viasna on patreon

Хроніка палітычнага пераследу за 10 лютага Дапоўнена

2021 2021-02-10T13:40:29+0300 2021-02-11T12:06:39+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/malishevski_title.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Дзясятага лютага праваабаронцы "Вясны" працягвае фіксаваць факты палітычнага пераследу ў Беларусі: затрыманні, вобшукі і іншыя формы ціску на грамадзянаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў. 

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Мінск

Дадому да вядомага журналіста, кіраўніку дэпартамента камунікацый у "Альфа-Банку" Віктару Малішэўскаму прыйшлі супрацоўнікі ДФР (так яны прадставіліся). У кватэры праведзены ператрус, паведаміла яго жонка ў Facebook. Пасля ператрусу Віктар і яго сын засталіся на волі. Журналіст даў падпіску аб неразгалошанні, таму не можа падзяліцца падрабязнасцямі справы, у межах якой праводзіўся ператрус.

У 8 ранку ў кватэру да адміністратара тэлеграм-канала "Грушвилль" Дзмітрыя Сухенкі прыйшла міліцыя. Як паведамляе канал, Дзмітрыя затрымалі, а таксама забралі яго тэхніку.

У 17.00 на працоўным месцы быў затрыманы Андрэй Кароль, яго адвезлі ў Ленінскае РУУС, а пазней адправілі ў ІЧУ да суда. 

Таццяну Дабравольскую затрымалі дома, міліцыянты прыйшлі з ператрусам, забралі жанчыну і звезлі ў невядомым накірунку. 

Брэст

На працоўным месцы ў Брэсце была затрыманая Наталля Антончык. Дома ў жанчыны прайшоў ператрус, ёсць інфармацыя, што яе затрымалі ў межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках. Жанчыну змясцілі ў ІЧУ на 72 гадзіны. 

Столін

У Столінскай актывісткі Аксаны Дабрыянец з 10 гадзін раніцы да 15 гадзін дня міліцыянеры праводзілі ператрус у межах крымінальнай справы, узбуджанай па арт. 218 КК.

Аксане адмовілі ў допуску незалежных панятых, забаранілі відэаздымку, было адмоўлена ў адвакаце. Падчас ператрусу былі канфіскаваныя: майка, фенечка бчб, плёнкавы фотаапарат, плакат і 9 лістоў А4. Актывістцы пагражалі затрыманнем і адабраннем дзіцяці, затым выцягнулі з кішэні мабільны тэлефон са словамі "ператрус праведзены" і яго канфіскавалі.

Аксана Дабрыянец праходзіць па справе як сведка.

Ліда

Гарадзенскага актывіста Ежы Грыгенча затрымалі ў Лідзе на 72 гадзіны. Яго выклікалі позвай у мясцовы РАУС, прычыну выкліка не патлумачылі.

Актывіст 18 студзеня быў у Лідскім раённым судзе падчас вынясення прысуду палітзняволенаму Вітольду Ашурку, якога асудзілі на 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Неабгрунтаваны прысуд выклікаў абурэнне прысутных на судовым працэсе. Міліцыя ўжо выклікала для складання пратаколу больш за 10 чалавек, піша "Белсат".

Дуброўна

У Дуброўне ў чарговы раз затрыманы мясцовы актывіст Міхаіл Чамурака. Па папярэдняй інфармацыі, затрыманне адбылося ў межах крымінальнай справы. Інфармацыя ўдакладняецца. Таксама ў міліцыю выклікалі яго жонку Людзмілу Чамурака.

Светлагорск

Затрымалі і даставілі ў Светлагорскі РАУС Аляксея Блажэвіча. Ён на машыне падвозіў жонку Валера Найдзеніка, які адбывае 9 сутак па арт. 23.34, яны везлі перадачу. Аляксей паспеў паведаміць, што супрацоўнікі цікавяцца яго чатамі ў тэлеграме.

Барысаў

Паведамляюць пра затрыманні ў Барысаве:

"У 6 ранку пачаліся затрыманні. Затрымалі дома Камісаравых Ірыну і Аляксандра, мужа і жонку Фомчанка, уладальніцу салона "Ліса" Алену".

Верагодна затрыманне звязана з флэшмобам каля 17-ай школы Барысава, які адбыўся пару дзён таму.

Паставы

Журналіста "Белсат" Змітра Лупача затрымалі ў Паставах на тры гадзіны.

«Склалі пратакол па арт. 22.9 КаАП. Пратрымалі роўна тры гадзіны і далі позву. Суд у пятніцу. Вельмі выбачаліся, але загад. Далі зразумець, што працаваць мне не дадуць», - паведаміў Зміцер "Белсату".

Вінавацяць Змітра ў рыхтаванні сюжэту пра закрыццё трэнажорнай залы ў Паставах.

Віцебск

Як паведамляе "Віцебская Вясна", уначы з 9-га на 10-га лютага ў Віцебску адбыўся шэраг ператрусаў і затрыманняў. Паводле звестак праваабаронцаў, у горадзе і Віцебскім раёне прайшлі 9 начных вобшукаў, як мінімум чацвёра віцяблян затрыманыя і знаходзяцца зараз пад вартай. Меркавана, гэта была «зачыстка» перад так званым Усебеларускім народным сходам.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, увечары 9 лютага былі затрыманыя актывісты Аляксандр Мацяюк і Алег Баразна. Папярэдне, іх падазраюць ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага арт. 328 КК («Незаконны абарот наркотыкаў»).

У ноч з 9-га на 10-га лютага бадай адначасова ў Віцебску і раёне прайшлі шматлікія ператрусы. Санкцыі на начныя ператрусы даваў новы пракурор Віцебску Андрэй Шклярэўскі.

Падчас ператрусу ў пасёлку Ноўка Віцебскага раёну была затрыманая маці актывісткі Ангеліны Туравец Таццяна. Яе абвінавацілі ў непадпарадкаванні законным патрабаванням міліцыі (арт. 23.4 КаАП) і абразе службовай асобы (арт. 23.5 КаАП). 10 лютага суд Віцебскага раёну (суддзя Міхаіл Зубеня) прызнаў яе вінаватай па абодвух артыкулах і аштрафаваў на 30 базавых велічынь (870 рублёў). Аднак на выхадзе з судовай залы яе чакалі ажно 10 супрацоўнікаў Віцебскага РАУС і следчага камітэту. Таццяна Туравец была зноў затрыманая – цяпер на 72 гадзіны да выстаўлення абвінавачання ўжо паводле крымінальнага артыкулу (арт. 364 КК, «Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка УС»). Жанчына знаходзіцца пад вартай.

Таксама стала вядома пра затрыманне валанцёркі грамадскай арганізацыі YMCA («Хрысціянская супольнасць дарослых і маладых») Яўгеніі Пачэпкі.

Наваполацк

Артур Сінэга быў затрыманы ў Наваполацку за ўдзел у мітынгу 28 студзеня.

Будзе дапаўняцца

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства