viasna on patreon

"Следчы эксперымент праводзіўся з парушэннямі". У Гомелі працягваецца суд за БЧБ-сцягі, "выбухоўку" і карыкатуру

2021 2021-02-12T08:36:13+0300 2021-02-12T08:37:17+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zialkouski-02-kopija.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Яўген Зялкоўскі. Фота: Моцныя навіны.

Яўген Зялкоўскі. Фота: Моцныя навіны.

У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля 11 лютага працягваўся разгляд крымінальнай справы пра “выбухоўку”. На лаве падсудных  – 31-гадовы Яўген Зялкоўскі.  Яго вінавацяць у асабліва злосным хуліганстве па ч.3 артыкула 339 КК РБ, за што прадугледжаная крымінальная адказнасць у выглядзе пазбаўлення волі аж да 10 год.

Суд адбываецца ў закрытым рэжыме. Справу разглядае суддзя Алеся Осіпава.

32-гадовы Яўген Зялкоўскі абвінавачваецца ў тым, што па «матывах палітычнай варожасці і з хуліганскіх меркаванняў» вырабіў БЧБ-палотнішча, замацаваў яго на дрэўцы і 25 кастрычніка ўсталяваў у раёне вуліцы Хатаевіча. Па версіі следства, у паглыбленне ў зямлі ён змясціў самаробную  прылада, падобную на выбухоўку, каб падчас дэмантажу сцяга адбыўся накіраваны выбух, паведамляюць "Моцныя навіны".

Як мяркуе следства, у лістападзе Яўген Зялкоўскі ўсталяваў яшчэ адзін падобны сцяг на вуліцы Бранскай. На гэты раз ён размясціў побач скрынку, у якой знаходзіліся два падшыпнікі і карыкатура на АМАП.

Пракурор заявіў, што дзеянні Яўгена былі накіраваныя на дэзарганізацыю працы сілавых і іншых дзяржаўных структур, мелі на мэце дэстабілізацыю абстаноўкі ў краіне і груба парушылі грамадскія асновы і спакой грамадзян.

Аднак Яўген Зялкоўскі не прызнаў падобную кваліфікацыю сваіх дзеянняў. Ён растлумачыў, што хацеў адцягнуць увагу сілавікоў ад пратэстных акцый у горадзе, бо ад дзеянняў праваахоўнікаў ужо пацярпела шмат мірных грамадзян, у тым ліку — яго знаёмых.

Мужчына заявіў, што пры затрыманні не аказваў супраціву, але тым не менш да яго ўжываліся спецсродкі: пярцовы балончык, змесцівам якога яму залілі твар і вочы. Па словах Яўгена, па дарозе яму наносілі ўдары дубінкай, у АУС цягалі за ногі па калідоры і лесвіцы, ставілі ногі, абутыя ў берцы, на галаву, білі нагамі, патрабуючы назваць паролі ад тэлефона і месенджараў.

На сённяшнім пасяджэнні 11 лютага суд разгледзеў канфіскаваныя пры ператрусах запісы, на думку следства, якія сведчаць аб тым,што менавіта Яўген вырабіў прыладу, падобную да выбуховых. У запісах пералічаныя прадметы, неабходныя для гэтага, такія, як прыпой, джала паяльніка.

"Рабіў інсталяцыі з б-ч-б сцягамі і муляжамі выбуховак". Пачаўся суд над Яўгенам Зялкоўскім

Вечарам 15 лістапада ён паставіў на іншай пустцы бел-чырвона-белы сцяг, каля яго змясьціў скрынку, у якой былі два падшыпнікі і «карцінка». Вядома, што на «карцінцы» была карыкатура на АМАП.

Акрамя таго, быў прадстаўлены відэазапіс следчага эксперыменту: выпрабаванне  мадэлі прылады, якая была вырабленая і выкарыстаная Зялкоўскім пры ўсталёўцы сцяга ў раёне вуліцы Хатаевіча. На мінулым судовым пасяджэнні Яўген падкрэсліваў, што ён не толькі не выкарыстаў ніякіх выбуховых рэчываў, але і высыпаў змесціва з петарды, якая з'яўляецца часткай прылады.

Адвакат адзначыла, што следчы эксперымент праводзіўся з парушэннямі - не адпавядаў тым умовам, якія мелі месца ў рэальнасці.

"Я хачу звярнуць увагу Высокага суда на тое, што мой падабаронны імкнуўся максімальна мінімізаваць магчымыя наступствы ад дзеяння прылады, — падкрэсліла адвакат. - Менавіта таму ён высыпаў змесціва з петарды, менавіта таму закапаў прыладу ў зямлю".

На думку адваката, пласт зямлі заглушыў бы нават хлапок  пасля спрацоўвання прылады. Падчас следчага эксперыменту  прылада выпрабоўвалася на паверхні зямлі.

Адвакат хадайнічала аб запрашэнні на наступнае пасяджэнне суда эксперта ў галіне піратэхнічных прылад, які можа патлумачыць адрозненні ў дзеянні прылады ў розных умовах. Суддзя Осіпава па патрабаванні пракурора адхіліла гэтае хадайніцтва.

Адвакат паведаміла суду, што бокам абароны пададзеныя скаргі ў тры праваахоўных органа па факце нанясення цялесных пашкоджанняў Зялкоўскаму прадстаўнікамі сілавых структур.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства