я асуджаю працяг парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, рэпрэсіі супраць мірных дэманстрантаў і ў знак салідарнасці падтрымліваю палітычнага зняволенага Сяргея Крыўчэню. Хоць я вельмі вітаю прысуджэнне Еўрапейскім парламентам прэміі Сахарава дэмакратычнай апазіцыі ў Беларусі, гэтая ўзнагарода падкрэслівае, што працяг парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі патрабуе далейшай рэакцыі Еўрапарламента. Захады, зробленыя ЕС і дзяржавамі-удзельніцамі супраць рэжыму Лукашэнкі, недастатковыя. Трэба рабіць больш!”
Францыска Рызер, дэпутатка Швейцарскай нацыянальнай рады, стала “хроснай” Арцёма Міцука. З гэтай нагоды спадарыня Рызер заявіла:
“Я падтрымліваю людзей у Беларусі, якія працуюць на карысць справядлівай дэмакратыі, заснаванай на прынцыпах вяршэнства закона, а таксама дзеля свабодных і сумленных выбараў. Рэпрэсіўныя меры супраць мірных дэманстрантаў непрымальныя. Арцём Міцук удзельнічаў у мірных акцыях пратэсту пасля жнівеньскіх выбараў, якія не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Ён, як і многія іншыя, рэалізаваў сваё права на мірныя сходы і свабоду слова. За свой удзел дваццацігадовы хлопец быў затрыманы і да гэтага часу знаходзіцца ў СІЗА. Я патрабую неадкладнага вызвалення Арцёма Міцука”.
Марціна Мунц, дэпутатка Швейцарскай нацыянальнай рады, будзе “хроснай” Юліі Слуцкай. Яна заявіла:
“Я салідарная з людзьмі, якія выступаюць за свабоду слова, дэмакратыю, вяршэнства закона і правы чалавека. Я разам з прыгнечаным народам Беларусі і патрабую неадкладнага спынення гвалту, вызвалення ўсіх палітвязняў і правядзення новых сумленных выбараў пад міжнародным назіраннем. У прыватнасці, я патрабую вызвалення Юліі Слуцкай і бяру на сябе абавязак быць яе “хроснай”. Яна мужная журналістка, заснавальніца беларускага “Прэс-клуба” і прыхільніца свабоды слова.”
Дэпутатка Еўрапарламента Дэлара Бурхардт узяла шэфства над Кацярынай Андрэевай. Яна заявіла:
“Незалежнасць прэсы і абарона журналістаў у Беларусі не проста небяспечныя — крытыка ўладаў у медыях небяспечная для жыцця рэпарцёраў. Зняволенне журналісткі тэлеканала "Белсат" Кацярыны Андрэевай непрымальнае і падкрэслівае парушэнні законнасці з боку беларускага ўрада. Я патрабую неадкладнага вызвалення рэпарцёркі Андрэевай, якая ўтрымліваецца пад вартай з 15 лістапада 2020 года, і ўсіх астатніх палітвязняў!”
Шон Хогі, дэпутат Дойл Эрэн, ніжняй палаты Ірландыі, стаў “хросным” Вітольда Ашурка. З гэтай нагоды сп. Хогі заявіў:
"Я бяру шэфства над беларускім палітвязнем Вітольдам Ашуркам. Адзінымі яго «злачынствамі» былі выступы супраць шкоднай вытворчасці шклаваты і ўшанаванне паўстанцаў Каліноўскага”.
Мэры Сіры Керні, дэпутатка Сенад Эрэн, верхняй палаты парламента Ірландыі, стала “хроснай” Кіма Самусенкі. Сенатарка заявіла:
“Я разам з народам Беларусі і заклікаю вызваліць незаконна затрыманых зняволеных, уключаючы мужнага Кіма Самусенку.”
Ірландская сенатарка Івана Бачык падтрымала Аляксандра Цярэшку. Яна заявіла:
“Як сенатарка у ірландскім парламенце, я падтрымліваю беларускіх палітвязняў і з радасцю буду апекавацца Аляксандрам Цярэшкам, які знаходзіцца ў зняволенні з верасня 2020 года”.
Абавязкі “хроснага” Уладзіслава Гуліса ўзяў на сябе ірландскі сенатар Малкальм Бірн. З гэтай нагоды сп. Бірн заявіў:
“Я рады падтрымаць вязня сумлення Уладзіслава Гуліса, як і паказаць сваю падтрымку барацьбе за дэмакратыю, правы чалавека і вяршэнства закона, якая працягваецца ў Беларусі”.