viasna on patreon

Front Line Defenders занепакоеная затрыманнем Алега Граблеўскага і хатнім арыштам Сяргея Драздоўскага

2021 2021-02-08T14:06:08+0300 2021-02-08T16:32:45+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/frontlinedefenders_logo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Арганізацыя Front Line Defenders глыбока занепакоеная затрыманнем Алега Граблеўскага і хатнім арыштам Сяргея Драздоўскага, а таксама жорсткім абыходжаннем з імі падчас допыту, паколькі лічыць, што іх пераслед звязаны выключна з іх працай па абароне і прасоўванні правоў чалавека ў Беларусі.

Сяргей Драздоўскі — заснавальнік і дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю. З 2006 года Сяргей Драздоўскі працаваў у Беларускім таварыстве інвалідаў. У 1997 годзе стаў адным са стваральнікаў Асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў, а ў 2001 годзе ўзначаліў Асацыяцыю. Сяргей Драздоўскі выступаў экспертам у праектах Савета Еўропы і ў праграмах ААН.

Алег Граблеўскі — праваабаронца і юрыст грамадскай прыёмнай Офіса па правах людзей з інваліднасцю. Больш за 20 гадоў дзейнасць Алега Граблеўскага звязаная з арганізацыямі грамадзянскай супольнасці: ён аказваў прававую падтрымку ў рамках супрацоўніцтва з Таварыствам абароны правоў спажыўцоў, незалежнымі прафсаюзамі і праваабарончымі арганізацыямі, у тым ліку з Цэнтрам прававой трансфармацыі (Lawtrend).

Офіс па правах людзей з інваліднасцю — вядомая беларуская праваабарончая арганізацыя, якая працуе з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі. Арганізацыя прадастаўляе юрыдычную дапамогу і кансультацыі па пытаннях правоў людзей з інваліднасцю, лабіруе змены ў заканадаўства, праводзіць даследаванні і адукацыйныя мерапрыемствы, накіраваныя на змяненне стаўлення да людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў Беларусі. У тым ліку, дзякуючы велізарнай працы Офіса па правах людзей з інваліднасцю, Беларусь далучылася да Канвенцыі ААН аб правах інвалідаў.

3 лютага 2021 года праваабаронцаў і супрацоўнікаў Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргея Драздоўскага і Алега Граблеўскага затрымалі і дапыталі ў Следчым камітэце. Пасля допыту Алега Граблеўскага затрымалі на трое сутак, а Сяргея Драздоўскага змясцілі пад хатні арышт: ён пазбаўлены права на камунікацыю з кім-небудзь, акрамя свайго адваката.

Да затрымання праваабаронцы паспелі паведаміць, што Алег Граблеўскі падазраецца ў махлярстве. Сяргей Драздоўскі таксама знаходзіцца ў статусе падазраванага, але пакуль невядома, у здзяйсненні якіх супрацьпраўных дзеянняў яго падазраюць. Адвакаты праваабаронцаў знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошванні. Паводле паста Сяргея Драздоўскага ў Facebook, ціск на яго і яго калегу звязаны з тым, што Офіс правоў людзей з інваліднасцю аказваў дапамогу ў пошуку адвакатаў і атрыманні прававой падтрымкі, у тым ліку асобам, абвінавачаным паводле артыкула 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (Парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў).

1 лютага праваабаронцам патэлефанавалі з Дэпартамента фінансавых расследаванняў і запрасілі прыйсці ў Дэпартамент на наступны дзень і забраць частку канфіскаванага абсталявання. Калі 2 лютага Алег Граблеўскі і Сяргей Драздоўскі разам са сваімі адвакатамі прыбылі ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў, адвакатам не дазволілі суправаджаць сваіх кліентаў. У Дэпартаменце Алег Граблеўскі і Сяргей Драздоўскі падвергліся сямігадзіннаму допыту, на працягу якога праваабаронцам пагражалі, іх прыніжалі і абражалі. Алега Граблеўскага распранулі дагала і пагражалі расправай. Праваабаронцы не мелі магчымасці паўнавартасна рухацца на працягу доўгага допыту, што для людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў інвалідным вазку з'яўляецца жорсткім абыходжаннем.

21 студзеня на сайце Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь было апублікавана паведамленне аб правядзенні праверкі ў дачыненні да супрацоўнікаў Офіса па правах людзей з інваліднасцю ў рамках расследавання "магчымага неправамернага завалодання ў перыяд з 2020 года па цяперашні час грашовымі сродкамі, атрыманымі установай у выглядзе дабрачынных узносаў і міжнароднай дапамогі для мэт аказання дапамогі грамадзянам Рэспублікі Беларусь з інваліднасцю". У той жа дзень прадстаўнікі Дэпартамента правялі тры ператрусы: у офісе арганізацыі, у доме Сяргея Драздоўскага і ў доме бухгалтара арганізацыі Таццяны Крышталь. Падчас ператрусаў праваахоўнікі канфіскавалі тэлефоны, аргтэхніку і дакументы.

Судовы пераслед Алега Граблеўскага і Сяргея Драздоўскага рушыў услед за шэрагам судовых пераследаў і актаў рэпрэсій праваабаронцаў прадстаўнікамі праваахоўных органаў у Беларусі, якія пачаліся пасля абвяшчэння вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года.

Front Line Defenders выказвае занепакоенасць тым, што гэтыя дзеянні могуць аказаць стрымліваючы эфект на прасоўванне і абарону правоў чалавека ў Беларусі, а таксама могуць неспрыяльна ўздзейнічаць на стварэнне бяспечнага і спрыяльнага асяроддзя, у якім праваабаронцы могуць выконваць сваю працу.

Арганізацыя Front Line Defenders заклікае ўлады Беларусі:

  1. Прыняць усе неабходныя меры для забеспячэння неадкладнага і безумоўнага вызвалення Алега Граблеўскага і Сяргея Драздоўскага, паколькі пераслед выкліканы выключна іх законнай і мірнай праваабарончай дзейнасцю.
  2. Неадкладна спыніць судовы пераслед Алега Граблеўскага і Сяргея Драздоўскага і ціск на іх і на іншых супрацоўнікаў Офіса па правах людзей з інваліднасцю.
  3. Спыніць практыку затрыманняў і судовага пераследу праваабаронцаў у Беларусі.
  4. Прыняць меры для забеспячэння таго, каб дзяржаўныя службовыя асобы або іншыя грамадскія дзеячы ўстрымліваліся ад выказванняў або заяў, якія дыскрэдытуюць законную дзейнасць праваабаронцаў.
  5. Гарантаваць, што ўсе праваабаронцы ў Беларусі маюць магчымасць ажыццяўляць сваю законную праваабарончую дзейнасць у любых абставінах без абмежаванняў і без страху помсты, у тым ліку без рызыкі судовага пераследу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства