viasna on patreon

На судзе па “справе Ціханоўскага” дапыталі ўчастковага Казлоўскага, які на пікеце 29 траўня апынуўся на зямлі Дапоўнена

2021 2021-02-08T20:00:00+0300 2021-02-09T21:33:34+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/milicioner-02-1024x736.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна 8 лютага працягваецца разгляд справы за інцыдэнт на выбарчым пікеце 29 траўня па так званай "справе Ціханоўскага". На лаве падсудных знаходзяцца трое з дзесяці фігурантаў крымінальных справаў за 29 траўня: Дзмітрый Фурманаў, Яўген Разнічэнка і Уладзімір Кніга. Пацярпелымі па справе прызнаныя чатыры супрацоўнікі міліцыі. На першы дзень суда з'явіліся толькі двое — Уладзімір Казлоўскі і Александр Хваленя, на наступны дзень планаваўся іх допыт. Але на суд яны не з'явіліся па прычыне таго, што "задзейнічаныя ў ахове грамадскага парадку ў сувязі з Хрышчэннем". Яшчэ двое пацярпелых амапаўцаў не з'явіліся на суд пра прычыне сесіі і хвароы. У судзе абвясцілі перапынак для забяспячэння яўкі ўсіх чатырох пацярпелых міліцыянтаў. Але і на трэцяе судовае паседжанне яны не з'явіліся. "Вясна" працягвае назіраць за гэтым судом.

Палітвязень Дзмітрый Фурманаў у судзе. Фота: spring96.org
Палітвязень Дзмітрый Фурманаў у судзе. Фота: spring96.org

Што адбываецца на судзе?

Нагадаем, Дзмітрыя Фурманава, Яўгена Разнічэнку і Уладзіміра Кнігу абвінавачваюць у актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак 29 траўня ў Гродне (ч.1 арт. 342 КК). Акрамя гэтага, Разнічэнку і Кнігу абвінавачваюць у гвалтоўных дзеяннях у дачыненні да міліцыянтаў (арт. 364 КК). Абвінавачаныя не прызнаюць сваёй віны па ўсіх эпізодах.

Справу разглядае суддзя Кастрычніцкага раёна Гродна Вольга Бекушава. Дзяржаўнае абвінавачванне па справе падтрымлівае старэйшы памочнік пракурора Гродна Мікіта Мыслівец. Па справе прызнаныя чатыры пацярпелыя міліцыянты. На суд у першы дзень з'явіліся толькі два пацярпелыя ад дзеянняў Разнічэнкі і Кнігі супрацоўнікі міліцыі — Уладзімір Казлоўскі і Александр Хваленя. Пацярпелыя супрацоўнікі АМАПу — Рахунок і Буднік — на суд не змаглі з'явіцца па прычыне хваробы і сесіі. Участковы Казлоўскі, які апынуўся 29 траўня падчас пікета на зямлі, на першым судовым паседжанні заявіў пазоў да Разнічэнкі аб кампенсацыі маральнай шкоды на суму 8 000 рублёў.

У першы дзень суда дапыталі палітзняволенага Дзмітрыя Фурманава, які распавёў, што 29 траўня проста збіраў подпісы на Савецкай плошчы, пасля чаго яго затрымалі. 

Трэці дзень суда

Ужо трэцяе судовае паседжанне чакаецца допыт пацярпелых міліцыянтаў. Але і 8 лютага на пачатак судовага паседжання яны не з'явіліся, бо нібыта не атрымалі апавяшчэння пра суд. Двое міліцыянтаў, Казлоўскі і Хваленя, паабяцалі прыйсці на наступнае паседжанне — ужо на чацвёртае судовае паседжанне. Начальнік АМАПаўцаў Рахунка і Будніка паведаміў, што тыя не прыйдуць на суд, бо "невядомая расстаноўка байцоў у гэты дзень".

«Значыць, у суседні будынак апавяшчэнне дайшло, а ў міліцыю — не», — адрэагавала на гэта суддзя Бекушава.

Пацярпелыя міліцыянты Уладзімір Казлоўскі і Аляксандр Хваленя. Фота: spring96.org
Пацярпелыя міліцыянты Уладзімір Казлоўскі і Аляксандр Хваленя. Фота: spring96.org

Згодна з абвінавачаннем, Разнічэнка схапіў Казлоўскага за тулава і паваліў яго на тратуарную плітку. Хваленю ён выцяў ня менш за два разы па нагах і ніжняй частцы тулава, а Казлоўскага не менш за два разы па тулаве невядомымі прадметамі. У выніку ў Хвалені быў пашкоджаны відэарэгістратар, а ў Казлоўскага — рукаў форменнага абмундзіравання і службовыя боты.

Суддзя прызначыла допыт Казлоўскага і Хвалені на 14:45.

На лячэнне міліцыянтаў патрацілі па 500 рублёў

Як паведамляе "Радыё Свабода", на судзе памянялі парадак даследавання доказаў. Пракурор Мікіта Мыслівец зачытаў пісьмовыя матэрыялы справы. Ён агучыў траўмы, якія зафіксавалі ў Фурманава на наступны дзень пасля затрымання: рана за вухам, крывападцёкі і ранкі на твары, у раёне рукі, пояса, калена.

«Як вы атрымалі пашкоджанні?» — запыталася суддзя ў Фурманава.

«Падчас затрымання на Савецкай плошчы. На вуліцы, а таксама, відаць, калі страціў прытомнасць у аўтобусе», — адказаў Фурманаў.

У Кнігі пасля затрыманьня зафіксавалі крывападцёк на вусе памерам 3×4 сантымэтры.

З матэрыялаў справы стала вядома, што на лячэнне міліцыянтаў Казлоўскага і Хвалені спатрэбілася амаль па 500 рублёў. Інфармацыю дала лякарня хуткай дапамогі. Колькі каштавала лячэнне Фурманава і Кнігі — не паведамілі.

Да таго ж пракурор зачытаў кошт рыштунку, які пацярпеў падчас інцыдэнту на плошчы: нарукаўнік з адзнакамі — 3 рублі 88 капеек, боты храмаваныя — 42 рублі 30 капеек, мэгафон — 30 рублёў 31 капейка. Рамонт дзвярэй мікрааўтобусаў, куды саджалі затрыманых, абышоўся амаль у 230 рублёў.

Да матэрыялаў справы, як стала вядома ад пракурора, далучылі відэазапісы, якія размяшчалі ў тэлеграм-канале «Беларусь головного мозга» (ягоны адміністратар Ігар Лосік 7,5 месяца знаходзіцца пад вартай), а таксама з тэлеграм-канала, які прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім. Ягоную назву дзяржаўны абвінаваўца зачытваў уголас.

Пацярпелыя міліцыянты просяць закрыць працэс

Як паведамляе блог Гродна s13.ru, суддзя зачытала хадайніцтва ад пацярпелых. У ім яны просяць правесці іх допыт у закрытым судовым пасяджэнні ў сувязі з тым, што "справа атрымала грамадскі рэзананс і ў іх адрас пачалі паступаць пагрозы".

"За мной пачалі ездзіць Людзі на аўтамабілях, стаяць каля пад'езда, варта, мае фота размясцілі ў телеграм-каналах і на навінавых парталах. Я напісаў заяву ва ўпраўленне ўласнай бяспекі, там праводзіцца праверка па гэтым факце", — растлумачыў Хваленя.

Казлоўскі падтрымаў і калегу, і яго хадайніцтва:

"У мой адрас пачалі паступаць пагрозы, пагражаюць фізічнай расправай, выклікаюць на паядынкі. Я напісаў заяву, па дадзеным факце ўзбуджаная крымінальная справа", — кажа пацярпелы.

Дзяржабвінаваўца іх падтрымаў. Абаронцы абвінавачаных папрасілі суддзю адхіліць хадайніцтва:

"Няма канкрэтных выпадкаў пагроз у хадайніцтве, няма дакладных дадзеных, довады галаслоўныя. У сувязі з гэтым лічу немагчымым праводзіць допыт у закрытым судовым пасяджэнні".

Суддзя адмовіла ў задавальненні хадайніцтва:

"Інфармацыя аб вас ужо з'яўлялася ў сеткі, закрыццё судовага паседжання выкліча яшчэ большую хвалю. Акрамя таго, ніхто не адмаўляе вам у праве звяртацца за абаронай у праваахоўныя органы", — сказала суддзя.

Допыт міліцыянта Казлоўскага, які апынуўся на зямлі падчас збору подпісаў 29 траўня 

На трэці дзень суду быў дапытаны старэйшы участковы інспектар грамадскага пункта аховы парадку № 2 (Ленінскі раён Гродна) старэйшы лейтэнант міліцыі Уладзімір Казлоўскі. Паводле версіі абвінавачвання, менавіта да яго Яўген Разнічэнка ўжыў гвалт.

"Ціханоўскі ўсяляк ігнаруе і правакуе з ёй канфлікт"

На судзе ён распавядае, што каля 20 гадзін па галоўнай радыёстанцыі міліцыі "паступіла каманда аб неабходнасці прыбыць на плошчу для правядзення тлумачальнай гутаркі грамадзянам". Казлоўскі разам з Александрам Хваленем [таксама пацярпелы па справе] адправіліся туды пешшу. Паводле ацэнкі міліцыянта, на Савецкай плошчы 29 траўня знаходзілася больш за 100 чалавек. Казлоўскі, паводле яго словаў, прыбыў для таго, каб растлумачыць людзям патрабаванні аб захаванні сацыяльнай дыстанцыі. Потым ён з калегам пачуў жаночыя гучныя галасы і крыкі. Яны вырашылі падысці і разабрацца, у чым справа:

"Падышлі, да нас звярнуліся жанчыны, якія растлумачылі, што ў Ціханоўскага адбываецца нейкі слоўны канфлікт з адной з жанчын, якая была апранутая ў кепку, з маскай на твары, а менавіта: задавала яму пытанні, а ён не хацеў адказваць на гэтыя пытанні. Далей мы вырашылі разабрацца і пайшлі на галасы. Стаў чутны голас Ціханоўскага і голас нейкай жанчыны. Мы пайшлі і ўбачылі раней незнаёмую нам жанчыну і Ціханоўскага, якія стаялі размаўлялі паміж сабой на падвышаных танах. Мы падышлі, прадставіліся, спыталі ў жанчыны, што адбываецца. Яна патлумачыла, што яна задае пытанні з нагоды сітуацыі Ціханоўскага, перадвыбарнай кампаніі яго жонкі, а Ціханоўскі ўсяляк ігнаруе і правакуе з ёй канфлікт, спрабуе сысці. З мэтай усебаковага разгляду мы вырашылі звярнуцца да Ціханоўскага, выслухаць яго меркаванне, што там адбывалася".

Па словах Казлоўскага, яго адразу абхапіў ззаду чалавек, потым яго ўдарылі ў бок у жывот, а пасля гэтага ён упаў на зямлю.

"Пасля ўдару ў скроневую вобласць я стаў губляць раўнавагу, гэта значыць мяне стала цягнуць назад"

З паказанняў міліцыянта на судзе стала зразумела, што першапачаткова асноўнай прэтэнзіяй міліцыі на выбарчым пікеце ў Гродне 29 траўня стала невыкананне сацыяльнай дыстанцыі, што патрабуе эпідэміялагічная сітуацыя з COVID-19. Казлоўскі распавёў, што адразу яны папярэджвалі ўсіх аб захаванні дыстанцыі праз гучнагаварыцель, потым проста прасілі ўсіх не тоўпіцца і апранаць маскі. 

"Калі мы падышлі да Ціханоўскага, то я ўбачыў, што ён стаў адыходзіць назад. Такім чынам, ён паспрабаваў схавацца ад натоўпу. Я з мэтай звярнуць яго ўвагу паспрабаваў схапіць яго за руку. Затрымліваць яго ніхто не збіраўся: толькі звярнуць увагу, каб згладзіць канфлікт. Я ўзяў яго за руку, у гэты момант сталі чутныя крыкі, воклічы з натоўпу, натоўп пачаў сціскацца. У гэты момант Ціханоўскі выхапіў руку, пасля чаго я адчуў удар у скроневую вобласць злева. Хто і чым мяне ўдарыў — я не бачыў. Гэта ўсё адбывалася вельмі хутка: за 10-15 секунд. Я знаходзіўся як быццам у шокавым стане. Калі я прыехаў у бальніцу, у мяне была шышка. На плошчы я адчуў боль. Пасля ўдару ў скроневую вобласць я стаў губляць раўнавагу, гэта значыць мяне стала цягнуць назад. Я адчуваў, што нешта мяне цягне назад. Чаму ў мяне перахапіла дыханне, стала цяжка дыхаць. Натоўп пачаў здушвацца — адчуванне, што мяне здушвалі. Я ўпаў, таму што нейкая сіла пачала мяне цягнуць. У гэтым момант я адчуў яшчэ дадаткова ўдар у жывот, пад рэбры. Калі я апынуўся на зямлі, то ўбачыў, што за мной знаходзіўся мужчына шчыльнага целаскладу, у кепцы, у скураной куртцы. Раней я гэтага мужчыну не бачыў", — распавядае ўчастковы Казлоўскі пра падзеі 29 траўня.

Пацярпела скура на службовых туфлях

Па словах участковага, яго калегу Хваленю натоўпам пачало "зносіць да цэнтра". Як лічыць Казлоўскі, іх хацелі раз'яднаць. Па словах участковага, з сабой у яго быў уключаны відэарэгістратар, але пакуль невядома, ці будзе відэазапіс з яго вывучаны ў судзе.

Казлоўскі патлумачыў, што адчуў фізічную боль два разы: падчас ўдару ў левую скронь і ў жывот:

"Я не магу сказаць ці былі гэта нейкія ўдары або рухі". 

Таксама ўчастковы заявіў у судзе, што ў выніку дзеянняў 29 траўня на Савецкай плошчы было пашкоджанае таксама яго форменнае абмундзіраванне: быў адарваны з левага рукава шыўрон, пашкоджаны службовыя туфлі.

"Апрануў новыя туфлі, атрымаў новыя туфлі. Падрапалі скуру. Гэта адбылося ў выніку бойкі: тапталіся па нагах, па асфальце дзесьці... На службу апрануў новыя туфлі".

Уладзімір Казлоўскі заявіў у судзе, што 29 траўня ён сам упаў на зямлю — ніхто яго не прытрымліваў у гэты момант. Пасля таго, як ён упаў, — натоўп разышлася. Ён распавёў, што ў гэты час Мікалай Салянік стаў гаварыць у гучнагаварыцель, што гэта правакацыя і каб натоўп "не вёўся на гэта", пачаў высмейваць гэта. 

Пасля гэтага, як расказвае Казлоўскі, людзі дапамаглі яму падняцца, аддалі шыўрон, правялі на алею, пасадзілі на лавачку, выклікалі хуткую. Потым "хуткая" даставіла ў БХМД. Там яму дыягнаставалі траўму жывата. Раней Казлоўскі таксама заяўляў, што ў выніку ўдару ў скроню, у яго ўтварылася шышка. З матэрыялаў справы стала вядома, што на яго лячэнне сышло амаль 500 рублёў.

"Нам паведамілі толькі, што будзе праходзіць пікет па зборы подпісаў"

На пытанне пракурора, як Казлоўскі зразумеў, што гэта Ціханоўскі, ён распавёў:

"Да падзей 29 мая я з'яўляўся прадстаўніком у судзе міліцыі Ленінскага раёна па разглядзе адміністрацыйнай справы па арт. 23.34 КаАП па факце ўдзелу грамадзян у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве на набярэжнай, калі Ціханоўскі браў інтэрв'ю ў грамадзян. Ён мне быў знаёмы па службовай дзейнасці". 

Тут жа Казлоўскі патлумачыў, што ён не ведаў, што Ціханоўскі будзе прымаць удзел у пікеце 29 траўня, аб гэтым не гаварылася і на інструктажы:

"Нам паведамілі толькі, што будзе праходзіць пікет па зборы подпісаў". 

Уладзімір Казлоўскі адмовіўся называць на пытанне адвакаткі прозвішча начальніка, які праводзіў інструктаж перад выбарчым пікетам 29 траўня ў Гродне. Казлоўскі не стаў паведамляць таксама, хто менавіта прысутнічаў на гэтым інструктажы. Вядома толькі, што, акрамя Хвалені і Казлоўскага, там было яшчэ некалькі супрацоўнікаў міліцыі. Таксама ён не мог патлумачыць, якія задачы ставіліся перад супрацоўнікамі міліцыі на пікеце 29 траўня.

Нагадаем, на першым судовым паседжанні Казлоўскі заявіў пазоў да Разнічэнкі аб кампенсацыі маральнай шкоды на суму 8 000 рублёў.

Наступнае судовае паседжанне прызначана на 9 лютага.

Храналогія суда:

Першы суд за інцыдэнт на пікеце 29 траўня ў Гродне: Абвінавачаныя не прызнаюць сваёй віны

У Гродне 18 студзеня пачаўся першы суд за інцыдэнт на выбарчым пікеце 29 траўня па так званай "справе Ціханоўскага". На лаве падсудных знаходзяцца трое з дзесяці фігурантаў крымінальных справаў за 29 траўня: Дзмітрый Фурманаў, Яўген Разнічэнка і Уладзімір Кніга.

paciarpelye_sud.jpg

Другі дзень суда па “справе Ціханоўскага”: Пацярпелыя міліцыянты не з'явіліся, бо яны "задзейнічаныя на Хрышчэнні"

У суде Кастрычніцкага раёна Гродна 19 студзеня працягняўся разгляд справы за інцыдэнт на выбарчым пікеце 29 траўня па так званай "справе Ціханоўскага". На лаве падсудных знаходзяцца трое з дзесяці фігурантаў крымінальных справаў за 29 траўня: Дзмітрый Фурманаў, Яўген Разнічэнка і Уладзімір Кніга.

Што адбылося на пікеце ў Гродне 29 траўня?

Нагадаем, вечарам 29 мая ў Гродне на плошчы Савецкай падчас пікету па зборы подпісаў за вылучэнне ў кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай быў затрыманы кіраўнік ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай яе муж Сяргей і яшчэ дзевяць яго прыхільнікаў. Сярод іх — абвінавачаныя Дзмітрый Фурманаў, Яўген Разнічэнка, Уладзімір Кніга.

Тады ў прамым эфіры «Страна для жизни» да блогера Сяргея Ціханоўскага з дакучлівымі пытаннямі і паводзінамі сталі прыставаць жанчыны. Многія потым заяўлялі, што гэта былі «жанчыны-правакатаркі». Калі Ціханоўскі зразумеў гэта, ён пачаў сыходзіць ад іх, на плошчы пачалася мітусня, гарадзенцы хацелі абараніць блогера ад "жанчын-правакатарак", у выніку чаго малады міліцыянт апынуўся на зямлі. Ён ляжаў, пакуль да яго не падышлі людзі ў цывільным адзенні і не дапамаглі сесці на лаву. Ім аказаўся старшы участковы інспектар грамадскага пункта аховы парадку № 2 (Ленінскі раён Гродна) старэйшы лейтэнант міліцыі Уладзімір Казлоўскі.

Hrodna.life паведамляў праз некалькі гадзін пасля інцыдэнту, што ў міліцыянта быў удар пярэдняй брушной сценкі, яго не шпіталізавалі. Таксама да ўрачоў звярнуўся другі нібыта пацярпелы міліцыянт, шпіталізацыя яму не патрабавалася.

Аднак ужо назаўтра, 30 траўня, МУС паведаміла, што абодва міліцыянты ляжаць у шпіталі. Як стала вядома Свабодзе, яны ляглі ў бальніцу не адразу пасля інцыдэнту, а праз нейкі час. 

Першапачаткова была ўзбуджаная крымінальная справа аб гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса. Аднак па заканчэнні 10-сутак ужо ў мінскім следчым ізалятары №1 семярым удзельнікам мерапрыемства было прад'яўленае абвінавачванне па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і звязаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, і ў актыўным удзеле ў такіх дзеяннях). Гэта справа атрымала назву "Справа Ціханоўскага".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства